Назова гэтага паселішча паходзіць ад літоўскага слова varnas — варона. Упершыню ў летапісах Варняны ўзгадваюцца ў 1391 годзе. У 1397 годзе вялікі князь Ягайла падарыў Варняны Віленскай капітуле (кафедральнаму касцёлу), на той час Варняны былі адной з дзесяці вёсак, якія плацілі падаткі на яе ўтрыманне.

У сярэдзіне 15 стагоддзя Варняны належалі вялікаму князю Казіміру, а ў 1453 годзе ён перадаў Варняны з часткай мясцовых земляў баярыну Сангайле. Ягоная ўдава Марыя Сангайлава ў 1462 годзе заснавала тут першы драўляны касцёл Божага цела. У 1508 годзе часткай Варнян валодаў Андрэй Свірскі, ён надаў фундуш мясцоваму касцёлу, а вось іншай паловай Валодалі валодалі Пронскія, а потым Чыжэвічы.

У 1581 годзе ў Варнянах пачаў гаспадарыць ваявода менскі і смаленскі Ян Абрамовіч. Ян Абрамовіч быў пісьменнікам, рэлігійным дзеячам, на свае сродкі выдаваў кнігі, у тым ліку кальвінісцкі катэхізіс віленскага прапаведніка Суроўскага. Ян Абрамовіч фундаваў будаўніцтва тут кальвінскага збору, школы, шпіталя. Ён памёр ў 1602 годзе, а пасля ягоной смерці Варняны перайшлі да ягона сына Мікалая — генерала артылерыі. У Мікалая быў сын Самуэль, які вучыўся ў Галандыі. Пасля смерці бацькі ён перайшоў у каталіцтва і зачыніў кальвінскі збор у Варнянах.

Адным з наступных уладароў Варнян быў Юрый Абрамовіч. У 1760 годзе ён пачаў будаўніцтва тут новая мураванага касцёла. Праект храма распрацаваў віленскі архітэктар Аўгуст Касакоўскі, будынак рысы позняга барока і ракако. Неўзабаве ў 1767 годзе Юры Абрамовіч памёр і будаўніцтва было завершана ягонай ўдавой Марцыянай Абрамовіч. У 1769 годзе касцёл быў асвечаны віленскім біскупам Міхаілам Зянкевічам у гонар Святога Юрыя. У вялікім алтары касцёла былі абразы Узнясення і Святога Яна, напісаныя Сымонам Чаховічам і перанесеныя сюды з касцёла Святога Казіміра ў Вільні. Касцёл дабудоўваўся яшчэ ў 1880 і 1908 гадах, але добра захаваў свой аўтэнтычны выгляд. З 1948 года касцёл быў зачынены, са склепа ў сутарэннях касцёла былі выкінуты пахаванні рода Абрамовічаў. Спачатку ў будынку было зернесховішча, а потым у яго абваліўся дах і будынак прыйшоў у заняпад. У 1982 годзе будынак нават збіраліся ўзарваць, але нарэшце адрамантавалі дах і зрабілі тут мясцовы клуб. У 1990 годзе касцёл быў вернуты каталікам і зноў асвечаны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Пры Марцыяне Абрамовіч Варняны былі забудаваны па суцэльным барочным плане. З правага боку ад касцёла з’явіўся будынак аптэкі, а злевага боку – плябань. Гэтыя двухпавряховыя будынкі з вальмавымі дахамі добра захаваліся да нашых дзён.


Перад касцёлам была створана працяглая плошча, якая мела форму трапецыі. Па баках плошчы былі пабудаваны восем пар тыповых жылых дамоў для рамеснікаў. Дамы маюць муравана-драўляную канструкцыю, а іх фасады злучаны паміж сабой мураванымі сценамі з арачнымі праездамі. Да нашых дзён лепей захаваўся масіў дамоў на паўночным баку плошчы, частка будынкаў і сцен на паўднёвым баку плошчы былі страчаны.

У канцы плошчы, насупраць касцёла, Марцыяна Абрамовіч пабудавала палац з драўлянымі флігелямі, якія ўтваралі паўкруглы парадны двор рэзідэнцыі. Вакол палаца быў разбіты парк у англійскім стылі, недалёка былі выкапаны сажалкі. На працягу 19 стагоддзя – у пачатку 20 стагоддзя палац перабудоўваўся. А вось падчас Першай Сусветнай вайны ўсе каштоўнасці з палаца былі вывезены, а сам палац згарэў дашчэнту. Як выглядаў палац, а таксама касцёл пад канец 19 стагоддзя магчыма пабачыць на малюнках Напалеона Орды:


Наступнымі ўладарамі Варнян былі дзеці Марцыяны Андрэй і Яўхім, а потым і яе ўнук — Мікалай Абрамовіч, які быў маршалкам шляхты Віленскага павета. Пазней Мікалай Абрамовіч быў камергерам царскага двара, а ў 1812 годзе перайшоў на бок Напалеона, атрымаў званне падпалкоўніка і нават увайшоў у склад часовага ўрада. А вось пасля паразы Напалеона ён вярнуўся ў Варняны і ў хуткім часе памёр (па іншых чутках скончуў жыццё самагубствам ці нават быў забіты).

Кажуць, яшчэ пры Мікалае Абрамовічы на адной з сажалак быў насыпаны востраў, а на ім пабудавана дэкаратыўная вежа ў неагатычным стылі. Увакол вежы ідзе кругавая лесвіца, па якой магчыма патрапіць наверх і пабачыць прыгожы від на наваколле.

На востраў раней вёў драўляны перакідны мост, які ў савецкія часы замянілі на металічны пад’ёмны мост, які працуе і зараз.


Пры Абрамовічах у Варнянах акрамя палаца і парка было шмат гаспадарчых пабудоў: цагельня, бровар, млын, шматлікія хлявы і свіраны. Да нашых дзён добра захаваўся будынак млына з бутавага каменю, а таксама свіраны.


Напрыканцы 19 стагоддзя ў мястэчку Варняны жыло каля 250 чалавек, было 18 крам, карчма, 12 разоў на год праходзілі кірмашы.

Абрамовічы валодалі Варнянамі да другой паловы 19 стагоддзя, а пасля прадалі мястэчка панам Снядэцкім. А ў 1914 годзе Варняны набыў Зыгмунд Хамінскі, які стаў апошнім уладаром Варнян. За польскім часам, з 1922 года, Варняны былі цэнтрам гміны, а калі ўвайшлі ў склад БССР (з 1940 года), то сталі звычайнай вёскай.

Фота: Кісцерны Кірыл, Жыдовіч Ірына