Кажуць, што назова паселішча паходзіць ад імя Сёмка (Сямён), але хто дакладна яго заснаваў – невядома. Па іншай версіі назова паходзіць ад цыфры сем – “Семкава”.

Калісьці праз Сёмкава праходзіў старажытны шлях з Менска на Вільню. На мясцовай гары стаяў драўляны замак, абнесены валамі. Падчас чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай замак быў зруйнаваны і ўжо не аднаўляўся.

У летапісах Сёмкава ўпершыню ўзгадваецца ў 16 стагоддзі як вёска з замкам. На той час Сёмкава належала Саламярэцкім – гэта старажытны княжацкі род герба Равіч, назова роду паходзіць ад маёнтка Саламярэчча на Міншчыне. Сёмкава ў той час звалося Сёмкава Саламярэцкае. У 1640 годзе Алена Саламярэцкая выйшла за кашталяна мсціслаўскага Багдана Статкевіча, а Сёмкава аддалі за ёю ў пасаг.

Пасля Статкевічаў тут пачалі ўладарыць Сапегі. Міхал Сапега быў лоўчым вялікага князя – сачыў за лясамі, дзе паляваў князь. На той час у Сёмкаве быў гаспадарчы двор, а таксама стаяў невялікі аднапавярховы сядзібны дом.

У 1755 годзе Міхал Сапега падарыў Сёмкава свайму вернаму памочніку і сябру Адаму Хмару. Адам Хмара паходзіў са збяднелай шляхты, але зрабіў добрую кар’еру. Спачатку ён быў менскім лоўчым, менскім падчашым, сакратаром малой пячаткі княства, а пазней стаў кашталянам, а потым і ваяводай менскім.

У 1757 годзе Адам Хмара набыў у Сапегаў маёнтак Зацань, які знаходзіўся недалёка, а вось Сёмкава ён вырашыў зрабіць сваёй галоўнай рэзідэнцыяй. Ён запрасіўітальянскага дойліда Карла Спампані і распачаў будаўніцтва палаца. Палац будаваўся з 1775 па 1780 год і меў рысы класіцызму з элементамі барока.

Фасад палаца быў упрыгожаны ляпнінай, інтэр’ер упрыгожвалі каміны з чорнага мармуру, драўляныя печі на разных драўляных ножках, залачоныя люстры. Галоўным памяшканнем была банкетная зала на 100 чалавек з галерэяй сямейных партрэтаў. Таксама ў палацы Адам Хмара сабраў была вялікую нумізматычную калекцыю і збор старажытных абразоў.

Палац наведваў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль застаўся ў гасцях у Адама Хмары на тыдзень, а гаспадар даў шыкоўны баль у гонар караля. Пазней пакой, дзе начаваў кароль, пачалі называць каралеўскім.

Па абодвух баках ад палаца былі пабудаваны флігелі-афіцыны. Правы флігель выкарыстоваўся для гаспадарчых мэтаў, а ў левым былі пакоі для гасцей, гувернёраў, настаўнікаў. Палац і флігелі разам утварылі даволі вялікі парадны двор ад якога ішла ўязная алея.

Вакол палаца быў разбіты парк у французскім стылі. Парк быў зроблены тэрасамі, якія на поўначы сыходзілі да ракі Чарнушкі, а на поўдні падымаліся на ўзгорак. У парку была аранжарэя, альтанкі, таксама былі выкапаны сажалкі.

Па словах мясцовых жыхароў з палаца вядзе падземны ход, на ягоны столь натыкаліся, калі рамантавалі мясцовы вадаправод.

Адам Хмара быў вельмі добрым гаспадаром. У Сёмкава ён акрамя палаца пабудаваў цагельню, млын, бровар, зерне са свайго маёнтка ён па рэках адпраўляў у Прусію. Адам Хмара надрукаваў працу по кіраванню маёнткам “Інструкцыя для аканома”, дзе ён дае парады пра арганізацыю гаспадаркі. Ён вельмі добра адносіўся да сялян, аб павазе да сялян піша ён і ў сваёй кнізе.

У 1791 годзе Адама Хмара фундаваў пабудову у суседняй весцы Сёмкаў Гарадок (а на той час Хмарын градэк) касцёла. Касцёл быў асвечаны ў гонар Наісвяцейшай Троіцы і Святога Станіслава ў 1802 годзе. Пазней касцёл быў перададзены уніятам, а пасля паўстання Кастуся Каліноўскага стаў праваслаўным. У гэтым храме вянчаліся бацькі Адама Багдановіча – Максім Багдановіча і Марыя Мякат. Храм доўгі час быў закінутым, а нядаўна быў адноўлены як царква Раства Багародзіцы. Падчас рэканструкцыі аднак быў сур’езна зменены знешні выгляд будынка і ён страціў арыгінальныя барочныя рысы.

Адам Хмара пражыў доўгае жыццё – 84 гады, але не меў дзяцей. Пахаваны ён быў у сутарэннях касцёла ў Дубрава — пабудову гэтага храма ён фундаваў. Пасля смерці Адама Хамры ў 1805 годзе Сёмкава перайшло да ягонага брата Іахіма, а пасля і да сына Іахіма – Гілярыя. Пасля Гілярыя Сёмкава належала ягонаму ўнуку Адаму, які гаспадарый тут да 1889 года, а вось апошнім уладаром Сёмкава быў Рамуальд Хелкоўскі. Пры Хелкоўскіх гаспадарка яшчэ пашырылася, у 1902 у Сёмкава быў пабудаваны вінакурны завод, які вырабляў да 30000 вёдраў спірту за сезон. У 1905 годзе на гэтай вінакурні рабочым працаваў Іван Луцэвіч – будучы паэт Янка Купала. Да нашых дзён у перабудаваным выглядзе дайшлі некаторыя будынкі вінакурнага завода.


Фота: Кісцерны Кірыл, Савачка Алег