Калісьці ў гэтых мясцінах была вялікая пушча і шляхта ездзіла сюды на паляванне. Па легендзе адзін са шляхцічаў, якога за трапную стральбу звалі дзербнікам, у 16 ст. заснаваў тут свой фальварак Дзербы.

Аднак падчас перапісу паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага ў 1680 г. гэтую вёску, дзе тады было 20 дамоў, запісалі ў метрыках як Залессе.

Аднойчы ў гэтыя мясціны завітаў віцебскі ваявода Марцыян Міхал Агінскі. Мясціны яму вельмі спадабаліся і ён набыў вёску і ваколіцы. Так Залессе стала галоўнай рэзідэнцыяй роду Агінскіх, назова якога паходзіць ад назвы маёнтка Агін ля Коўна.

Пад канец 18 стагоддзя Залессе належала Францішку Агінскаму – дзядзьку Міхала Клеафаса Агінскага. Міхал з дзяцінства даволі часта бываў у дзядзькі, гуляў па парку. Каб даць Міхалу добрую адукацыю бацькі нанялі Міхалу настаўніка – француза Жана Рале, які займаўся з ім рознымі навукамі, музыкай і фехтаваннем. Пазней, у памяць аб сваім настаўніку, Міхал паставіў у парку Залесся камень з надпісам «Жану Рале», які магчыма пабачыць і цяпер.

Міхал з дзяцінства любіў музыку, яшчэ малым дзіцём ён граў на касцельным аргане і спяваў. Але ён марыў стаць дыпламатам і ў 25 гадоў адправіўся у Галандыю паслом Рэчы Паспалітай, а па вяртанні заняў пасаду падскарбія Вялікага Княства Літоускага. Міхал быў патрыётам і выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, але быў вымушаны падпісаць трактаты аб падзеле краіны. Тады ён адмовіўся ад пасады падскарбія і ўступіў у шэрагі паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.

Пасля паразы паўстання Міхал Клеафас іміграваў у Канстантынопаль, а потым пераязжаў у Парыж і Венецыю. Але праз 7 гадоў вырашыў усё ж вярнуцца на Радзіму. Дзеля гэтага яму прыйшлося прысягнуць на вернасць імператару Аляксандру I. Тады яму вярнулі былыя маёнткі, але Міхал паехаў менавіта ў Залессе, з якім у яго былі звязаны самыя лепшыя дзіцячыя ўспаміны. Дзядзька ўзрадваўся прыезду пляменніка. Ён перадаў яму гаспадаранне ў Залессі, а сам з’ехаў у Маладзечна.

У Залессі Міхал Агінскі разбіў англійскі парк, пабудаваў аранжарэю, звярынец. А ў 1802 ён распачаў будаўніцтва палаца па праекце віленскага архітэктара Міхала Шульца.

Палац быў пабудаваны у класічным стылі ў форме літары Г з даўжынёй доўгага флігеля каля 160 метраў і кароткага — каля 50 метраў.

Палац быў пашкоджаны ў Першую Сусветную вайну, у савецкія годы у ім быў санаторый, а з 1977 года палац пачалі рэстаўраваць. Зараз ён цалкам адноўлены і ў ім знаходзіцца філіял музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

У Залессі Міхал Агінскі стварыў шмат твораў, у тым ліку і знакаміты паланэз ля-мінор (падчас паўстання 1830 года ён атрымаў вядомую усім назву – “Развітанне з Радзімай”). У Залессе да Агінскага прыязжалі шматлікія госці, праводзіліся музыкальная вечарыны.

Побач з палацам была пабудавана невялікая капліца, асвечаная ў гонар Дзевы Марыі, якая добра захавалася да нашых дзён.

У Залессе Міхал перавёз сваю другую жонку – італьянку Марыю Нэле, якая нарадзіла яму трох дачок і сына. У гонар адной з дачок — Амеліі Міхал паставіў у парке альтанку, якая і зараз завецца “альтанка Амеліі”. Доўгі час будынак стаяў ў кепскіх стане, але апошнім часам быў рэстаўраваны.

Таксама у парку была пабудавана і іншая альтанка – “кітайская альтанка”. Яна была амаль цалкам зруйнавана падчас войнаў, але нядаўна была адноўлена.

Недалёка ад палаца Агінскіх знаходзіўся і гаспадарчы двор. З гэтых будынкаў да нашых дзён дайшоў свіран з бутавага каменя, які знаходзіцца ў паўночна-ўсоднім напрамку ад палаца. На мясцовай раце Драе яшчэ з канца 18 ст. існавала плаціна і млын. Нядайна будынак млына быў таксама рэстаўраваны, адноўлены і масты праз раку Драю і яе пратокі.

Неўзабаве імператар Аляксандр I прапанаваў Міхалу стаць сенатарам і ягоным дарадцам. Спачатку Агінскі хістаўся, а потым згадзіўся. Калі ён заняў гэтую пасаду, ён стаў абмяркоўваць з імператарам ідэю адраджэння Вялікага Княства Літоўскага у складзе Расійскай Імперыі і імператару гэтая ідэя спадабалася. Але тут пачалася вайна з Наплеонам, а пасля яе заканчэння імператар катэгарычна адмовіў праект. Расчараваны Агінскі вярнуўся у Залессе, у той час ён паставіў у парку камень у гонар Тадэвуша Касцюшкі – змагара за незалежнасць з надпісам па польскі “ценям Касцюшкі”.

Міхал Клеафас Агінскі даволі часта сустракаўся з дзеячамі таварыств філаматаў і фларэтаў, якіх неўзабаве арыштавалі. Адчуваючы пагрозу ён у 1822 г. з’ехаў ва Фларэнцыю, дзе і памёр ва ўзросце 68 год. Пахаваны побач з храмам Санта Марыя Навэлла.

Залессе належала Агінскім да 1920-х гадоў, а пасля гэтыя землі набылі браты Капчынскія. Пасля Капчынскіх маёнтак быў уласнасцю М. Жаброўскай з Варшавы, якая ўладарыла тут да прыходу савецкай улады.

Фота: Kisterny Kiryl