Наконт паходжання назовы Ліпнішкі існуе мясцовая легенда. Калісьці ў гэтых мясцінах жыла сям’я: бацка, маці і дачка, якую звалі Ліпа. Аднойчы дачка пайшла ў лес і знікла, а вярнулася праз 3 месяцы з вужом — хлопцам, якога зачараваў злы чараўнік. Калі яна сказала, што выходзіць замуж за гэтага вужа, то тата ўзяў кій, пайшоў у лес і забіў гэтага вужа. Дзяйчына жа з гэтага часу пераўтварылася ў ліпу.

Першыя пісьмовая ўзгадкі пра Ліпнішкі адносяцца да пачатку 16 стагоддзя. У 1511 годзе пры дапамозе вялікага князя Жыгімонта І Старога тут з’явіўся першы драўляны касцёл, які прастаяў каля 200 гадоў і згарэў падчас Паўночнай вайны. А вось у 1528 годзе Жыгімонт падарыў Ліпнішкі канцлеру ВКЛ Альбрэхту Гаштольду за вызваленне ад аблогі Полацка і заключэнне міра з татарамі.

Пасля Альбрэхта Ліпнішкі былі ўласнасцю ягонага адзінага сына Станіслава, які ажаніўся з Барбарай Радзівіл. Дзяцей у іх не было і са смерцю Станіслава знакаміты род Гаштольдаў згас, а ўладанні перайшлі да вялікіх князёў.

30 мая 1610 года Ліпнішкі атрымалі прывілей на Магдэбургскае права ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Сын Жыгімонта кароль Уладзіслаў VІ у 1633 годзе падцвердзіў гэтае права, а таксама надаў Ліпнішкам уласны герб – выяву Пагоні ў чырвоным полі.

 

У 1670 годзе Ліпнішкі разам з Геранёнамі па загадзе караля атрымаў Міхал Казімір Пац. Пасля Пацаў тут уладарылі Сапегі, а потым Беганскія.

Пасля ІІІ Падзелу Рэчы Паспалітай Ліпнішкі ўвайшлі ў Расійскую імперыю  і Кацярына ІІ падарыла мястэчка расійскаму канцлеру Аляксандру Безбародка. Пасля смерці Аляксандра маёсць перайшла да ягонага брата Іллі Безбародка, які ў 1804 годзе пабудаваў у Ліпнішках драўляны касцёл. Падчас вайны 1812 года Ілля Безбародка прадаў Ліпнішкі слонімскаму маршалку Войцаху Пуслоўскаму, а сына Пуслоўкага ў 1849 годзе прадалі Ліпнішкі Мікалаю Вольскаму.

Мікалай Вольскі пераехаў на жыццё ў Ліпнішкі і распачаў тут будоўлю. Ён загадаў зрабіць усе дарогі брукаванымі, а ўздоўж іх пасадзіць дрэвы. Кожны мясцовы жыхар павінен быў трымацб чысціню каля свайго дома і прыбіраць частку вуліцы. На той час у Ліпнішках ужо было шмат каменных дамоў, 20 крамаў, 3 піўныя, 3 булачныя, 2 аптэкі, майстэрні, гатэль, рэстарацыя, школа і было каля 750 жыхароў.

Вольскія стварылі ў Ліпнішках і ўласную сядзібу ад якой захаваліся рэшткі парка, афіцына, флігель, якія датуюцца другой паловай 19 стагоддзя.

Пры Вольскіх на месцы старога драўлянага касцёла з’явілася маленькая мураваная каплічка, якая дайшла да нашых дзён.

Каля 1900 года па фундацыі тагачаснага ўладальніка Ліпнішак Аляксандра Вольскага і мясцовага ксяндза Казіміра Паўкшты пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла. Праект касцёл быў замоўлены ў французскага дойліда, а кіраваць працай запрасілі польскіх будаўнікоў. Будаўнічыя працы вяліся ў асноўным улетку, у іх прымалі ўдзел мясцовыя жыхары і жыхары навакольных вёсак. Каменне для будоўлі прывозілі с палёў, а таксама з рэшткаў Гераненскага замка. Акрамя гэтага ўжывалі граніт, цэглу, а ў раствор для моцы дабаўлялі які.

Касцёл быў скончаны і асвечаны ў гонар Святога Казіміра ў 1910 годзе. Храм цудоўна захаваўся і з’яўляецца выдатным помнікам беларускай неагатокі.

Ліпнішкі таксама знакаміты тым, што тут у 1894 годзе ў свайго сябра Парлеўскага хаваўся тагачасны дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі Юзаф Пілсудскі. У аптэцы ягонага сябра ім была створана друкарня, абсталяванне дл якой завезлі з Лондана. 12 ліпеня 1894 года тут выйшаў першы нумар газеты “Польскі рабочы” тыражом 1200 экзэмпляраў. Усяго тут было надрукавана 6 нумароў гэтай газеты.

На пачатку 20 стагоддзя Ліпнішкі былі валасным цэнтрам Ашмянскага павета Віленскай губерніі.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: