Калісьці гэтае паселішча звалося Скідал ад старажытнага балцкага слова “скідас”, што ў перакладзе азначае шчыт.
На гэтым месце быў велікакняжацкі двор заснаваны яшчэ пры Вітаўце. А вось у летапісах Скідзель упершыню ўзгадваецца ў 1501 ці 1508 годзе. У 2008 годзе у гонар 500-годзя горада на галоўнай плошчы быў усталяваны помнік пад назовай “клёкат буслоў”.
У 16 стагоддзі Скідзель быў цэнтрам воласці да якой належалі тры войтаўства. Але паселішча тады было зусім невялікім, на плошчы ў 12 прутоў (1 прут – каля 23 квадратных метраў). Тут быў двор, гаспадарчыя пабудовы, а таксама два млыны на рэчцы Скідзялянка. Скідзель быў каралеўскім уладаннем, а ў 1615 годзе тут пачынае ўладарыць знакаміты беларускі род Радзівілаў.
27 ліпеня 1674 года кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV Ваза выдаў прывілей на закладанне тут мястэчка і правядзенне ў Скідзелі таргоў два разы на тыдзень і кірмашоў – двойчы на год. Усе, хто сяліліся тут, былі пазбаўлены ад падаткаў на 4 гады. За гэты час трэба было пабудаваць хату і гаспадарчую пабудову і пачаць займацца рамяством. Дзякуючы гэтаму Скідзель праз пэўны час стаў буйным рамесніцкім і гандлёвым цэнтрам. З цягам часу рамёствамі і гандлем пачалі займацца ў асноўным яўрэі, якія складалі большасць жыхароў мястэчка.
У 1765 годзе ў Скідзелі кіраваў гродзенскі стараста Антоній Тызенгауз. Ён паспрабаваў перавесці мясцовых жыхароў, якія апрацоўвалі зямлю і не займаліся рамёствамі, у разрад сялян і пазбавіць іх вольнасцей. Але яны паскардзіліся на гэты каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і адстаялі свае правы вольных месцічаў.
Пасля ІІІ Падзелу Рэчы Паспалітай Скідзель увайшоў у склад Расійскай імперыі, а ў верасні 1795 года імператрыца Кацярына ІІ парадавала яго Калеце Чацвярцінскай – удаве Антона Святаполк-Чацвярцінскага. Калета Чацвярцінская разам са сваімі сынамі Канстанцінам і Георгіем заклала тут парк, а ў парку пабудавала сядзібны дом. Ён не дайшоў да нашых часоў, але яго магчыма пабачыць на малюнку Напалеона Орды:
Парк часткова захаваўся, у ім магчыма сустрэць экзатычныя дрэвы: хвою веймутаву, ліпу каралінскую і іншыя. Пры ўваходзе ў парк Канстанцінам Чацвярцінскім пад канец 19 стагоддзя была пабудавана брама з двума вежамі розная вышыні. Брама захавалася да нашых дзён і з’яўляецца бадаў галоўным сымбалем Скідзеля.
На ўскрайку парка каля рэчкі Чацвярцінскія ў 1870 годзе пабудавалі радавую капліцу ў стылі неаготыкі. У сутарэннях капліцы былі пахаваннні прадстаўнікоў роду. Пазней капліца стала касцёлам Узнясення Дзевы Марыі , а за савецкім часам касцёл быў зачынены і разрабаваны. У 1990-я гады касцёл быў адноўлены і зноў пачаў дзейнічаць.
У канцы 19 стагоддзя на мясцовых могілках была таксама пастаўлена драўляная царква. Зусім нядаўна ў храме быў рамонт і яго абклалі цэглай, таму ён страціў свой аўтэнтычны выгляд.
У 1905 годзе ў Скідзелі нарадзіўся Пятро Сяўрук, які стаў беларускім паэтам і культурным дзеячом. Тут ён стварыў гурток “таварыства беларускіх школ”, а пазней быў абраны кіраўніком гродзенскага таварыства. За яго нацыянальна-асветніцкую дзейнасць яго неаднаразова арыштоўвалі польскія ўлады. Пятро Сяўрук пражыў толькі 24 гады, пахаваны ён быў на скідзельскіх могілках. Ягоныя верші былі апублікаваны толькі праз 60 гадоў пасля смерці ў часопісе “Полыме”дзякуючы Янку Брылю.
Са Скідзела паходзіць і паэт Міхась Васілёк. Ён таксама быў змагаром за беларускую мову і культуру за польскім часам. У 1939 годзе ён быў мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у нямецкі палон, дзе разам з Янкам Брылём вёў патрыятычную працу, а пасля ўцёк і стаў сакратаром скідзельскага падпольнага антыфашысцкага камітэта.
Трэба адзначыць, што яшчэ ў 1939 годзе скідзельцы ўзнялі паўстанне польскіх уладаў. Быў створаны лятучы атрад, які раззброіў і арышатваў мясцовую паліцыю і перадаў уладу ў гміне “рэвалюцыйнаму” камітэту да прыходу савецкіх войскаў у Скідзель.
Фота: Кісцерны Кірыл