Відзы знаходзяцца паміж трох азёр. Па адной з версій жыхары прыйшлі сюды з гістарычнага раёна Латвіі – Відзэме. Адсюль і пайшла назова паселішча.
Відзы ўзгадваюцца ў летапісах у першай палове 15 стагоддзя, калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч падарыў гэтыя землі тром братам: Доўгерду, Даўгшу і Нарушу. У 1481 годзе Доўгерды запрасілі сюда манахаў-бернардынцаў і пабудавалі для іх першы драўляны касцёл.
У 1492 годзе Ян Ганусовіч перадаў Відзы віленскаму біскупу Табару. У 1524 годзе частку мястэчка набыў віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд. А вось на пачатку 17 стагоддзя Відзы сталі ўласнасцю Пацаў. У 1629 годзе віленскі ваявода Міхал Пац адпісаў свае ўладанні разам з Відзамі ордэну канонікаў. Былі ў Відзах і прадстаўнікі іншых манаскіх ардэноў: дамініканцы, езуіты. У пачатку 18 стагоддзя езуіты зрабілі тут сваю рэзідэнцыю, адкрылі касцёл і школу. Езуіцкая рэзідэнцыя ў Відзах дзейнічала да сярэдзіны 19 стагоддзя, а ў 1867 годзе будынкі былі канчаткова разабраныя.
У 18 стагоддзі вялікай часткай дамоў у Відзах валодалі шляхцічы Ваўжэцкія. У Відзах нарадзіўся паплечнік Тадэвуша Касцюшкі і адзін з кіраўнікоў гэтага паўстання Тамаш Ваўжэцкі. Калі паранены Тадэвуш Касцюшка патрапіў у палон, менавіта ён стаў кіраўніком паўстання ў Рэчы Паспалітай. Пасля ён адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці, а памёр у 1816 годзе ў Варшаве і быў пахаваны на радзіме ў Відзах.
Пад канец 18 стагоддзя ў маёнтку Відзы Лаўчынскія побач з Відзамі Ваўжэцкія зрабілі сваю рэзідэнцыю і распачалі пабудову палаца. З 1804 года маёнткам валодалі і дабудоўвалі палац шляхцічы Мінейкі. Аднапавярховы палац быў пабудаваны з дрэва і атынкаваны. Галоўны ягоны фасад упрыгожваў порцік з чатырма драўлянымі калонамі.
Палац стаіць на масіўных мураваных падмурках. З адваротнага боку у палаца ёсць цокальны паверх, над якім знаходзіцца вялікі балкон. На яго з абодвух бакоў вядуць гранітныя лесвіцы. Гэты фасад палаца глядзіць на мясцовае возера Дворнае.
У 1794 годзе ў мястэчку Відзы налічвалася 1270 жыхароў. Пасля паўстання 1794 года і пажара ў Браславе цэнтр Браслаўскага павета быў перанесены з Браслава ў Відзы.
Падчас Трэцяга Падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Відзы ўвайшлі з склад Расійскай імперыі. Летам 1812 года, падчас вайны з Напалеонам тут была галоўная кватэра імператара Аляксанда І, а пасля прыхода напалеонаўскіх войск тут спыніўся маршал Мюрат. Падчас гэтай вайны тут адбыўся бой паміж французскімі і рускімі войскамі, ад якога мястэчка значна пацярпела. У 1835 годзе ў Відзах здарыўся вялікі пажар, які пашкодзіў большую частку мястэчка.
У 1861 годзе на ўскрайку Відзаў была пастаўлена капліца, рэшткі капліцы захаваліся да нашых дзён. Вакол капліцы знаходзяцца старыя каталіцкія могілкі, дзе магчыма пабачыць пахаванні пачатку 19 стагоддзя.
У 1860 годзе ў Відзах было каля 500 жыхароў. Тры разы на год тут праходзілі кірмашы, якія былі вядомы гандлем коней і гусей. У канцы 19 стагоддзя тут пражывала ўжо больш за 5500 жыхароў, большасць з іх былі габрэі. З тых часой захаваліся дамы з рэгулярнай забудовы мястэчка вакол колішняй гандлёвай плошчы. Акрамя таго з пачатку 20 стагоддзя да нашых дзён дайшоў будынак млына.
У Відзах здаўна жылі людзі розных канфесій. На пачатку 20 стагоддзя тут стаяла некалькі сінагог, але яны не дайшлі да нашых дзён. З тых часоў захаваліся толькі вялікія габрэйскія могілкі. Акрамя габрэяў тут жылі і татары. З 1816 года тут быў мусульманскі прыход, захаваліся таксама татарскія могілкі. У Відзах было і шмат старавераў. Мясцовая стараверская царква была збудавана ў 1910 годзе і асвечана ў гонар Успення Багародзіцы. Цагляны будынак царквы мае рысы стылю мадэрн.
У 1909 годзе ў Відзах пачалі будаваць вялікі цагляны касцёл у стылі неаготыкі. Будаўніцтва храма было скончана ў 1914 годзе. Касцёл быў асвечаны ў гонар Нараджэння Дзевы Марыі. Вышыня касцёла разам з крыжамі – 59 метраў, гэты адзін з самых высокіх касцёлаў на Беларусі.
У 1949 годзе ксёндз касцёла быў арыштаваны і высланы ў лагер, а касцёл быў зачынены. У 1950-я гады мясцовыя жыхары ездзілі ў Маскву, спрабавалі аднавіць храм, але не здолелі нічога дабіцца. У касцёле зрабілі склад, а потым спортзал. У 1989 годзе будынак зноў перадалі вернікам.
З 1921 года Відзы ўвайшлі ў склад Польшчы і былі цэнтрам гміны. У 1939 годзе Відзы ўвайшлі ў склад БССР і былі цэнтрам раёна, які праіснаваў да 1960 года.