Па мясцовых легендах назова гэтага паселішча паходзіць ад яго заснавальніка Ўселюба — чалавека, якого тут калісьці ўсе любілі і паважалі.
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Уселюб узгадваецца ў 1422 годзе як уласнасць Яна Неміра — пачынальніка роду Неміровічаў. Ян Неміра быў канюшым у князя Вітаўта і за паслугі перад князем атрымаў ад яго Ўселюб. Ян Неміра лічыцца фундатарам першага мясцовага касцёла, па іншых звестках касцёл заснаваў і будаваў ягоны сын Андрэй Неміровіч.
Касцёл быў пабудаваны каля 1433 года у гатычным стылі. Касцёл лічыцца самым старым гатычным касцёлам на Беларусі. На працягу стагоддзяў касцёл неаднаразова перабудоўваўся. У 1788 годзе ў ім здарыўся пажар, а ў 1790-1800 гг. ён быў адноўлены, іншая перабудова адбылася ў 1841-49 гг. Але найбольш значна храм змяніў выгляд ў 1897 годзе, калі перад галоўным фасадам была ўзведзена трох’ярусная вежа-калакольня. У 1986 годзе ў касцёле здарыўся моцны пажар ад якого абваліліся своды і дах. У 1990-я годы храм быў адноўлены, зараз ён дзейнічае як касцёл Святого Казіміра.
Пасля смерці Яна Неміры Уселюб перайшоў да ягонага сына Мікалая — намесніка віцебскага і самленскага. Мікалай жа адпісаў Уселюб свайму пляменніку Якубу — старасту берасцескаму, а той у сваю чаргу пакінуў Уселюб свайму сыну Андрэю — ваяводзе кіеўскаму. Незадоўга да сваёй смерці Андрэй адпісаў мястэчка Станіславу Давойну, які служыў яму падчас, калі ён займаў пасаду кіеўскага ваяводы. Дарэчы Станіслаў Давойна сам стаў ваяводай полацкім. Пасля ягонай смерці тут уладарыла ўдава Станіслава — Барабара з роду Саламярэцкіх, якая ў 1576 годзе прадала Уселюб Мікалаю Радзівілу Рудому.
Мікалай Радзівіл Руды быў таленавітым паўкаводцам, дзяржаўным дзеячом, па веравызнанні быў кальвіністам. Ён перарабіў мясцовы касцёл у кальвінскі збор, побач пабудаваў званіцу. Пры ім таксама тут былі адрамантаваны могілкі, адноўлены шпіталь, адкрыта школа для маленькіх дзяцей.
Пасля Радзівілаў Уселюб перайшоў да роду Пацеяў, а ў 1713 годзе тут ужо уладарыў Антоній Навасельскі — кашталян наваградскі. А вось пад канец 17 стагоддзя Уселюб патрапіў да прадстаўнікоў ірландскага роду О’Руркаў. Заснавальнікам усходнееўрапейскай галіны гэтага роду лічаць Карнеліуша О’Рурка. Сын Карнеліуша Іосіф О’Рурк зрабіў кар’еру ў расійскай арміі, асабліва вызначыўся падчас вайны з Напалеонам.
Пры О’Рурках тут быў закладзены парк з рэдкімі дрэвамі, зроблены тэрасы да ракі Пліса, выкапаны сажалкі. Пасярод парка быў закладзены сядзібны дом. На той час, у 1799 годзе Уселюб ужо быў мястэчкам і тут было каля 100 дамоў.
З 1819 Іосіф О’Рурк выйшаў у адстаўку і пасяліўся на сталае жыццё ва Ўселюбе. На мясцовых старажытных могілках ён у 1837 годзе пабудаваў капліцу-пахавальню роду. А ў 1838-40 гг. Іосіф О’Рурк фундаваў будаўніцтва ва Ўселюбе праваслаўнай царквы Міхаіла Архангела. Царква разам са званіцай добра заваліся.
Іосіф о’Рурк памёр у 1849 годзе, ва Уселюбе далей уладарылі яго нашчадкі. Тут з’явіліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы, флігелі, а сядзібны дом быў перабудаваны ў стылі ампір. На жаль сядзібны дом цалкам згарэў у 2012 годзе, ад яго захаваліся толькі падмуркі. Да нашых дзён дайшоў адзін з флігеляў, а таксама амбар, пабудаваныя з бутавага каменю.
За польскі часам Уселюб быў цэнтрам гміны Наваградскага павета. Да 1939 года ён належыў О’Руркам, а з прыходам савецкай улады апошні ўладальнік Караль О’Рурк быў арыштаваны, далейшы ягоны лёс невядомы.
Фота: Кісцерны Кірыл