Па адной з версій назова гэтага паселішча паходзіць ад племені крывічоў, якія заснавалі тут паселішча. Па іншай версіі – ад імені балцкага жраца Крывейта, які меў тут сваю рэзідэнцыю.

Упершыню ў летапісах крэва ўзгадваецца ў 13 стагоддзі як сталіца Нальшанскага княства, якім кіраваў князь Даўмонт. Ён быў у добрых адносінах з князем Міндоўгам і прыходзіўся яму сваяком: ягоная жонка была сястрой жонкі Міндоўга. Але калі жонка Міндоўга памерла і на пахаванне прыехала яе сястра, князь Міндоўг не адпусціў яе назад да Даўмонта. Даўмонт дачакаўся зручнага моманту как адпомсціць і забіў Міндоўга разам са сваёй былой жонкай. Тады пачалася вайна з Наваградскім княствам, у выніку якой Нальшанскае княства было захоплена, а Даўмонт быў вымушаны ўцячы ў Пскоў. Там ён нават быў абраны князем і кананізаваны. А вось Крэва з тых часоў увайшло у Вялікае княства Літоўскае.

На пачатку  14 стагоддзя па загадзе Гедыміна тут пачалося будаўніцтва абарончага замка. Па чутках месца для замка, дзе зліваюцца рэчкі Крэўлянка і Шляхцянка, выбраў сам князь. Гедымін яшчэ пры сваім жыцці падзяліў землі паміж сынамі. Крэва і Нальшанскія землі атрымаў князь Альгерд, які і працягнуў пабудову замка.

Замак будавалі з камянёў, якія сяляне збіралі з навакольных палёў і звозілі на будоўлю. Вышыня сцен замка дасягала 13 метраў, а іх таўшчыня – да 3 метраў. Замак меў форму няправільнага чатырохкутніка з дліной бакоў каля 100 метраў і дзвюма вежамі на процілеглых кутах. Буйнейшая Княжацкая вежа мела каля 25 метраў вышыні і 13 метраў шырыні, мела чатыры ярусы. Да нашых часоў захаваліся рэшткі гэтай вежы, зараз вядзецца іх кансервацыя.

 

Ад іншай вежай амаль нічога не захавалася, зараз вядзецца яе аднаўленне. Таксама завяршаецца аднаўленне сцен з трох бакоў замка.

Пасля смерці Гедыміна вялікім князем стаў Яўнут, але Альгерд і ягоны брат Кейстут вырашылі зрабіць пераварот. У выніку пераваратора Яўнут быў скінуты, а Альгерд стаў Вялікім князем Літоўскім і кіраваў, падзяляючы ўладу з Кейстутам. Так працягвалася каля 30 гадоў, а пасля смерці Альгерда землі і велікакняжацкі трон перайшлі да ягонага сына Ягайлы.

Ягайла не хацей падзяляць уладу са сваім дзядзькам Кейстутам. У 1382 годзе ён падманам заманіў яго ў Крэўскі замак і пасадзіў у Княжацкую вежу, а праз 5 дзён па загадзе Ягайлы яго задушылі. Пазней у гэтую вежу быў кінуты і сын Кейстута Вітаўт.

Існуе легенда, як Вітаўт здолеў збегчы адсюль. Да Вітаўта дапусцілі ягоную жонку са служанкамі. Вітаўт пераапрануўся ў адну са служанак, а няшчасная дзяўчына засталася замест Вітаўта ў вежы Крэўскага замка.

15 жніўня 1385 года ў Крэўскім замку адбылася значная падзея – была заключана Крэўская унія. Гэта быў саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Паводле ягоных умоў, Ягайла браў у жонкі польскую каралеўну Ядзвігу, атрымліваў польскую карону, а за гэта абяцаў ахрысціць паганцаў Літвы па каталіцкім абрадзе.

Пасля Крэўскай уніі па загадзе Ягайлы на Літве пачынаюць будаваць касцёлы. Адзін з першых касцёлаў у 1387 годзе быў пабудаваны і ў Крэва. Той невялікі драўляны касцёл да нашых дзён не дайшоў, а ў 1997 годзе на колішнім месцы быў пабудаваны новы касцёл Прэабражэнння Гасподняга у неабарочным стылі.

Калі Ягайла атрымаў польскую карону, то ён пераехаў жыць у Кракаў, а сваю вотчыну перадаў брату Вітунту. А вось пасля смерці Вітунта Крэва і навакольныя землі сталі дзяржаўнай уласнасцю Вялікага княства Літоўскага.

У 1433 годзе падчас грамадзянскай вайны Крэўскі замак быў захоплены князем Свідрыгайлам.

У 1486 годзе Крэва стала мястэчкам. На пачатку 16 стагоддзя мястэчка Крэва і замак моцна пацярпелі ад набегаў татар.

У другой палове 16 стагоддзя Крэва было цэнтрам староства і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства. У 1559 годзе Крэва атрымала Магдэбургскае права і ўласны герб: у блакітным полі залаты полумесяц і срэбная зорка.

У 1564 годзе вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў крэўскае староства рускаму ваеннаму і палітычнаму дзеячу Андрэю Курбскаму. Андрэй Курбскі уцёк з Маскоўскага княства, калі даведаўся пра пагрозу расправы над ім з боку цара Івана Жахлівага. У Крэве ён напісаў свае вядомыя творы “Гісторыя аб вялікім князе Маскоўскім” і “Лісты да цара Івана Жахлівага”.

А вось у 1568 годзе крэўскім старастам быў Лукаш Баляслававіч Свірскі, які падпісваў акт Люблінскай уніі.

Мястэчка Крэва моцна пацярпела падчас вайны з Маскоўскім княствам у 1655 і 1659 гадах. Крэўскі замак моцна пацярпеў ад шматлікіх войнаў і да 17 стагоддзя канчаткова страціў абарончы патэнцыял.

Паводле інвентара 1789 года у Крэве было каля 1000 жыхароў. На гандлёвай плошчы і пяці вуліцах стаялі каля 190 дамоў, дзейнічалі некалькі корчмаў. На той час тут было 6 цэркваў і касцёл.

Пасля Трэцяга Падзелу Рэчы Паспалітай Крэва ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі, было цэнтрам воласці ў Ашмянскім павеце Віленскай губерніі.

У 1854 годзе ў Крэве была пабудавана праваслаўная царква Святога Аляксандра Неўскага. Падчас Першай Сусветнай вайны яна была разбурана, а каля 1928 года адноўлена, дзякуючы намаганням святара Міхала Левенчука. Царква дзейнічала і падчас Айчыннай вайны, тады тут таксама была праваслаўная школа. У 1944 годзе невядомыя партызаны забілі святара, ён быў пахаваны мясцовымі жыхарамі побач з царквой.

Падчас перапісу 1883 года ў Крэва было 1983 жыхароў, сярод і значная частка яўрэяў. Напрыканцы 19 стагоддзя яўрэйскай абшчынай была пабудавана сінагога, яе рэшткі захавалаіся да нашых дзён.

Цікавым элементам дэкору будынка з’яўляюцца шасціканцовыя зоркі з цэглы на яе сценах.

Падчас Першай сусветнай вайны каля Крэва была лінія фронту. У замку стаялі немцы, яны нават пабудавалі там некалькі бетонных дотаў, рэшткі якіх захаваліся пасярод замкавага двара і каля малой вежы. Рускія войскі стралялі па замку нават з карабельных гармат, гэта нанесла вялікую шкоду рэшткам замка.

За польскім часам, з 1929 года праводзілася кансервація рэшткаў Крэўскага замка, а зараз вядзецца праца па кансервацыі адных частак і аднаўленні іншых.

Фота: Кісцерны Кірыл, Ермалаеў Аляксей