Упершыню ў пісьмовых крыніцах Свяцк узгадваецца ў 1514 годзе, калі тут гаспадарыў Шумка Сапоцька. У сярэдзіне 16 стагоддзя Свяцк быў падараны харунджаму Яну Веламоўскаму, які зрабіў унёсак у перамогу над маскоўцамі на рацэ Вуле. А вось у 1612 годзе тут ужо ўладарыў Ян Валовіч, які паставіў першы ў гэтых мясцінах касцёл. З тых часоў тут уладарыў род Валовічаў. Побач тут было нават некалькі маёнткаў з назовай Свяцк, дзе уладарылі розныя прадстаўнікі гэтага роду. У другой палове 18 стагоддзя гарадзенскі маршалак Юзаф Валовіч выкупіў навакольныя маёнткі у Станіслава і Міхала Валовічаў, а таксама ў іншых уласнікаў.  Ён вырашыў заснаваць тут сваю галоўную рэзідэнцыю, але зрабіць гэтага не ўспеў, бо хутка памёр. Справу бацькі працягнуў ягоны сын Антоній, які выкупіў яшчэ некалькі фальваркаў побач са Свяцкам і заснаваў маёнтак Вялікі Свяцк.

У тыя часы адным з вядомых архітэктараў на нашых землях быў італьянец Джузэппе Сакка, які быў прыдворным архітэктарам гарадзенскага старасты Антонія Тызенгауза. Аднойчы кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі замовіў у архітэктара праект новага каралеўскага палаца. Калі прает быў гатовы, то кароль прадэманстраваў яго сваім гасцям на каралеўскім прыёме ў Гародні. Сярод гасцей караля быў і Антоній Валовіч. Праект палаца так уразіў яго, што ён пачаў угаворваць караля прадаць яму праект. Нарэшце кароль згадзіўся зрабіць гэта за вялікія грошы. Так у Свяцку пачалося будаўніцтва палаца па праекце Джузэппе Сакка.

Палац створаны з сталі барока, але з некаторымі рысамі класіцызма. Галоўнае месца ў планіроўцы будынка заняў вялікі вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, якая знаходзілася супраць галоўнага ўвахода. Па баках размясціліся залы, кожная з якіх была упрыгожана ў арыгінальным стылі: “рымская” зала з каменнымі бюстамі рымскіх імператараў, “антычная зала” з барэльефнымі малюнкамі з жыцця старажытных грэкаў, “зала раманскага стылю” з пейзажамі на сценах і небам на столі, “калонная зала” у аснове дэкора якой былі калоны карынфскага ордэра, печы і камін. Усе дэкаратыўныя элементы інтэр’еру былі зроблены па эскізах Джузэппе Сакка, а ў роспісах сцен і столей удзельнічалі мастакі Т.Манькоўскі, Ф.Смуглевіч і іншыя.

У дзень адкрыцця палаца ў 1779 годзе было арганізавана сапраўднае свята: сабралася шмат гасцей, сярод якіх быў і архітэктар, а ў палацы быў дадзены бал, куды запрасілі лепшых музыкаў і спевакоў.

З першымі часамі існавання палаца звязана адна леганда. Паводле яе, дачка Антонія Валовіча – Станіслава закахалася ў аднаго са слуг і зацяжарыла ад яго. Калі пра гэта даведаліся бацькі, то раз’юшаная маці схапіла мармуровую статуэтку і кінула ў дачку. Статуэтка трапіла ў скронь і забіла дзяўчыну. Тады цела Станіславы таемна крэміравалі, а прах пахавалі ў адной са сцен палаца, на якой і зараз знаходзіцца помнік-слуг. Кажуць, што з тых часоў па палацы ходзіць прывід няшчаснай дзяўчыны.

На пачатку 19 стагоддзя палац быў крыху дабудаваны: з’явіліся паўкруглыя бакавыя галерэі-каланады і бакавыя флігелі-афіцыны. Вакол палаца быў разбіты шыкоўны парк, былі выкапаны чатыры сажалкі. Дно адной з іх было выслана дубовымі дошкамі, а гасцей катали па вадзе на гандолах.

Побач з паркам быў закладзены таксама фруктовы сад за якім размяшчаўся гаспадарчы двор. Ад гаспадарчага двара захаваўся адзін з гаспадарчых будынкаў, які мае форму літыры Г. Ён мае дліну каля 100 метраў і складзены з бутавага каменя і цэглы. Будынак датуецца сярэдзінай 19 стагоддзя. Зараз у будынку размяшчаецца бровар і рэстаран.

А вось пад канец 19 стагоддзя недалёка ад палаца, на беразе вадаёма, па праекце Роберта Сарноўскага была пабудавана невялікая сямейная капліца ў неагатычным стылі. Ад капліцы да палаца быў выкапаны падземны ход.

Дарэчы, пасля Антонія Валовіча тут уладарылі ягоныя нашчадкі: сын Іахім Юзаф Валовіч, потым унук Міхал Валовіч. Наступнай гаспадыняй Свяцка была дачка Міхала — Ядвіга Марыя, якая была ў шлюбе з графам Менчынскім. На пачатку 20 стагоддзя тут ужо пачалі ўладарыць Гумніцкія, якія зноў падзялілі маёнтак Свяцк на некалькі частак.

Падчас Першай Сусветнай вайны Свяцк занялі немцы, а ў палацы быў нямецкі шпіталь. За польскім часам палац у 1930-33 гадах быў рэстаўраваны і тут быў санаторый, за савецкім часам у палацы таксама быў санаторый. З 2000-х гадоў будынак рэстаўруецца. У 2023 годзе ў левым крыле палаца  быў адкрыты гатэль, а ў хуткім часе ў галоўным корпусе палаца адкрыецца музей.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: