Назова Жырмуны мае балцкае паходжанне і паходзіць верагодна ад прозвішча Жырмунт.
Жырмуны ўпершыню ўзгадваюцца ў 1217 годзе ў летапісы “Манументы Германіка”. А вось ужо больш дакладная ўзгадка датуецца 1413 годам, калі Жырмуны былі ўласнасцю Яна Бутрыма. Дарэчы якраз у 1413 годзе падчас Гарадзельскай уніі Ян Бутрым сярод 47 іншых баяр атрымаў свой уласны герб “тапор”. Пасля смерці Яна Бутрыма тут уладарыў ягоны сын Юрый, а ў 1437 годзе тут ужо былі два гаспадары: Юрый Бутрым і Канрад Кучук, якія разам пабудавалі першы мясцовы касцёл.
Пазней тут уладарылі Кучукі, якія парадніліся з родам Кішкаў, а ў 1513 годзе Жырмуны атрымаў у пасаг за сваёй нявестай Барбарай з роду Кішкаў Юрый Мікалаевіч Радзівіл. Юрый Радзвіл меў мянушку “Літоўскі Геркулес” і “Юры-пераможца”, таму што браў удзел і перамагаў у 30 бітвах, быў таленавітым ваеначальнікам. Дачка Юрыя і Барбары, якую звалі таксама Барбара, стала вялікай княгіняй і польскай каралевай – жонкай Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Пасля Радзівілаў у Жырмунах уладарылі Кіжгайлы, Гаштольды, Забярэзінскія, Глябовічы, Завішы. Ян Завіша ў 1624 годзе фундаваў пабудову тут новага касцёла. А вось на пачатку 18 стагоддзя паселішча зноў вярнулася да Радзівілаў. Дзякуючы намаганням Радзівілаў Жырмуны ў 1724 годзе атрымалі Магдэбургскан права. Радзівілы вырашылі пераўтварцыць Жырмуны ў адну са сваіх рэзідэнцый і пабудаваць тут палацавы комплекс. Дарэчы палац у Жырмунах праектаваўся, але так і не быў пабудаваны.
У першую чаргу была пастаўлена двухпавярховая уязная брама. Рэшткі брамы захавалася да нашых часоў. Дарэчы ў 2018 годзе рухнула значная яе частка.
Па абодва бакі ад брамы былі пабудаваны флігелі. У адным з гэтых флігеляў спыняліся і жылі самі Радзівілы. Да нашых дзён захаваліся рэшткі правага флігеля.
Што датычыцца левага флігеля, то ён захаваўся значна лепей, таму што за савецкім часам у ім была школа.
Недалёка ад свайго двара, ля шляху на Ліду, Радзівілы паставілі калону, якую мясцовыя жыхары называюць “калонай Святога Яна”, бо раней на ёй была скульптура гэтага Святога.
У 1789 годзе Караліна Радзівіл на старым месцы пабудавала новы драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа. Касцёл у стылі класіцызм будавалі мяцовыя майстры па праекце Яна Падчашынскага – вучня прафесара архітэктуры Віленскага універсітэта Лаўрына Гуцэвіча, які быў галоўным архітэктарам у Радзівілаў. Дарэчы падчас працы ў Жырмунах у Яна нарадзіўся сын Карл, якога ахрысцілі ў мясцовым храме. Ён таксама стаў знакамітым беларускім архітэктарам.
Жырмунскі касцёл амаль не перабудоўваўся і ніколі не зачыняўся. У касцёле знаходзіцца арган, які старэйшы за сам касцёл.
У другой палове 19 стагоддзя Жырмуны былі цэнтрам воласці Лідскага павета. Тады тут уладарылі Тышкевічы, а потым Шванябахі. Пад канец 19 стагоддзя тут было 196 жыхароў, дзейнічала школа, валасное ўпраўленне, паштовая станцыя, крама, дзве карчмы, вадзяны млын, вінакурня.
За польскім часам Жырмуны былі цэнтрам гміны Лідскага павета. Апошнімі ўладарамі мястэчка былі шляхцічы Ельскія.
Фота: Кісцерны Кірыл