Назова гэтага паселішча верагодна паходзіць ад імя Віс, нашчадкі якога пачалі зваць сябе Вістычы.
Вістычы вядомы ў пісьмовых дакументах з 15 стагоддзя. У 1471 годзе берасцейскі стараста Ян Насута фундаваў тут пабудову касцёла. На той час гэта было сяло Берасцейскага староства Трокскага ваяводства. Дарэчы, у 2006 годзе падчас святкавання 535-годдзя вёскі на галоўным скрыжаванні ў Вістычах быў усталяваны вялікі дубовы крыж, зроблен мясцовый майстрам.
Ад Насутаў Вістычы па кудзелі перайшлі да Яна Забяжынскага, а ў 1510 годзе – да маршалка дворнага Юрыя Ільініча. Потым тут уладарылі Абрамовічы, Масальскія, Юзафовічы. Жонка Яна Юзафовіча Ганна Катовіч пасля ягонай смерці ў другі раз пабралася шлюбам з берасцейскім ваяводай Юрыем Тышкевічам, так Вістычы ў 1566 годзе патрапілі да Тышкевічаў.
У 1678 годзе Еўстафій Тышкевіч заснаваў тут кляштар і запрасіў манахаў-цыстэрыянцаў. Цыстэрыянцы заснавалі тут мужчынскі кляштар, адзін з двух на тэрыторыі Беларусі.
Пасля пажару ў сярэдзіне 18 стагоддзя манахі-цыстэрыянцы распачалі тут будаўніцтва новага мураванага касцёла, які быў асвечаны ў 1748 годзе ў гонар Святой Сафіі. Будынак касцёла мае рысы італьянскага барока з ужываннем мясцовых асаблівасцей. Пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў зачынены, а ў 1866 годзе перароблены пад царкву. Гэта і зараз гэта Крыжаўздзвіжанская праваслаўная царква.
Падчас рамонту ў сутарэннях храма былі знойдзены 23 чалавечыя астанкі, яны былі перапахаваны ў тых жа сутарэннях. Раней у храме захоўваўся цудадзейны Абраз Маці Божай Вістычскай, да якога ішлі паломнікі з усёй акругі. Падчас чарговых войн абраз знік, невядома дзе ён зараз.
Вядома, што калісьці да абраза прыходзілі бацькі Юліяна Нямцэвіча, калі ён у дзяцінстве моцна захварэў. Хлопчык вылечыўся, а ягоны бацька Марцэлій Нямцэвіч ва ўдзячнасць паставіў у Вістычах калону-каплічку.
Каменная калона, якая датуецца 18 стагоддзем і сапраўды стаіць недалёка ад касцёла. Калісьці наверсе калоны была мармуровая статуя Дзевы Марыі, якую ў 1950-х гадах скінулі ўніз і затапілі ў рэчцы Лясная.
Дарэчы, Юліян Нямцэвіч бываў у касцёле ў Вістычах амаль на ўсе святы, таму што жыў побач у маёнтку Скокі. Юліян Нямцэвіч стаў вядомым грамадскім і палітычным дзеячом, быў ад’ютантам Тадэвуша Касцюшкі. Акрамя таго ён быў таленавітым пісьменнікам, напісаў шмат мемуараў, дзе апісаў у тым ліку Вістычы.
Пасля Тышкевічаў Вістычы патрапілі да Стэткевічаў, а потым да Ягмінаў. Пад канец 18 стагоддзя тут уладарыў Павел Ягмін, які быў камісарам Берасцейскага ваяводства, а потым маршалкам кобрынскім. Ён прымаў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, а пасля паразы паўстанне не стаў з’язджаць з радзімы і застаўся ў Вістычах. Дзяцей ён ня меў, таму перад смерцю ў 1808 годзе перапісаў гэты маёнтак на сына свайго брата Каэтана — Паўла Ягміна.
Павел Ягмін быў маршалкам шляхты Берасцейскага павета. Ён быў у шлюбе з Канстанцыяй Шастаковай, якая нарадзіла яму 18 дзяцей, але толькі 6 з іх дасягнулі паўналецця.
У Вістычах Павел Ягмін пабудаваў шыкоўны мураваны палац. Вакол палаца быў закладзены пейзажны парк, у якім была камяніца для гасцей, альтанкі, уязная брама. У парку была выкарыстана водная сістэма, якую заклалі яшчэ манахі-цыстэрыянцы. Таксама на ўскрайку парка раней размяшчалася капліца-пахавальня роду Ягмінаў. Гэтыя будынкі да нашых дзён не дайшлі.
Ад палаца да нашых дзён захаваліся толькі падмуркі. Засталіся старыя фотаздымкі палаца:
Манахі-цыстэрыянцы жылі ў Вістычах да 1832 года. Яны нават вырошчвалі вінаград і выраблялі тут сваё віно. Падчас паўстання 1831 года яны падтрымалі паўстанцаў, таму пасля паразы паўстання кляштар быў зачынены, а манахі высланы. Зараз ад кляштара цыстэрыянцаў засталіся толькі рэшткі сцен.
Брат Паўла Фелікс Ягмін быў ротмістрам Курляндскага палка. Ён прыняў удзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага, быў камандзірам коннага раз’езда Рамуальда Траугута. Далейшы ягоны лёс пасля паўстання невядомы. А вось Паўла Ягміна расійскія ўлады за ўдзел брата ў паўстанні вымусілі перадаць вляікую частку маёнтка дзяржаве.
Пасля Паўла Ягміна ў Вістычах уладарыў ягоны сын Станіслаў Ягмін. У 1890 годзе ў Вістычах было адкрыта народнае вучылішча. На пачатку 20 стагоддзя Станіслаў прадаў Вістычы Феліцыі Тышкевіч, якая стала апошняй уладальніцай гэтага маёнтка. Падчас Першай Сусветнай вайны маёнтак быў моцна пашкоджаны і ўжо не аднаўляўся.
Фота: Кісцерны Кірыл