Назова гэтага мястэчка верагодна паходзіць ад слова жолуд, таму што раней тут было шмат дубовых гаёў.

Людзі засялілі гэтыя мясціны яшчэ ў даўнія часы. А б гэтым сведчаць археалагічныя знаходкі, напрыклад, клад з рымскімі манетамі, які быў знойдзены на сялянскім агародзе ў Жалудку у 1915 годзе.

А вось у летапісах Жалудок упершыню ўзгадваецца ў другой палове 15 стагоддзя як вялікакняжацкае ўладанне Казіміра Ягайлавіча. Ён надаў Жалудку статус мястэчка і фундаваў пабудову драўлянага касцёла, які аднак прастаяў нядоўга і ў 1506 годзе быў спалены татарамі.

Пасля смерці Казіміра Жалудок перайшоў да ягонага сына Жыгімонта, які ў 1531 годзе падарыў Жалудок аколішняму Івану Лапіцкаму. Калі ён памёр, то Жалудок набылі Сапегі, а потым аддалі яго ў пасаг за сваёй дачкой Ганнай, якая пабралася шлюбам з лідскім стольнікам Мікалаем Францкевіч-Радзімінскім. Так Жалудок патрапіў да роду Францкевічаў.

Пад канец 17 стагоддзя Францкевічы пабудавалі тут драўляны касцёл і кляштар кармелітаў. Падчас Паўночнай вайны гэтым касцёлам захапляўся нават кароль Карл ХІІ, які на пэўны час спыняўся ў Жалудку. У тыя часы палова Жалудка ўжо належала Міхаілу фон Тызенгаузу, а праз пэўны час ён ажаніўся з Аляксандрай Франкевіч-Радзімінскай і здолеў атрымаць іншую палову мястэчка. Пасля смерці Міхаіла тут уладарыў ягоны сын Бенедыкт, а потым і сын Бенедыкта Антоній Тызенгауз – вядомы дзяржаўны дзеяч і рэфарматар, гарадзенскі падстараста. Антоній Тызенгауз даволі рэдка бываў у Жалудку, але пахаваны быў якраз у сутарэннях мясцовага касцёла. Пасля смерці Антонія мястэчка перайшло да ягонага пляменніка Ігнація Тызенгауза, а потым і да сына Ігнація – Рудольфа Тызенгауза. У другой палове 18 стагоддзя Тызенгаузамі быў пабудаваны палац у гатычным стылі з дэкаратыўнай вежай з бутавага камення. У напаўразбураным стане ён захаваўся да нашых дзён.

У 1786 годзе ў Жалудку нарадзіўся Канстанцін Тызенгауз — сусветна вядомы  натураліст і вучоны-арнітолаг. Ягоная кніга “Асновы арніталогіі” стала бестселлерам у Еўропе. У сваёй рэзідэнцыі ў Паставах Канстанцін стварыў адзін з буйнейшых з тагачасных музеяў арніталогіі, дзе было каля 3000 птушыных экзэмпляраў. У гонар вучонага была названа балотная расліна “чара тызенгауз” і від пчол “тызенгауз-цэспіформіс”.

У Жалудку нарадзіўся Валеры Ўрублеўскі, ягоны бацька быў ляснічым у Тызенгаузаў. Ён нарадзіўся ў 1836 годзе, а ў васьмігадовым узросце, пасля смерці бацькі, быў вымушаны адсюль з’ехаць. Валеры Ўрублеўскі стаў лепшым сябрам і паплечнікам Кастуся Каліноўскага, падчас паўстання ён быў кіраўніком паўстанцкага штаба. У 1864 годзе быў моцна паранены і здолеў выехаць ў Галіцыю. Бегчы з акружэння яму дапамагла Балеслава Складоўская (цётка Марыі Складоўскай-Кюры), яна пераапранула яго ў сваю аканомку і дапамагла праехаць праз ваенны блакпост.

У 1835 годзе ў Жалудку пачынае ўладарыць Германцыя Тызенгауз, якая пабралася шлюбам з маршалкам Севярынам Урускім. На той час тут ужо не было касцёла, бо стары драўляны касцёл у 1830 годзе прыстасавалі пад царкву, а потым будынак быў знесены. Таму ў 1854 годзе Марыя Уруская пачынае ў цэнтры мястэчка будаўніцтва новага мураванага касцёла. Архітэктарам  будынка быў вядомы на той час Караль Падчашынскі. Пры пабудове храма ў класічным стылі шырока ўжывалася бутавае каменне, а таксама цэгла. Касцёл быў асвечаны ў гонар Ушэсця Дзевы Марыі. Першы вікарыем касцёла быў Станіслаў Ішора, які падчас паўстання Кастуся Каліноўскага чытаў у храме патрыятычныя прамовы ў час набажэнстваў, за гэта па загадзе Мураў’ёва ён быў расстраляны. На пачатку 20 стагоддзя выгляд касцёла быў крыху зменены, з яго знялі васьмігранную званіцу над галоўным фасадам.

Апошнімі ўладарамі Жалудка былі князі Святаполк-Чацвярцінскія, да якіх Жалудок перайшоў пасля шлюбу Марыі Урускай з Міхалам Святаполк-Чацвярцінскім. Марыя і Міхал жылі ў палацы, пабудаваным яшчэ Тызенгазамі, а вось іх сын Людзвіг распачынае будаўніцтва новага палаца. Архітэктарам ён запрашае італьянца Уладзіслава Марконі. Палац у стылі неабарока паўстаў у 1907 годзе.

У савецкія часы на тэррыторыі сядзібы была ваенная частка, а з 1990-х палац стаіць пустым і разбураецца.

Некалькі год там ён быў набыты інвестарам і існуе надзея, што ён будзе рэстаўраваны. Зараз тэрыторыя сядзібы загароджана ўласнікам. Каб патрапіць на тэрыторую, неабходна набыць квіток (4 р. па стане на лета 2021 года). 

Стары палац, які быў пабудаваны пры Тызенгаузаузах, тады быў перабудаваны пад флігель. Ён знаходзіцца па правы бок ад фасаднай часткі палаца. Таксама недалёка ад палаца былі пастаўлены і гаспадарчыя пабудовы: кузня, бровар, стайня, карэтная. Вакол палаца быў разбіты французскі парк. Закінутыя будынкі стайні и карэтнай магчыма пабачыць і зараз.

За польскім часам Жалудок быў цэнтрам гміны. Тут было тры школы (адна польская і дзве яўрэйскіх), дзейнічаў бровар, аптэка, пошта, тэлеграф. У 1939 годзе Уладзіслаў Святаполк-Чацвярцінскім з’ехаў у Польшчу, а скончыў сваё жыццё ў Асвенцыме.

Фота: Кісцерны Кірыл