Адносна назовы гэтага паселішча ёсць некалькі версій. Па адной з іх назова паходзіць ад князя Тура. Па іншай – ад магутнай рагатай жывёліны – тура, якія раней жылі ў гэтых мясцінах.

Тураў – адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. Упершыню ён узгадваецца ў 980 годзе ў “Аповесці мінулых гадоў” як уласнасць легендарнага князя Тура.

Тураўскае княства мела пэўную самастойнасць, але знаходзілася ў васальных адносінах з Кіевам. Так першым дасканала вядомым тураўскім князем стаў трэці па старшынству сын кіеўскага князя Уладзіміра – Святаполк.

У 988 годзе, падчас Хрышчэння Русі князем Уладзімірам, у Тураве здарыўся цуд. Паводле падданняў, па Дняпры з Кіева, супраць плыні, сюды прыплылі каменныя храсціянскія крыжы, а воды Прыпяці набылі чырвоны колер. Так у Тураве было прынята хрысціянства.

У 1005 годзе Святаполк заснаваў Тураўскую епархію, якая была другой старажытнейшай на Беларусі.

З 1015 года, пасля смерці свайго бацькі, Святаполк Уладзіміравіч вёў доўгую барацьбу са сваімі братамі за кіеўскі прастол. Лічыцца, што по ягоным загадзе былі забіты ягоныя браты Барыс, Глеб і Святаслаў, за гэта яго пачалі зваць “Акаянным”.

Пасля смерці Святаполка ў 1019 годзе Тураўскае княства ўваходзіць у склад Кіеўскай Русі, дзе княжыць Яраслав Уладзіміравіч. Каля 1052 года, пасля смерці Яраслава, Тураў зноў атрымлівае трэці па старшынству сын кіеўскага князя – Ізяслаў. Ён заняў кіеўскі прастол, пасля быў скінуты з гэтай пасады сваімі братамі Святаславам і Усеваладам, а ў 1078 годзе падчас барацьбы за Валынскае княства быў забіты. Пасля ягонай смерці Тураў стаў уласнасцю Яраполка – сына Ізяслава.

Яраполк працягнуў барацьбу за Валынскае княства з мясцовымі князямі і сваім дзядзькам Усеваладам – кіеўскім князем. Нарэшце, каля 1087 года, валынскія князі даслалі забойцу і да яго. Пасля Яраполка Туравам пачаў княжыць ягоны брат Святаполк, які таксама быў Ноўгарадскім князем. Ягонай жонкай была візантыйская царэўна Варвара, якая дарэчы заснавала ў Тураве Варварынскі жаночы манастыр і жыла ў ім пасле смерці мужа.

У 1093 годзе Святаполк заняў кіеўскі прастол. На з’езде рускіх князёў у Любечы ў 1097 годзе ён зацвердзіў Тураўскае княства (з гарадамі Тураў, Пінск, Слуцк і іншымі) як сваё спадчыннае ўладанне.

Пасля смерці Святаполка ў 1113 годзе кіеўскі прастол заняў Уладзімір Манамах, які пакінуў за сабой і Тураўскае княства, якое страціла самастойнасць. Каля 1125 года, пасля смерці Уладізіміра Манамаха, Тураўскае княства зноў атрымаў трэці па старшынству ягоны сын Вячаслаў. Далей Тураў некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі падчас барацьбы Вячаслава з братамі і пляменнікамі за кіеўскі прастол.

У першай палове 12 стагоддзя ў Тураве нарадзіўся вядомы царкоўны дзеяч і асветнік Кірыла Тураўскі. Ён паходзіў з арыстакратычнай сям’і, ягоны бацька служыў Святаполку. Кірыла яшчэ у маладосці пастрыгся ў манахі і стаў адным з першых на гэтых землях “стоўпнікаў”. Каля 1169 года Кірыла быў прызначаны тураўскім епіскапам і займаў гэтую пасаду не пазней за 1184 год, калі ягоным пераемнікам стаў епіскап Лаўрэнцій, які таксама быў вядомы як пустэльнік і асветнік. Кірыла Тураўскі ўжо пры жыцці стаў вядомы на Русі сваімі літаратурна-рэлігійнымі творамі: словамі, прытчамі, пасланнямі, яго называлі Златасловам. У нас час вядома 8 слоў-сказанняў, 2 прытчы, каля 30 спавядальных малітв, створаных Кірылай. У 1993 годзе на Замкавай гары ў Тураве быў усталяваны помнік у гонар Кірылы Тураўскага.

Дарэчы, у гады жыцця Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх, у Тураве ўжо існаваў Барысаглебскі манастыр. Да сярэдзіны 12 стагоддзя ў ім служыў кухарам, а потым прыняў манаства яшчэ адзін свяціцель — Марцін Тураўскі. Звесткі пра свяціцеля Марціна вядомы з “Слова аб Марціне мніху”, запісанага сучаснікамі, а магчыма і самім Кірылай Тураўскім.

Аднойчы у келью да хворага старца Марціна прыйшлі на дапамогу два маладых чалавекі і вылечылі яго. Толькі потым старац пазнаў у іх святых пакутнікаў Барыса і Глеба. Пасля гэтага ён і сам пачаў лячыць людзей. Перад смерцю ён сказаў: “Магілу маю згубіце, але укажу вам, дзе ляжу, і служыць буду…”

Барысаглебскі манастыр праіснаваў у Тураве больш за два стагоддзі, а пасля прыйшоў у заняпад. З цягам часу на месцы манастара з’явіліся праваслаўныя Барысаглебскія могілкі. З 1990-х гадоў на гэтых могілках былі знойдзены два каменныя крыжы, які лічацца святымі і растуць з пад-зямлі.

Кажуць, што крыжы кожны год павялічваюцца ў памерах ва ўсіх напрамках. Лічыцца, што крыжы паказваюць месцы пахавання Марціна Тураўскага, пра якое ён казаў, а таксама могуць паказваць месца, дзе стаяў “стоўп” Кірыла Тураўскага.

У 1158 годзе ў Тураве адбыліся падзеі, які дасканала апісаныя ў летапісах. Кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч на чале аб’яднанага войска шасці князёў падышоў да Турава і 10 тыдняў трымаў яго ў аблозе, а абаронай горада кіраваў тагачасны ягоны ўладальнік Юрый Яраславіч – унук Святаполка Ізяславіча. Нарэшце войска Ізяслава Давыдавіча не дабілася поспехаў і сышло, а Тураў адстаяў сваю самастойнасць і незалежнасць. Трэба адзначыць, што горад на той момант ужо меў добра ўмацаванае гарадзішча, якое складалалася з двух частак на двух пагорках: дзяцінца з землянымі валамі і драўлянымі сценамі, а таксама акольнага горада, таксама абнесенага сценамі. З бакоў дзяцінец бараніла рэчка Язда, якая злівалася з ракой Струмень – прытокам Прыпяці. Пазней гэтае месца пачалі называць Замкавай гарой. Замкавую гару, падзеленую на дзве часткі, магчыма пабачыць у Тураве і зараз.

У Юрыя Яраславіча было 5 сыноў. Пасля ягонай смерці (недзе паміж 1167 і 1174 гадамі) сыны Святаполк, Іван і Глеб ўладарылі ў Тураве, а сын Яраслаў адзяліў асобнае Пінскае княства.

У другой палове 12 стагоддзя ўладарамі Турава быў пабудаваны першы мураваны праваслаўны храм. Вялікі трохнефны трохапсідны сабор меў архітэктуру, блізкую да іншых вядомых на гэтых землях храмаў – Сафійскіх сабораў Кіева, Полацка і Ноўгарада. Храм быў пабудаваны з тонкай цэглы-плінфы. Падмуркі храма былі раскапаны падчас археалагічных даследванняў у 1963 годзе, даследваннні праходзілі таксама ў 1992 годзе. Тады было высветлена, што храм меў слабы падмурак для такога збудавання і быў разбураны падчас землятрусу з цэнтрам у Карпатах у 1230 годзе. У 2005 годзе над падмуркамі храма быў узведзены спецыяльны ахоўны купал і створаны краязнаўчы музей.

На працягу 13 стагоддзя амаль невядома аб падзеях Тураўскага княства. Тураўскія князі ўзгадваюцца толькі як удзельнікі сумеснага пахода на полаўцаў у 1204 годзе, а ў 1243 годзе – пахода на літоўскага князя Трайдзена. У другой палове 13 стагоддзя на тэрыторыі тураўскага замка была пабудавана цагляная вежа валынскага тыпу (падобная да вежы ў Камянцы), якая прастаяла прыкладна да 1830-х гадоў.

На пачатку 14 стагоддзя Тураўскае княства было канчаткова ўключана ў склад Вялікага княства Літоўскага Гедымінам. Гедымін надаў Тураўскае княства свайму сыну Нарымунту. З 1430 года тут уладарыў вялікі князь літоўскі Свідрыгайла. На той час гэтыя землі ўваходзілі ў Трокскае ваяводства, якое было створана ў 1413 годе.

З канца 15 стагоддзя Тураў належаў князям Глінскім. У 1508 уплывовы прадстаўнік роду Міхал Глінскі, які меў Тураў сваёй галоўнай рэзідэнцыяй, распачаў мяцеж супраць вялікага князя Жыгімонта І. У змове з Маскоўскай дзяржавай ён пачаў захопліваць усходнія землі Вялікага княства Літоўскага. Са сваім атрадам ён рушыў на Мазыр і захапіў яго, таксама далучыў Гомель, Крычаў, дамовіўся падтрымкі князей Друцкіх і Мсціслаўскіх. Але паўстанне у тым жа годзе пацярпела паразу, Міхал Глінскі ўцёк у Маскву, а ягоныя землі былі адабраны.

З 1508 года Тураў стаў уласнасцю вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, вядомага сваёй перамогай у бітве пад Воршай 1514 года. Ёсць звесткі, што Канстанцін Астрожскі надаў тураўскай Прэабражэнскай царкве фундуш на зямельныя ўладанні. У 1990-я гады у гонар Канстанціна Астрожскага каля тураўскай Усесвяцкай царквы быў усталяваны памятны знак.

Пасля Канстанціна Астрожскага тут уладарылі ягоныя нашчадкі. Пры Астрожскіх на Замкавай гары ў Тураве была адноўлена крэпасць. У 1521 годзе яна вытрамала нападзенне крымскіх татар. З 1566 года Тураў знаходзіўся ўжо у складзе Берасцейскага ваяводства, быў цэнтрам воласці. Роду Астрожскіх ён належаў да 1620 года.

У 1595 годзе праз Тураў прайшлі паўстанцы Севярына Налівайкі і пры падтрымцы мясцовых жыхароў захапілі горад. Паўстанцы разбурылі і захапілі іншыя палесскія гарады Давыд-Гарадок, Пінск, але ў 1596 годзе паўстанне было задушана войскамі Рэчы Паспалітай.

Падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага ў 1648 годзе тураўцы таксама падтрымлівалі мяцежнікаў, у войску Хмяльніцкага былі ваяры з Турава і “палкоўнік Тураўскі” Пракоп Цэўка. У 1649 годзе войска гемана Януша Радзівіла рушыла на Палессе для барацьбы з паўстанцамі. Першы ўдар быў нанесены на Тураў, які быў узяты і спалены, потым войска Радзівіла пайшло на Мазыр.

А ужо ў 1655 годзе Падчас вайны Рэчы Паспалитай з Маскоўскай дзяржавай Тураў быў захоплены рускім войскам на чале з Дзмітрыем Валконскім, якое, аднак, у хуткім часе было вымушана пакінуць горад.

Падчас усіх гэтых падзей Тураў моцна пацярпеў, колькасць жыхароў зменшылася амаль у тры разы, рамествы і гандаль прыйшлі ў заняпад.

Пасля Астрожскіх Тураў належыў Сапегам, Патоцкім, а потым Салагубам. Салагубі мелі графскі тытул, таму ў 18 стагоддзі гэтыя ўладанні называюцца ўжо Тураўскім графствам. Частка маёнтка ў той жа час належала дзяржаўнай казне.

Падчас Другога Падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Тураў у складзе Пінскага павета ўвайшоў у Расійскую Імперыю. У 1795 годзе Тураў быў мястэчкам ужо Мазырскага павета Мінскай губерніі. На той час тут было каля 500 дамоў, 7 цэркваў, сінагога, гасціны двор.

У 1793 годзе граф Ян Салагуб прадаў свае уладанні англійскай акцыянернай кампаніі Піта і Форстэра, якая пачала тут актыйна высякаць і прадаваць лес, асабліва старыя дубы. Пасля скаргі на гэта ў 1800 годзе спецыяльным указам Паўла І маёнтак быў адабраны ў кампаніі ў казну. Іншая, раней казённая частка Турава, дарэчы ўжо належала рускаму генералу Селябіну, якому была перададзена за добрую службу.

Каля 1810 года на тураўскіх могілках была узведзена драўляная царква ў гонар Усіх Святых (Усесвяцкая царква). Гэта адзіны стары храм, які зараз захаваўся у Тураве. У царкве знаходзяцца два старыя каменныя крыжы. Па легендах гэта менавіта тыя крыжы, які прыплылі супраць плыні з Кіева.

Падзеі вайны 1812 года напрамую не закранулі Тураў, але сталі прычынай голада на Палессі. Ёсць звесткі, што да 1817 года насельніцтва зменшылася тут амаль на палову ў параўнанні з 1812 годам.

У 1834 годзе ў Тураве здарыўся пажар, які знішчыў большую частку мястэчка і цэрквы акрамя Прэабражэнскай, Ільінскай і Усесвяцкай.

У 1861 годзе Турай стаў цэнтрам воласці, якая была ўтворана ў складзе Мазырскага павета.

У 1865 годзе ў Спаса-Прэбражэнскай царкве былі знойдзены 10 аркушаў “Тураўскага евангелля”, створанага ў 11 стагоддзі – самага старажытнага рукапіснага помніка хрысціянскай культуры на нашых землях.

У 1886 годзе ў Тураве налічвалася 370 двароў і каля 1200 жахароў, былі 3 праваслаўныя цэрквы, капліца, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы,  2 млыны. Два разы на год тут праходзілі кірмашы: летні Петрапаўлаўскі і зімовы на Усеядную нядзелю.

На пачатку 20 стагоддзя ў Тураве актыўна развіваюцца рамёствы і прамысловасць. Тут дзейнічае мукамольная фабрыка, паравы млын, цагляны завод памешчыка Нарэйкі, лесапільныя і бандарныя цэхі. Гандаль ідзе ў асноўным праз тураўскую прыстань на Прыпяці, па раке Тураў меў параходную сувязь з Мазыром, Петрыкавам, Пінскам.

У 1909 годзе ў Тураве налічвалася 6435 жыхароў і 675 двароў. У 1913 тут быў адкрыты помнік імператару Аляксандру ІІ і меліся планы паставіць помнік у гонар Кірылы Тураўскага, але гэтыму перашкодзіла Першая Сусветная вайна.

У 1924 годзе Тураў стаў цэнтрам раёна, а з 1938 года гарадскім пасёлкам. У 1962 годзе Тураў страціў статус раённага цэнтра і ўвайшоў у Жыткавіцкі раён.

У 2004 годзе Тураў зноў атрымаў статус горада. А ў 2013 годзе адбылося ўрачыстае асвячэнне кафедральнага сабора Свяціцелей Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх.

 
Фота: Кісцерны Кірыл