Па звестках навукоўцаў людзі ў гэтых мясцінах пасяліліся яшчэ у 7 стагоддзі да нашай эры. Старажытнае паселішча было на мясцовай гары, якая зараз завецца «Дзявочая гара». На гары знаходзіліся старажытная курганы, якія ў 1987 годзе былі раскапаны археолагамі. Тут былі знойдзены срэбныя кольцы, шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, металічныя бранзалеты з канцамі ў выглядзе змяіных галоў, а ў самым вялікім з курганоў ляжаў толькі скелет мужчыны. Даволі цяжка дакладна вызначыць якое племя тут жыло, але хутчэй за ўсе яно адносілася да балцкай культуры штрыхаванй керамікі. Ёсць меркаванне, што назова гэтай гары паходзіць ад літоўскага слова “dievas” – бог, а гара раней была паганскім капішчам. На вяршыні гары ляжаў валун – “Адамаў камень”, побач з гарой былі тры крыніцы, якія выкарыстоўвалі ў культавых мэтах. Ёсць таксама меркаванне, што капішча было прысвечана паганскай багіні кахання і ўрадлівасці.

Адна з мясцовых легенд пра гэту гару была запісана і надрукавана у геаграфічным слоўніку каралеўства Польскага, які выйшаў у 1881 годзе. Паводле гэтай легенды, раней тут жыла прыгожая дзяўчына, у якую закахаліся два хлопцы. Каб вызначыць за каго з іх выходзіць замуж, дзяўчына загадала сапернікам закаціць на гару па валуну, а сама села наверсе гары. Хлопцы адначасова закацілі валуны на гару, але абодва адразу ж і памерлі ад разрыва сэрца. Калі мясцовыя жыхары даведаліся пра гэта, яны моцна раззлаваліся і жывой закапалі тую дзяўчыну ў яму на гары.

Менавіта на гэтым узвышшы праходзіць водападзел Чорнага і Балтыйскага мора: каля “Дзявочай гары” знаходзіца выток ракі Заходняя Бярэзіна, а каля суседняй гары Маяк бяруць пачатак рэки Вуша і Свіслач.

Упершыню ў летапісах Дубрава ўзгадваецца ў 1453 годзе, калі яно належала Глябовічам. Шляхцічы Глябовічы збудавалі тут першы касцёл. Пазней Глябовічы перайшлі з каталіцтва ў кальвінізм. Ян Янавіч Глябовіч нават запраcіў для выхавання сваіх дзяцей вядомага вучонага-кальвініста Яна Ласіцкага.

З сярэдзіны 16 стагоддзя Дубрава пераходзіць да Радзівілаў. У 1576 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка ўзводзіць тут новы касцёл. Гэты касцёл моцна пацярпеў падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-67 гг. і ў 1670 годзе быў адноўлены на сродкі Марцыбяліны Глябовіч. Глябовічы зноў уладарылі ў Дубрава да другой паловы 17 стагоддзя, калі яно перайшло да Сапегаў. У сярэдзіне 18 стагоддзя мясцовы касцёл зноў аднавілі, але ў 1787 годзе ён згарэў.

А ў 1791 годзе Дубрава стала ўласнасцю Адама Хмары – апошняга менскага ваяводы. Адам Хмара жыў у Сёмкава , дзе збудаваў сабе шыкоўны палац, а вось у Дубрава ён фундаваў пабудову новага касцёла.

Касцёл будаваўся па праекце итальянскага архитэктара Карла Спампані ў стылі класіцызм. Будаўніцтва пачалося ў 1796 годзе, а 3 чэрвеня 1805 года касцёл быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.  

У гэтым жа годзе памёр Адам Хмара і яго пахавалі ў сутарэннях касцёла, пазней там хавалі і іншых прадстаўнікоў роду Хмараў. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл зачынілі, а ў 1868 годзе ён быў перабудаваны і передадзены праваслаўным. За польскім часам, у 1919 годзе касцёл ізноў вярнулі каталікам, у 1926-29 гг. ён быў рэстаўраваны. У савецкі час у касцёл быў зачынены, а потым стаў складам. Дарэчы крыж з гэтага касцёла быў перавезены ў Краснае , яго і зараз магчыма ўбачыць побач з тамтэйшым касцёлам.

У 1980-х годах касцёл згарэў. Па чутках яго падпалілі студэнты, якія былі ў вёсцы на сезонных работах і зрабілі вогніша на столі старога касцёла. З тых часоў будынак касцёла стаіць у руінах.

Недалёка ад руін касцёла знаходзіцца магіла ксяндза Эдварда Мурончыка, які служыў у касцёле на працягу 10 гадоў. У кастрычніку 1942 года ксяндза расстралялі паліцаі – памочнікі фашыстаў.

Апошнімі ўладарамі Дубрава былі шляхцічы Ваньковічы, якім Дубрава перайшло ў 1895 годзе. У Дубрава яны пабудавалі сядзібны дом, які не дайшоў да нашых дзён. Ад гаспадаркі Ваньковічаў да нашых дзён захаваўся будынак бровара, які пабудаваны з бутавага каменю і мае рысы псеўдаготыкі. У савецкія часы ў будынку быў спіртзавод, які дзейнічаў да 1997 года.

З 1919 года Дубрава увайшло ў склад Польшчы. Калі будынак касцёла вярнулі каталікам, праваслаўныя пачалі будаваць тут драўляную царкву. Зямлю пад будынак выдзеліў Іосіф Раманавіч Радкевіч. У савецкія часы, з 1961 года царкву зачынілі і перарабілі пад склад, а ў 1993 годзе будынак вярнулі вернікам. Нядаўна будынак быў адрамантаваны, абкладзены цэглай і зноў асвечаны як царква Нараджэння Багародзіцы.

За польскім часам, па праграме Юзафа Пілсудскага тут была таксама пабудавана школа, драўляны будынак якой дайшоў да нашых дзён. А вось на новым будынку школы магчыма пабачыць шыльду ў гонар вядомага земляка – Бенедыкта Дыбоўскага, які нарадзіўся ў 1833 годзе ў маёнтку Адамарын недалёка ад Дубрава. Бенедыкт Дыбоўскі быў аднім з кіраўнікоў паўстання 1863 года за што быў сасланы на 15 гадоў у Сібір. Там ён даследваў флору і фауну і стаў знакамітым вучоным-біёлагам. З 1906 па 1930 годы Дыбоўскі нярэдка бываў у сястры ў Дубрава. Бенедыкт Дыбоўскі пражыў 97 гадоў і быў пахаваны ва Львове.

Фота: Ermolaev Alexey, Savochka Oleg