Упершыню ў летапісах гэтае паселішча ўзгадваецца як Высокі горад ў 14 стагоддзі. На той час гэта была ўласнасць вялікага князя літоўскага Гедыміна. Пазней паселішча мела назову Высока-Літоўск і было вялікакняжацкай уласнасцю. Вялікі князь Вітаўт заснаваў тут першы касцёл, а вялікі князь Аляксандр у 1494 годзе надаў мястэчку Магдэбургскае права і ўласны герб:
На пачатку 16 стагоддзя Высока-Літоўск перайшоў да вялікага князя Жыгімонта І, які перадаў яго ў пажыццёвае карыстанне Яну Літавору Храптовічу, які вызваліўся з маскоўскага палону. Праз 2 гады Ян Храптовіч памёр, а ў Высока-Літоўску змянілася шмат гаспадароў: тут уладарылі Ваханоўскія, Йодкі, Пяткевічы, Хлявіцкія, а ў 1570-х гадах Высока-Літоўск набыў Лаўрэн Война. Сын Лаўрэна Андрэй Война фундаваў пабудову ў Высока-Літоўску мураванага касцёл. Касцёл пачалі будаваць у 1603 годзе на месцы капліцы Святой Барбары, якая загінула ў пажары. Будаўніцтва ішло 6 гадоў, а ў 1609 годзе Траецкі касцёл быў асвечаны біскупам Паўлам Валуцкім. У 1735 годзе па фундацыі уладара мястэчка Міхала Сапегі касцёл быў адноўлены і значна перабудаваны.Храм мае строгую архітэктуру. У 1950-х гадах касцёл быў прыстасаваны пад спартовую залу, а ў 1993 годзе яго вярнулі каталікам і ён быў адноўлены.
У 1647 годзе Высока-Літоўск набыў віцебскі ваявода, а потым і гетман ВКЛ Павел Сапега. Ён адразу ж распачыў будаўніцтва тут абарончага замку. Замак быў размешчаны паміж узгоркам і рэчкай Пульвай, на якой зрабілі запруду. Такім чынам замак апынуўся на востраве, ягоная сувязь з зямлёй была праз перакідны мост. Да нашых дзён захаваліся рэшткі земляных валоў замка. Таксама да нас дайшлі рэшткі брамы-вежы замка. Раней у двухпавярховай вежы-браме быў механізм пад’ёманага маста, а таксама знаходзілася збраёўня.
Па чутках з брамы да бастыёнаў замка таксама ішоў і падземны ход, які дазваляў ціха патрапіць на абарончыя пазіцыі.
Гэтую браму замка магчыма пабачыць і на малюнку Напалеона Орды 1876 года:
Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1655-67 гадах высокаўскі замак моцна пацярпеў, у ім быў пажар. Таксма замак пацярпеў і падчас Паўночнай вайны, але быў адноўлены. У 1748 годзе замак ізноў згарэў, а Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. Канчаткова разбураны замак быў падчас пажару 1784 года.
Пасля Паўла Сапегі Высока-Літоўск належаў ягонаму сыну Бенедыкту Сапеге. Пад канец 17 стагоддзя Высока-Літоўск быў значным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам. Тут сфарміравалася гандлёвая плошча, на якой стаяла ратуша і праходзілі кірмашы. У 1671 годзе намаганнямі Сапегі мястэчка атрымала прывілей на “вечны” чатырохтыднёвы кірмаш, які быў асабліва знакаміты сваімі палотнамі і дыванамі. У 17-18 стагоддзях у Высока-Літоўску было да 17 бровараў, большасць прадукцыі якіх ішла на экспарт праз порт Гданьска.
У сярэдзіне 18 стагоддзя Высока-Літоўск стаў прадметам спора паміж Аляксандрам Сапегай і ягоным братам Міхалам Сапегамі, які тут жыў. Справа дайшла да суда, які вырашыў пакінуць Высока-Літоўск на карысць старэйшага брата Аляксандра Сапегі, а Міхал Сапега быў вымушаны адсюль з’ехаць.
Аляксандр Сапега быў канцлерам Вялікага княства Літоўскага. У Высока-Літоўск ён запрасіў братоў-баніфратаў і ў 1785 годзе пабудаваў ім кляштар. Праект кляштара і касцёла баніфратаў распрацаваў архітэктар Самуіл Бэкет – аўтар палаца Сапегаў у Ружанах. Касцёл Святога Яна верагодна займаў цэнтральную частку будынка, а ў двух бакавых крылах былі карпусы кляштара. Кляштар баніфратаў дзейнічаў да 19 стагоддзя, калі быў зачынены. Зараз у будынку кляштара размяшчаецца гараж.
У 1772 годзе ў Высока-Літоўску таксама была пастаўлена мураваная капліца Святой Барбары. Невялікі васьмігранны будынак з шатровым дахам быў пастаўлены на узвышаным правым беразе ракі Пульвы. Фундатарам пабудовы капліцы быў ксёндз Слачэўскі.
У 1775 годзе Высока-Літоўск наведваў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі на шляху свой маёнтак Воўчын.
Пасля смерці Аляксандра Сапегі Высока-Літоўск перайшоў да ягонага сына Францішка. Ён у 22 гады стаў генералам літойскай артылерыі, прымаў удзел у шматлікіх ваенных кампаніях. Францішак Сапега ажаніўся з Пелагеяй Патоцкай, але ў 1805 годзе яны разышліся і Францішак пакінуў Высока-Літоўск за Пелагеей.
Палагея Патоцкая у Высока-Літоўску распачала будаўніцтва палаца. Палац быў пабудаваны нам месцы старога замка Сапег у 1815 годзе. Ён складаўся з асноўнага палацавага корпуса і двух афіцын, размешчаных па баках ад яго. Усе будынкі мелі рысы класічнага стыля, былі ўпрагожаны порцікамі з калонамі. Галоўны палац меў анфіладную планіроўку, у цэнтру будынка размяшчалася парадная зала з выхадам у парк.
Вялікі пейзажны парк быў закладзены ўвакол палаца і меў тэрыторыю каля 50 гектар, у ім і зараз магчыма сустрэць каля 40 парод дрэў.
Пасля смерці Францішка Сапега Палагея пабралася шлюбам з сынам віленскага ваяводы Паўлам Сапегай. Наступным уладаром Высока-Літоўска стаў іх сын Францішак Ксаверый, які ажаніўся з Канстанцыяй Сабанскай. У 1863 годзе Францішак Ксаверый падтрымаў паўстанне Кастуся Каліноўскага, а пасля ягонай паразы быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Уладарыць у Высока-Літоўскага стала ягоная дачка Марыя, якая выйшла замуж за Станіслава Патоцкага.
У 1840 годзе ў Высока-Літоўску з’явіўся першы праваслаўны храм – драўляная царква. Пасля паўстання 1863 года тут вырашылі паставіць новы каменны храм. Праект храма зацвердзіў асабіста генерал-губернатар Мураў’ёў. Царква Уздвіжэння Святога Крыжа была асвечана ў 1869 годзе. У 1886 годзе на шляху ў Варшаву ў высокаўскай царкве быў імператар Аляксандр ІІІ. Ён прысутнічаў на набажэнстве ў храме і падарыў царкве абраз яўлення Багародзіцы Сергію Раданежскаму, які захоўваецца ў царкве і зараз.
Апошнім уладаром Высока-Літоўска стаў сын Марыі Якуб Патоцкі, які памёр у 1934 годзе і завяшчаў маёнтак фонду па барцьбе з ракам і туберкулёзам.
У 1939 годзе Высока-Літоўск у складзе Заходняй Беларусі быў далучаны да БССР. Тады ж ён змяніў назову на Высокае, а вось назову Высока-Літоўск дарэчы захавала мясцовая чыгуначная станцыя.
Фота: Савачка Алег