Назова гэтага паселішча магчыма паходзіць ад слова “празарлівы” – праніклівы, які можа прадбачыць будучыню.
Вёска Празарокі стаіць на старажытным шляху з Полацка на Вільню. Гэты шлях быў пракладзены яшчэ полацкімі князямі, але называлі яго Альгердавым шляхам – таму што князь Альгерд зрабіў гаці і аднавіў гэты шлях, а таксама неаднарозова рушыў па ім падча паходаў на Маскву.
Першыя ўзгадкі пра маёнтак Празарокі ёсць у дакументах пачатка 16 стагоддзя. У 1523 годзе вялікі князь Жыгімонт І Стары падарыў панцырных сялян з гэтага маёнтка Івану Глебавічу Корсаку.
У 17 стагоддзі Празарокі былі ўласнасцю полацкага арцыбіскупа Іасафата Кунцэвіча – уніяцкага святара і місіянера. Ён быў забіты падчас Віцебскага паўстання ў 1623 годзе. За гэтае здарэнне супраць Віцебска былі прыняты санкцыі: горад пазбавілі Магдэбургскага права і разбурылі ратушу, аз цэркваў Віцебска знялі званы. 16 траўня 1643 года рымскі папа Урбан VIII далучыў Іасафата Кунцэвіча да ліку блажэных пакутнікаў каталіцкай царквы, а ў 19 стагоддзі папа Пій IX у далучыў яго да ліку святых. Рэліквіі Іасафата Кунцэвіча знаходзяцца ў Саборы Святого Пятра у Рыме.
У 1609 годзе ў Празароках пачаў уладарыць Ян Рагоза і ягоная жонка Еўфібія Маслава. Ян Рагоза быў родзічам іншага уніяцкага дзеяча — Міхала Рагозы. Пасля тут уладарылі Туковічы, а ў 1664 годзе Стэфан Туковіч прадае маёнтак роду Шчытоў. У канцы 17 стагоддзя польскі падкаморы Юстын Шчыт пабудаваў тут касцёл і запрасіў у Празарокі манахаў-францысканцаў. Яны збудавалі тут кляштар. У хуткім часе касцёл і манастырскія пабудовы згарэлі, але у першай палове 18 стагоддзя былі адбудаваны наноў. Францысканскі кляштар дзейнічаў у Празароках да першай паловы 19 стагоддзя. Падчас паўстання 1831 года манахі-францысканцы разам з мясцовай шляхтай падтрымалі паўстанне, за што кляштар быў зачынены, а манахі вымушаны былі з’ехаць.
Тагачасны ўладар маёнтка Празарокі маршалак шляхты Дзіснгенскага павета Міхал Храпавіцкі таксама прыняў актыўны ўдзел у паўстанні, камандваў адзелам кавалерыі. Пасля паразы паўстання Празарокі ў яго канфіскавалі.
Пасля Храпавіцкага тут уладарыў барон Аркадзь Кройц. На той час, у 1848 годзе тут было 14 двароў, дзе жыло 103 жыхары. З 1856 года у Празароках пачала працаваць школа на 48 вучняў. У другой палове 19 стагоддзя Празарокамі валодаў генерала Мухін. Ён атрымаў Празарокі за тое, што удзельнічаў у задушэнні паўстання Кастуся Каліноўскага. Генерал Мухін жыў у Пецярбурзе, а летам прыязжаў сюды з сям’ёй адпачываць. У Празароках ён пабудаваў драўляны сядзібны дом. Будынак часткова захаваўся да нашых дзён: палова дома з цягам часу абвалілася, а ў ацалелай палове яшчэ жывуць людзі.
У 1892 годзе тут здарыўся вялікі пажар: згарэў касцёл, будынак кляштара францысканцаў і амаль палова ўсіх хат. Але Празарокі аднаваіліся пасля яго. На пачатку 20 стагоддзя Празарокі сталі мястэчкам. Тут была валасная ўправа, пошта, аптэка.
У той час тут пачалося будаўніцтва новага цаглянага касцёла ў неараманскім стылі. Будаўніцтва храма пачалося ў 1899 годзе, а ў 1907 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У савецкія часы храм быў зачынены і перароблены пад зернесховішча, а з 1989 года яго вярнулі каталікам. Вакол храма была адноўлена агароджа з вялікай металічнай брамай перад уваходам у касцёл.
У 1909 годзе ў Празароках была пабудавана праваслаўная царква. Яе асвяцілі ў гонар апосталаў Пятра і Паўла. Царква дзейнічала і за савецкімі часамі і ніколі не зачынялася. У царкве знаходзіцца абраз Святога Мікалая. За савецкім часам яго два разы выкрадалі, але кожны раз злодеяў знаходзілі і абраз вярталі ў храм. Абраз лічаць заступнікам гэтага храма.
Недалёка ад Празарокаў ў фальварку Палівачы ў 1861 годзе нарадзіўся Ігнат Буйніцкі – заснавальнік сучаснага беларускага тэатра. Ён сабраў увакол сябе аматараў тэатра і стварыў сапраўдную тэатральную трупу.
З 1905 года Буйніцкі рэгулярна праводзіў у Палівачах і Празароках тэатральныя вечарыны. У пазнейшыя гады ягоны тэатр шмат гастраліраваў, бываў у Вільні, Пецярбурзе і Варшаве. Але ў 1913 годзе пад ціскам царскіх улад Буйніцкі быў вымушаны закрыць свой тэатр. У 1917 годзе ён памёр і быў пахаваны ў Палівачах, а ў 1970-х гадах ягоныя астанкі былі перавезены ў Празарокі і пахаваны на галоўнай плошчы, дзе быў пастайлены помнік Ігнату Буйніцкаму. У мясцовай школе створаны музей Ігната Буйніцкага з ягонымі рэчамі.
Ігнат Буйніцкі прымаў удзел у жыцці тагачасных Празарокаў. Ён працаваў таксатарам – састаўляў планы мясцовасці.
Кажуць, што менавіта Буйніцкі абраў места для пабудовы царквы, а потым разам са святаром кіраваў і дапамагаў пры будаўніцтве храма.
Фота: Кісцерны Кірыл