Па адной з версій Іўе было заснавана яшчэ ў часы вялікага князя Гедыміна ягонай жонкай Евай і першапачаткова звалося Еўе. Па іншай версіі яно паходзіць ад татарскага слова Eve – жыллё, гняздо.

Дарэчы татар у Іўе запрасіў яшчэ Вітаўт пад канец 14 стагоддзя і прапанаваў ім сяліцца ва ўрочышчы Муроўшчына. Татары былі вядомы як добрыя войны, асабліва коннікі. А якраз праз гэтыя мясціны праходзіла абарончая лінія замкаў, якую пачаў ствараць яшчэ Гедымін. Вітаўт працягную справу дзеда, так ён пабудаваў замак і ў Іўі. Замак складаўся з вялікай каменнай вежы-данжона, вакол якой былі іншыя гаспадарчыя пабудовы.

А вось у пісьмовых крыніцах Іўе ўпершыню ўзгадваецца як вялікакняжацкі двор, які князь Казімір у 1444 годзе падарыў ваяводзе трокскаму і маршалку ВКЛ Пятру Мантыгердавічу. Іўе мела выдатнае месцазнаходжанне, праз яго праходзілі шляхі на Менск, Нясвіж, Наваградак, Вільню. Тут ішоў гандаль і праязжала шмат купцоў.

У 1495 годзе Пятро Мантыгірдавіч на старым гарадзішчы ля менскага гасцінца распачынае будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара францысканцаў. Але завяршыць будаўніцтва Пятро не здолеў, бо загінуў у бітвы на Ведрашы ў 1500 годзе. Гэтую справу скончыў ягоны сын Ян Пятровіч Мантыгірдавіч. Гатычны касцёл меў падабенства да храма ў Ішкальдзі, у спадчыну ад гэтага будынка мясцоваму касцёлу засталася гранёная апсіда і контрфорсы.

А вось Іўе перайшло да сястры Пятра Сафіі, якая была замужам за лідскім намеснікам Станіславам Кішкай. Пасля Сафіі і Станіслава тут ўладарыў іх сын Пётр, які стаў ваяводам полацкім і кашталянам трокскім. А вось у 1522 годзе муж ягонай сястры Ганны Ян Радзівіл падаў на Пятра ў суд, за тое што той не аддаў палову Іўя сваёй сястры, як гэта загадала іх маці. Суд вырашыў справу такім чынам: Пётр адмовіўся ад сваёй часткі Нясвіжа на карысць сястры, а Іўе цалкам пакінуў за сабой.

У 1560-х гадах Іўе ўвайшло ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Тады тут ужо было 4 вуліцы: Віленская, Наваградская, Крывая, Новая і паўтары сотні дамоў. У тыя часы тут уладарыў унук Пятра — Ян Кішка, які стаў старастам жамойтскім, а потым кашталянам віленскім. Ян Кішка быў прыхільнікам арыянства. Так ён крыху перабудаваў мясцовы касцёл і перадаў яго арыянам. У 1568 годзе ў Іўі адбыўся сінод, на якім прысутнічалі арыяне з усёй Еўропы. А ў хуткім часе тут адкрылася арыянская школа, якая была пераўтворана ў Іўеўскую арыянскую акадэмію. У акадэміі выкладалі розныя дысцыпліны, у тым ліку фізіку, медыцыну, гісторыю і нават кодэкс Юстыніяна. З 1585 па 1593 гадэ рэктарам акадэміі быў Ян Намыслоўскі – філосаф, аўтар “Праграмы сярэдняй адукацыі і методыкі выкладання школьных курсаў” – аднаго з першых падручнікаў на нашых землях. Аб гэтым арыянскім перыядзе у жыцці Іўя нагадвае валун з памятнай шыльдай, усталяваны недалёка ад касцёла.

Ян Кішка таксама пачынае будаўніцтва ў Іўі мураванага палаца, будавалі яго майстры з вёскі Дайліды. У двухпавярховым палацы была бібліятэка, карцінная галерэя, а вакол быў разбіты італьянскі парк з мураваным гротам. З гэтага комплекса да нашых дзён, на жаль, нічога не захавалася.

Пасля смерці Яна Кішкі Іўе перайшло да ягонага сына Мікалая – аднаго з багацейшых людзей таго часу на нашых землях. Мікалай Кішка займаў пасады ваяводы мсціслаўскага, кашталяна трокскага, а таксама падскарбія вялікага літоўскага. Мікалай Кішка быў каталіком, у Іўе ён запрасіў манахаў- бернардынцаў і пабудаваў для іх кляштар. Пры кляштары была школа, бібліятэка, шпіталь, а таксама друкарня, дзе па некаторых звестках упершыню была надрукавана “Граматыка” Мялеція Сматрыцкага. Кляштар бернардынцаў дзейнічаў да 1858 года, калі быў зачынены, а манахі адсюль высланы. Двухпавярховы будынак кляштара захаваўся да нашых часоў.

Існуе паданне, што Мікалай неўзабавае ў нечым пасварыўся з бернардынцамі і выгнаў іх кляштара. Але як толькі манахі з’ехалі з Іўя ён раптоўна аслеп. Тады ён вельмі спужаўся і вярнуў манахаў.

Кляштар быў пастаўлены побач з мясцовым касцёлам. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1654-55 гг. Іўе спалілі рускія атрады пад кіраўніцтвам Трубяцкога, пажарам быў моцна пашкоджаны кляштар і касцёл. Пасля вайны будынкі былі адноўлены.

Пасля Мікалая Кішкі Іўем валодалі Глябовічы, Жыжэмскія, Агінскія, Сапегі. У 1686 годзе ваявода віленскі Ян Сапега заклаў Іўе за 15000 талераў Стэфану Тызенгаузу. Так тут амаль на 100 гадоў гаспадарамі сталі Тызенгаузы. Пры Тызенгаузах, пад канец 18 стагоддзя, мясцовы касцёл быў перабудаваны ў стылі віленскага барока, фасад сталі ўпрыгожваць дзве вежы і франтон. Касцёл быў зноў асвечаны ў 1787 годзе віленскім біскупам Тамашам Зянковічам у гонар Святых Пятра і Паўла.

Касцёл з тых часоў ніколі не зачыняўся. У 19 стагоддзі да яго паўночнай сцяны была дабудавана капліца Маці Божай Сняжной. У 1927 годзе на галоўным фасадзе храма з’явіліся статуі Пятра і Паўла. Таксама ўзбагачаўся інтэр’ер касцёла. Зараз яго ўпрыгожваюць 7 алтароў, дзейнічае арган. Пад касцёлам існуе крыпта, дзе хавалі манахаў-бернардынцай і святароў.

У 2002 годзе каля касцёла была пастаўлена статуя Хрыста – копія статуі з партугальскага горада Алмада, якая аднак вельмі падобна на статую Хрыста-збавіцеля з Рыа-дэ-Жанейра.

У 1742 годзе Іўе набыло статус мястэчка. А ў 1795 годзе, пасля Трэцяга Падзелу Рэчы Паспалітай, Іўе ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі.

З пачатку 19 стагоддзя мястэчка належала роду Замойскіх. Графы Замойскія пераўтварылі гэтае сваё ўладанне ў Іўеўскае графства. Пры Замойскіх на мясцовых могілках была пабудавана невялікая каталіцкая капліца з бутавага каменю. У 1980-х у капліцы абваліўся дах і мясцовыя жыхары сабралі грошы і аднавілі яго. Дзякуючы ім будынак дайшоў і да нашых часоў.

У 1882 годзе Эльвіра Замойская дала мяцовым татарам-мусульманам лес на пабудову мячэці. Будаўніцтва мячэці была скончана 1884 годзе. Першапачаткова мячэць не мела мінарэта, які быў прыбудаваны ў 1923 годзе на ахвяры татар-імігрантаў з Амерыкі. Мячэць у Іўі – адзіная на Беларусі, якая дзейнічала за савецкім часам. Дзейнічае яна і зараз, малітвы тут ідуць на арабскай мове.

У 1897 годзе Іўе было цэнтрам воласці Ашмянскага павета. Тут была вялікая гандлёвая плошча, якая ўзнікла на перакрыжаванні асноўных шляхоў праз мястэчка. Кожную сераду тут праходзілі кірмашы, а 9 разоў на год адбываліся ярмаркі. На плошчы стаялі гандлёвыя рады, аптэка, шмат корчмаў, дамы рамеснікаў. На раке Іўянка дзейнічаў вадзяны млын, які дайшоў і да нашых дзён. Забудова мястэчка была ў асноўным драўляная. Калі ў пачатку 20 стагоддзя ў Іўі здарыўся вялікі пажар, то шмат дамоў згарэла. Але большасць будынкаў былі застрахаваны, таму праз пэўны час цэнтр Іўя быў адбудаваны ўжо з цэглы. Так, з пачатку 20 стагодзя, на цяперашніх вуліцах К.Маркса і 1 Мая захавалася тагачасная забудова мястэчка.

На той час значную частку насельніцтва мястэчка складалі яўрэі. На першых паверхах сваіх дамоў яны звычайна трымалі крамы ці корчмы, а вось другі паверх ужывалі як жылыя памяшканні. Недалёка ад гандлёвай плошчы ў Іўі быў сінагагальны двор, які уключаў тры сінагогі: для заможных яўрэяў, рамеснікаў і бедных. Сінагога для заможных яўрэяў мае прыгожы фігурны франтон, зараз будынак пафарбаваны ў ружовы колер. З правага боку ад яе раней стаяў цагляны будынак сінагогі для рамеснікаў, але ў 2014 годзе ён быў знесены. А вось з левага боку ад яе стаіць будынак сінагогі для бедных яўрэяў, зараз ён пафарбаваны ў шэры колер.

У 1941 годзе немцы стварылі ў Іўі гета, а ў наступных годзе ўсіх мясцовых яўрэяў вывезлі за 2 кіламетра ад Іўя і расстралялі. У 1942 годзе фашыстамі быў таксама арыштаваны мясцовы ксёндз Ідэльфонс Бобіч. У 1944 годзе яго вызвалілі з Лідскай турмы, ён здолеў вярнуцца ў Іўе, але ў вельмі хуткім часе памёр. Пахаваны ён быў каля мясцовага касцёла.

Бобіч быў пробашчам іўеўскага касцёла з 1930 года, ён займаўся даследваннем гісторыі гэтага храма і мястэчка. Таксама ён быў вядомы як празаік і публіцыст пад псеўданімам Пятро Просты. Яшчэ ў 1913 годзе ў Вільні ён выдаў першую беларускую каталіцкую газеты “Беларус”.

У 1990-х гадах у Іўі з’явілась праваслаўная царква Святога мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага, яна была перабудавана з жылога будынка пачатку 20 стагоддзя.

У Іўі дзейнічае адзіны на Беларусі музей нацыянальных культур, дзе магчыма даведацца пра гісторыю і культур усіх народаў і канфесій, якія спрадвеку суіснавалі тут.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: