Гэтае паселішча вядома з 17 стагоддзя, калі яно было ўласнасцю роду Завішаў. У 1690 годзе Ганна Завіша пабралася шлюбам з Пятром Тарноўскім. Менавіта ён заклаў тут двор, якому даў назову Тарноўшчына. Дарэчы, ягоная прозвішча паходзіць ад польскага слова tarnina, што ў перакладзе азначае цярноўнік.
Пасля Пятра Тарноўскага Ганна выйшла замуж ў другі раз за смаленскага кашталяна Крыштафа Шчыта, але Тарноўшчына засталася ва ўласнасці Завішаў. У 1711 годзе Барбара з роду Завішаў пабралася шлюбам з наваградскім ваяводай Мікалаем Фаустынам Радзівілам. Пасля смерці Мікалая і Барбары Тарноўшчына стала ўласнасцю іх сёмага сына Станіслава Радзівіла, а потым ягонага старэйшага сына Мікалая Радзівіла. У 1808 годзе ён заклаў маёнтак Тарноўшчына за 10 000 залатых дукатаў і 130 000 польскіх злотых шляхцічу Тадэвушу Андрэйкавічу. У 1811 годзе Мікалай Радзівіл памёр, а ягоныя нашчадкі за 16 гадоў не здолелі выкупіць маёнтак.
У 1824 годзе сын Мікалая – Міхал Радзівіл судзіўся з Тадэвушам Андрэйкавічам, але справу праіграў і Тарноўшчына перайшла да Андрэйкавіча. Сын Тадэвуша – Юліян Андрэйкавіч прадаў маёнтак Канстанціну Кашыцу.
Канстанцін быў сынам знакамітага паўстанца 1831 года Юзафа Кашыца. Юзаф Кашыц у 1831 годзе ўзначаліў паўстанцкі атрад на тэрыторыях Наваградскага і Слонімскага паветаў і дабіўся пэўных поспехаў. Атрад Кашыца вызваліў вязняў з турмы ў Наваградку, захапіў мястэчка Беліца. Пасля паразы паўстання Юзаф быў вымушаны пакінуць радзіму і іміграваць у Францыю. Ён быў у шлюбе з Соф’яй Раецкай і ў іх было 3 сыноў: Караль, Юліуш і Канстанцін.
У сярэдзіне 19 стагоддзя Канстанцін Кашыц прыехаў на Беларусь і набыў Тарноўшчыну. Канстанцін прыняў удзел у паўстанні 1863 года, ён стаў цывільным начальнікам Наваградскага павета. Пасля задушэння паўстання Канстанціна арыштавалі і выслалі ў Казанскую губернію. Тарнова ў яго не канфіскавалі, але вымусілі прадаць у 1866 годзе палкоўніку рускай арміі, ад’ютанту Мураўёва, Дзмітрыю Маўрасу.
Дзмітрый Маўрас у 1876 годзе атрымаў графскі тытул, а ў 1879 годзе выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта пасля 30 гадоў службы ў рускім войску. З гэтага часу ён пасяліўся ў Тарнова і жыў у сядзібным доме, які пабудаваў тут яшчэ Канстанцін Кашыц.
А вось у 1884 годзе Дзімітрый Маўрас пачынае будаўніцтва тут палаца па праекце віленскага архітэктара Вікенція Горскага. Палац уяўляе сабой асіметрычны ў палне двухпавярховы будынак з чатырох’яруснай вежай са ўсходняга боку. Будынак мае рысы стыляў мадэрн і неарэнесанс. Зараз у палаца размяшчаюцца жылыя кватэры.
Пры Маўрасах у Тарнова была вялікая гаспадарка. З тых часоў тут захавалася стайня для коней, якая пабудавана ў адным стылі з палацам. Недалёка знаходзіцца і некалькі дамоў для прыслугі. Захаваліся таксама рэшткі лядоўні з цікавым фасадам, якія знаходзяцца па алеі насупраць палаца.
Вакол палаца Маўрасамі быў створаны парк. А вось на поўнач ад палаца, на ручаі, які ўпадае ў раку Дзітву, былі выкапаны дзве сажалкі. На адной з іх раней стаяў вадзяны млын. За сажалкамі таксама знаходзяцца гаспадарчыя пабудовы. Сярод гэтых пабудоў асаблівую цікавасць мае будынак старога ветранога млына. Ён быў збудаваны з валуноў у канцы 19 стагоддзя. Будынак мае круглую форму, а дыяметр ягонай асновы складае 11,5 метраў. Зверху будынка раней знаходзіўся драўляны шацёр, які паварочваўся на ветру. Млын дзейнічаў да 1960-х гадоў.
У 1890 годзе памерла жонка Дзмітрыя Маўраса – Кацярына Іванаўна з роду Сімонічаў. Тады Дзмітрый пачаў будаўніцтва ў парку капліцы-пахавальні. Капліца была збудавана ў гатычным стылі з трох’яруснай званіцай і была асвечана ў 1892 годзе святаром з Радзівонішскай царквы. У 1896 годзе тут быў пахаваны і сам Дзімтрый Маўрас, а потым і ягоныя нашчадкі. За савецкім часам капліца была разбурана.
У Зміцера і Кацярыны былі чатыры дачкі і адзін сын. Сын Мікалай Маўрас і стаў наступным уладаром Тарнова. На пачатку 20 стагоддзя ў маёнтку было 3384 дзесяцін зямлі і працавала больш за 300 сялян. Тут дзейнічала народнае вучылішча, дзе ўжо пад канец 19 стагоддзя было 40 вучняў. Тарнова на той час было цэнтрам воласці, але валасная ўправа знаходзілася ў суседніх Гарцянах.
Мікалай Маўрас памёр у 1911 годзе і Тарнова перайшло да ягонай сястры Лізаветы. У першым шлюбе яна была за шляхцічам Сімонічам, а ў другім – за Скосаравым. Апошнімі ўладарамі Тарнова былі курляндскія бароны Кехлі.
У 1921 годзе Тарнова ўвайшло ў склад Польшчы і стала цэнтрам гміны. З 1939 Тарнова ў складзе Заходняй Беларусі ўвайшло ў БССР. Тады на базе былой панскай гаспадаркі тут быў створаны племенны саўгас па гадоўле буйной рагатай жывёлы.
Фота: Кісцерны Кірыл