Наконт узнікнення гэтага паселішча існуе вядомая легенда часоў Полацкага княства і Кіеўскай Русі.

Ноўгарадскі князь Уладзімір захацеў ажаніцца з полацкай княгіняй Рагнедай і выслаў да яе сватоў, але атрымаў адказ. Тады ён пайшоў вайной на Полацк, заібў бацьку Рагнеды – князя Рагвалода і ягоную сям’ю, а Рагнеду гвалтам прымусіў стаць ягонай жонкай.

І вось аднойчы ноччу Рагнеда схапіла нож і хацела забіць Уладзіміра, але той раптоўна прачнуўся, перахапіў яе руку і збіраўся забіць Рагнеду. На дапамогу маці прыйшоў яе пяцігадовы сын Ізяслаў. Уладзімір быў так уражаны учынкам сына, што адпусціў яго з маці ў Полацкае княства.

Так, верагодна ў 985 годзе, Уладзімір саслаў Рагнеду разам з сынам Ізяславам у гэтыя землі, дзе быў заснаваны ўмацаваны горад, які назвалі ў ягоны гонар Ізяславам (есць версіі, што той момант паселішча тут ужо існавала).

У Ізяслаўі Рагнеда заснавала першы на Русі манастыр і пастрыглася ў манахіні, узяла імя Анастасія.

Ізяслаў ў 988 годзе ва ўзросце 11 гадоў стаў Полацкім князем. У Полацкім княстве ён першым увёў пісьменнасць. Памёр Ізяслаў у 1001 годзе ва ўзросце каля 26 гадоў. Ён меў двух сыноў, якія сталі нашчадкамі ягонай спадчыны.

Упершыню ў вядомых летапісах Ізяслаў ўзгадваецца ў 1127 годзе ў сувязі з паходам кіеўскага князя Мсціслава на Полацк, калі паселішча было разрабавана.

У 1159 годзе Ізяслаў зноў было разрабаваны падчас вайны за спадчыну паміж сынамі мінскага князя Глеба і полацкага князя Барыса.

З часоў 10-12 стагоддзяў тут захавалася умацаванае гарадзішча “Замэчак”. Гарадзішча выявіў і даследваў яшчэ Канстанцін Тышкевіч у сярэдзіне 19 стагоддзя, пасля гэтага тут неаднаразова праходзілі археалагічныя раскопкі, былі знойдзены розныя рэчы. У 1992 годзе тут быў усталяваны каменны крыж у гонар 1000-годзя праваслаўя на Беларусі.

Пасля звестак з 12 стагоддзя Ізяслаў на некалькі стагоддзяў знікае са старонак летапісаў. Узгадваецца ён ужо ў 1345 годзе як Заслаўе, якое літоўскі князь Кейстут перадаў малодшаму брату Еўнуту. Еўнут стаў пачынальнікам роду князей заслаўскіх, якія карысталіся гербам “леў” і валодалі Заслаўем да 16 стагоддзя. У часы князей заслаўскіх у Заслаўі стаяў замак.

На пачатку 16 стагоддзя ў Заслаўі было 9 уласніц – яны былі сёстрамі і паходзілі з роду князёў заслаўскіх. Адна з іх – Ганна Заслаўская, якая пабралася шлюбам з канцлерам вялікім літоўскім Янам Юр’евічам Глябовічам, атрымала ў пасаг Заслаўе. Так тут пачалі ўладарыць Глябовічы.

Наступным уладаром Заслаўя быў сын Ганны і Яна – Ян Янавіч Глябовіч. Мінскі кашталян Ян Глябовіч зрабіў горад сваёй галоўнай рэзідэнцыяй. Ён адбудаваў моцны замак паміж рэкамі Свіслач і Чарніца. Да нашых дзён ад гэтага замка захаваліся вялікія земляныя валы.

 Побач са шляхам паміж валами магчыма пабачыць  таксама рэшткі адной з замкавых брам, якія датуюцца 16 стагоддзем.

У Заслаўі Ян Глябовіч заснаваў кальвінскую абшчыну. У 1577 годзе ў цэнтры замка ён заклаў кальвінскі збор. На пачатку 17 стагоддзя да будынка была дабудавана вялікая мнагаярусная вежа-званіца. У 1669 годзе кальвінскі збор быў пераўтвораны ў касцёл Міхаіла Архангела, а ў 1840 годзе ён быў пераасвечаны як Свята-Прэабражэнская царква. За савецкім часам у будынку быў музей, а з 1991 года храм з’яўляецца царквой.

Акрамя кальвінскага збора Ян Глябовіч адкрыў у Заслаўі друкарню, для стварэння якой запрасіў вядомага тагачаснага друкара Даніэля Лянчыцкага. Некаторы час у Заслаўі па запрашэнні Глябовіча жыў, працаваў і друкаваў свае кнігі вядомы кальвініст-асветнік Сымон Будны. А вось для навучання сваіх дзяцей Ян Глябовіч запрасіў сюды вядомага пісьменніка, гісторыка і таксама кальвініста Яна Ласіцкага.

Наступным уладаром Заслаўя быў сын Яна – кашталян віленскі Мікалай Глябовіч. Нягледзячы на кальвінісцкае выхаванне, ён перайшоў у каталіцтва. У 1625 годзе ён пабудаваў у Заслаўі драўляны касцёл.

Ягоная дачка Крысціна Барбара, якая пабралася шлюбам з гетманам ВКЛ Казімірам Янам Сапегай, у 1684 годзе заснавала на замкавай гары дамініканскі кляштар, які дзейнічаў тут да 1832 года.

Так, з другой паловы 17 стагоддзя тут пачалі ўладарыць Сапегі, а з 1753 года гаспадаром Заслаўя стаў падканцлер ВКЛ Антоній Пшаздецкі. Ён вырашыў зрабіць Заслаўе сваёй рэзідэнцыяй. Тут ён пабудаваў сядзібны дом, флігелі, заклаў парк. Ад комплекса сядзібы да нашых дзён захаваўся адзін з флігеляў, дзе зараз знаходзіцца музей беларускай маляванкі.

У 1772 годзе Антоній Пшаздецкі атрымаў каралеўскі прывілей на првядзенне ў Заслаўі чатырох кірмашоў на год, а таксама штотыднёвых таргоў.

У 1774 годзе па загадзе Антонія Пшаздецкага на месцы старога касцёла пачалося будаўніцтва новага храма. Верагодным аўтарам праекта касцёла з’яўляецца італьянскі архітэктар Карла Спампані. Касцёл быў асвечаны ў 1799 годзе ў гонар Дзевы Марыі. У 1867 годзе касцёл быў перабудаваны пад царкву, за савецкім часам быў зачынены, а з 1989 года зноў пачаў дзейнічаць як касцёл. Недалёка ад касцёла знаходзіцца магіла вядомага спадарожніка і пісьменніка Яна Ходзькі.

Пасля Другога Падзелу Рэчы Паспалітай Заслаўе увайшло ў склад Расійскай імперыі. Заслаўе было мястэчкам і цэнтрам воласці Мінскага павета.

На пачатку 19 стагодзя Заслаўе ад Пшаздецкіх перайшло да Прушынскіх. У 1863 годзе Людзвіг Прушынскі прымаў удзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага, за што Заслаўе ў яго было канфіскавана.

У 1873 годзе праз Заслаўе прайшла Лібава-Роменская чыгунка, што падштурхнула ягонае развіццё.

На пачатку 20 стагоддзя тут было каля 3000 жыхароў, дзейнічалі дзве царквы, касцёл, две школы, бальніца, аптэка.

У 1919 годзе Заслаўе ўвайшло ў БССР і з 1924 года мястэчка стала цэнтрам раёна. У 1959 годзе Заслаўскі раён быў скасаваны і Заслаўе ўвайшло ў склад Мінскага раёна.

У 1986 годзе ў Заслаўі быў створаны этнаграфічны музей. Комплекс музея ўключае некалькі аутэнтчыных драўляных пабудоў: паравы млын, свіран, дом завознікаў, кузня. Гэтыя драўляныя будынкі датуюцца пачаткам 20 стагоддзя.

Фота: Кісцерны Кірыл