Назова горада верагодна пайшла ад літоўскага слова ragas, што ў перакладзе азначае “алтар ці святыня”.
Побач з Рагачовам знаходзяцца шматлікія старажытныя курганы, якія датуюцца ад ІІ тысячагоддзя да нашай эры. Некаторы гісторыкі ў 19 стагоддзі нават называлі гэтае месца сampa santa – могільнік знаці, таму што па легендзе скіфы прывозілі сюды на пахаванне сваіх князёў.
Упершыню ў летапісах Рагачоў узгадваецца ў Іпацеўскім летапісе ў 1142 годзе. Рагачоў быў заснаваны на гары, недалёка ад месца дзе зліваюцца Дняпро і Друць. Ён уваходзіў у склад Чарнігаўскага, а потым Тураўскага княства, а з 13 стагоддзя увайшоў у Вялікае княства Літоўскае і стаў уласнасцю Даўмонта. На гары калісьці стаяў замак князя Даўмонта, а гара і дагэтуль завецца Замкавай.
З 14 па 18 стагоддзі Рагачоў быў цэнтрам рагачоўскага староства. З 15 стагоддзя ён належыў князю Івану Яраслававічу, а потым перайшоў да ягонага сына Фёдара Іванавіча. У пінскага князя Фёдара Іванавіча і яго жонкі Алены не было дзяцей і яны падарылі Рагачоў вялікаму князю Жыгімонту І. Жыгімонт бываў у Рагачове, а пасля свайго шлюба з Бонай Сфорцай падараваў ёй горад.
Пры каралеве Боне ў Рагачове на Замкавай гары быў пабудаваны замак. Замак меў стратэгічнае значэнне. На замкавай тэрыторыі быў палац, флігелі. У 16 стагоддзі тут была таксама пабудавана уніяцкая царква. У царкве былі партрэты ўсіх князёў Вялікага княства Літоўскага.
У 1654 годзе падчас вайны замак быў спалены. Потым яго аднавілі, а ў 1750-60-я гады ён быў абнесены земляным валам з ровам. Да 1780-х гадоў замак канчаткова скончыў сваё існаванне.
Падчас Першага падзела Рэчы Паспалітай Рагачоў увайшоў у склад Расійскай імперыі. З 1777 года ён стаў цэнтрам павета.
У 1781 годзе Рагачоў атрымаў герб – залаты рог барана на шчыце ў залатым полі, верагодна таму, што горад знаходзіцца на рагу двух рэк: Дняпра і Друці.
У 1783 годзе у Рагачове быў пабудаваны драўляны касцёл бернардынцаў. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ён быў зачынены і з цягам часу cтрухнеў.
Напрыканцы 18 стагоддзя Рагачоў стаў адным з буйных цэнтраў на Дняпры. Тут пачала развівацца лясная прамысловасць, з’явіліся розныя прадпрыемствы, арцелі.
Падчас паўстання 1831 года рагачоўцы не падтрымлівалі паўстанцаў. Нягледзячы на гэта падзеі паўстання дайшлі і дасюль, таму што тут быў знойдзены скарб з “мяцежнымі” ці “рэвалюцыйнымі” манетамі, які былі адчэканены варшаўскім манетным дваром у 1831 па загаду паўстанцкага ўрада. Аднак ёсць версія, хто хутчэй за ўсё гэтыя манеты былі зроблены ў той час мясцовым фальшываманетчыкам.
А вось падчас паўстання Кастуся Каліноўскага мясцовыя шляхта яго падтрымала. Шляхціч з-пад Рагачова Тамаш Грыневіч сабраў паўстанцкі атрад і прыняў удзел у паўстанні. Пасля паразы паўстання Грыневіч быў арыштавана і расстраляны недзе на беразе Дняпра. Дарэчы Тамаш Грыневіч – продак па мацярынскай лініі знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
У сярэдзіне 19 стагоддзя быў давалі буйным горадам, тут было каля 4500 жыхароў. У 1880 годзе тут было 560 дамоў, дзейнічалі два цагляныя заводы, канатная фабрыка, піваварня, гарбарні. У 1897 годзе тут было ўжо больш за 9000 чалавек большасць з якіх складалі яўрэі.
Пад канец 19 стагоддзя у Рагачове быў пабудаваны тэатр “Мадэрн”. У гэтым тэатры некалі бываў і спяваў Фёдар Шаляпін. Будынак тэатра да нашых дзён не дайшоў.
У 1886 годзе ў Рагачове быў асвечаны праваслаўны сабор Аляксандра Неўскага з пяці купаламі. Будынак храма быў знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1989 годзе ў Рагачове была пастаўлена новая царква, якую асвяцілі таксама ў гонар Аляксандра Неўскага.
У 1911 годзе ксёндз Бернатовіч на сабраныя грошы распачаў будаўніцтва ў Рагачове новага цаглянага касцёла. Касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Антонія Падуанскага ў 1912 годзе. Будынак касцёл быў моцна пашкоджаны, зараз ідзе ягоная рэстаўрацыя.
На пачатку 20 стагоддзя у Рагачове было адкрыта дваранскае вучылішча. Фундатарам яго пабудовы быў правадыр мясцовага дваранства Васіль Іолшын. Будынак дваранскага вучылішча захаваўся да нашых дзён, хаця і быў перабудаваны ў савецкія часы.
У тыя ж часы ў Рагачове дзейнічала настаўніцкая семінарыя, куды прымалі вучняў ад 16 гадоў, якія мелі дыплом аб сканчэнні народнай вучэльні. У 1913-17 гадах тут вучыўся пісьменнік Міхась Лынькоў. Будынак семінарыі ў перабудаваных выглядзе дайшоў да нашых дзён.
На пачатку 20 стагоддзя ў Рагачове таксама быў пастаўлены будынак земскай управы ў стылі мадэрн. Ён мае даволі арыгінальную асіметрычную кампазіцыю.
Захаваліся таксама некаторыя мураваныя будынкі заможных гараджан таго часу: дом купца Беленькага, дом Спірыдонава і іншыя.
А вось на мясцовых могілках магчыма пабачыць некалькі цагляных капліц, пабудаваных прадстаўнікамі мясцовай шляхты. Сярод іх капліцы Грэйшнера, Іолшына, Вяржэйскага.
З 1914 года ў Рагачове захавалася драўляная хата, пастаўленая Васілём Грынкевічам – дзедам Уладзіміра Караткевіча. Караткевіч амаль кожнае лета прыезжаў сюды да дзеда і бабулі, а потым да дзядзькі.
Кажуць, што менавіта тут ён пачуў ад дзядзькі малітву паўстанцаў, якая казала, што галоўнае загінуць годна – як каласы пад сярпом жней і стаць хлебам.
У гэтым доме Караткевічу быў вылучаны уласны пакой. Менавіта тут ён напісаў шмат твораў, сярод якіх “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда”,“Нельга забыць” і некаторыя главы “Каласоў пад сярпом тваім”.
Фота: Кісцерны Кірыл