Па легендзе калісьці сюды прыйшло балцкае племя, спынілася каля мясцовай рэчкі і ўбачыла шмат канюшыны. Рэчку назвалі Dzveja, што па-балцку значыць канюшына, а само паселішча, што за ракой – Задзвея.

Першыя звесткі пр Задзвею ў пісьмовых крыніцах адносяцца да 15 стагоддзя, калі тут уладарыў шляхціч Чамровіч. У 1469 годзе ён прадаў Задзвею Марціну Гаштольду. Пасля смерці Марціна маёнткі перайшлі да ягонага сына Альбрэхта Гаштольда, які быў вядомым дзяржаўным дзеячом. Сястра Альбрэхта Елізавета выйшла замуж за Яна Радзівіла і частка маёнткаў роду (у тым ліку і Задзвея) былі перададзены за ёю ў пасаг. Наступным уладаром Задзвеі стаў сын Яна і Елізаветы — Ян Янавіч Радзівіл. Ён нашчадкаў не меў і Задзвея перайшла да ягонага зводнага брата Мікалая Радзівіла Чорнага. Мікалаў Радзівіл у пэўны час меў патрэбу ў грошах і здаў Задзвею ў арэнду Івану Есьману, які пазней выкупіў маёнтак.

А вось у 17 стагоддзі Задзвея ўжо належала шляхцічам Галаўням. Наваградскі харунджы Юры Галаўня разам са сваёй жонкай Рэгінай у 1610 годзе пабудавалі тут касцёл, а праз 7 гадоў адкрылі шпіталь. Касцёл згарэў падчас вайны з Масковіяй у 1654 годзе. Пазней на гэтам месцы была пастаўлена капліца, а ў 1870 годзе яна была перабудавана пад Свята-Казанскую царкву. Гэтая царква згарэла падчас Айчыннай вайны.

У 18 стагоддзі ў Задзвеі пачалі ўладарыць Межаеўскія. У першай палове 18 стагоддзя на беразе ракі Дзвейка Межаеўскія пабудавалі  драўляны палац. У Задзвеі яны стварылі вялікую гаспадарку. Ад гэтага гаспадарчага двара захвалася некалькі будынкаў. Да нашых дзён дайшоў будынак стайні, дзе трымалі пародзістых коней. Акрамя таго захавалася сыраварня, прадукцыю якой нават адпраўлялі на экспарт.

 

Велмі прыгожым з’яўляецца будынак лядоўні, дзе захоўваліся харчовыя прадукты.

З пачатку 19 стагоддзя Задзвеяй валодаў Мацей Межаеўскі. Ён браў удзел у напалеонаўскай кампаніі, выйшаў у адстаўку ў званні капітана і на сталае жыццё прыехаў у Задзвею. На той час мясцовы палац ужо трохі састарэў і Мацей запрасіў сюды архітэктара для перабудовы палаца. Палац быў перароблены і пабольшаны. З аднаго боку ў яго быў чатырохкалонны порцік, а з іншага – мураваны рызаліт з аццікам. Інтэр’ер палаца быў даволі стрыманым, з мэбляй у стылі ампір. Палац стаяў да Айчыннай вайны, калі быў падпалены партызанамі і цалкам згарэў.

У гасцях у Межаеўскіх у Задзвеі бывалі Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Ксёндз з Задзвеі Павел Грынашкевіч стаў прататыпам ксяндза Пятра з паэмы Міцкевіча “Дзяды”. Таксама тут бываў і запісваў народныя песні фалькларыст Міхаіл Федароўскі.

З 1872 года ў Задзвеі гаспадарыў сын Мацвея Леон Межаеўскі, а з 1891 года ягоная пляменніца Марыя – апошняя прадстаўніца роду. Марыя была замужам за Ігнаціем Чачотам, так да 1939 года Задзвеяй валодалі Чачоты.

З пачатку 20 стагоддзя ў Задзвеі захавалася нямала старых драўляных хат, якія з’яўляюцца помнікамі народнай архітэктуры.

Фота: Савачка Алег