Гэтыя мясціны заселены чалавекам яшчэ з даўніх часоў. У савецкія часы, калі ля мясцовай ракі Ведзьма праводзілі меліарацыю, быў знойдзены касцяны стрыжань гарпуна. Гэтая знаходка адносіцца да часоў мезаліта.

Упершыню ў летапісах Сваятычы узгадваюцца ў пачатку 16 стагоддзя як уладанне Станіслава Пяткевіча. У 1506 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр дае Станіславу Пяткевічу пяць службаў людзей на правядзення тут кірмашоў. У наступным годзе, пасля смерці Станіслава, вялікі князь літоўскі Жыгімонт І падцвердзіў права на правядзенн тут кірмашоў ягоным нашчадкам. Дарэчы галоўная плошча паселішча з тых даўніх часой і да сённяшняга дня завецца мясцовымі жыхарамі “кірмаш”.

Пасля Пяткевічаў у Сваятычах гаспадары мяняліся даволі часта. У сярэдзіне 16 стагоддзя тут уладарылі Казноўскія, у 1567 годзе — Фурсы, потым Давойны, Карыцкія, Хадкевічы, Рдултоўскія. У другой палове 18 стагодддзя Сваятычы сталі ўласнасцю роду Абуховічаў.

У 1772 годзе Юзаф Абуховіч на тэрасе над рэчкай Ведзьма пачынае будаўніцтва палаца па праекце італьянскіх архітэктараў (іх прозвішчы невядомы). Дабудоўваў палац ягоны сын кашталян менскі Міхал Абуховіч. Ён пераўтварыў Сваятычы у сваю галоўную рэзідэнцыю. Палац быў пабудаваны у стылі класіцызм, меў два паверхі. Галоўны фасад быў упрыгожаны порцікам з чатырма калонамі дарычнага ордэра. На першым паверсе палаца была вялікая зала, якую называлі “хрызалітавы грот”. Сцены былі выкладзены гранітам, а ў кутах стаялі каменныя рыцары, якія трымалі ў руках падсвечнікі. У палацы была бібліятэка, дзе захоўвалася больш за 500 кніг, архіў, карцінная галерэя. Палац называлі самым прыгожым у Наваградскім ваяводстве.

Вакол палаца быў створаны парк, дзе былі пасаджаны экзатычныя дрэвы. Недалёка знаходзіліся і гаспадарчыя пабудовы. Да нашых дзён дайшлі некалькі гаспадарчых пабудоў, якія былі пастаўлены наступнымі гаспадарамі маёнтка ў канцы 19 стагоддзя.

Міхал Абуховіч быў патрыётам сваёй краіны,прымаў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, уваходзіў у найвышэйшую літоўскую раду.

У 1825 годзе Міхал Абуховіч фундуе будаўніцтва касцёла на процілеглым ад палаца беразе ракі Ведзьмы. Касцёл будавалі па праекце дойліда Айхнера у стылі класіцызм і ампір. Касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Юрыя. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл збыў зачынены і  перададзены праваслаўным. У канцы 19 стагоддзя недалёка ад храма была пабудавана невялікая двухпавярховая званіца. У час Першай Сусветнай вайны храм быў зноў перададзены каталікам, а з 1960-х гадоў зачынены і перароблены пад склад. Падчас гэтага ў будынку здарыўся пажар, але з 1992 года храм быў адноўлены і зараз дзейнічае.

На усходнім ўскраўку Сваятыч знаходзяцца старажыя каталіцкія могілкі. Тут захавалася невялікая капліца-пахавальня, якая датуецца канцом 19 стагоддзя. Пасля таго, як будынак мясцовага касцёла перадалі праваслаўным, капліца выконвала функцыя мясцовага каталіцкага храма – у ёй праходзілі службы.

Амаль насупраць могілак, на ўездзе у Сваятычы з боку Нясвіжа захавалася яшчэ адна невялікая мураваная каплічка таксама канца 19 стагоддзя. У цэнтры капліцы стаіць вялікі драўляны крыж, а абкружаюць яе чатыры старыя піхты.

Калі дачка Міхала Абуховіча Соф’я пабралася шлюбам са Станіславам Чапскім, то Сваятычы перадалі за ёю ў пасаг. Наступным уладаром Сваятыч быў іх сын Эдвард, а потым ягоная дачка Вераніка, якая выйшла за графа Яна Зіберг-Плятара. У 1873 годзе дзякуючы Зіберг-Плятэрам у Сваятычах было адкрыта народнае вучылішча.

У 1876 Сваятычы наведваў Напалеон Орда і зрабіў два малюнкі палаца. Так палац выглядаў на той час:

На пачатку 20 стагоддзя гэта было мястэчка было шмат рамеснікаў. Тут дзейнічала цагельня, дзе выраблялі цэглу і чарапіцу, два ветракі, вадзяны млын.

Зіберг-Плятары дбалі аб жыцці мясцовых жахароў. Калі ў 1911 годзе ў Сваятычах здарыўся пажар і пагарэлі дамы сялян, графіня з дапамогай мясцовых жанчын доўгі час дарэмна пякла хлеб на ўсю вёску. Амаль кожную суботу граф Ян Зіберг-Плятэр запрашаў са Снова духавы аркестр і ладзіў танцы.

Падчас Першай вайны Сваятычы моцна пацярпелі. Палац быў разрабаваны, усе каштоўнасці былі вывезены. Але пасля вайны палац быў зноў адноўлены, зноў была сабрана карцінная галерэя з працамі віленскіх мастакоў у тым ліку Фердынанда Рушчыца, Міхала Чарноўскага і іншых. У той час у Сваятычах гаспадарыў сын Веранікі і Яна Генрых Зіберг-Плятэр. Ён стаў апошнім уладаром Сваятыч і жыў тут да 1939 года. А калі сюды ўвайшлі бальшавікі, людзі схавалі яго і дапамаглі яму уцячы.

Падчас Айчыннай вайны у палацы стаялі немцы, а ў самым канцы вайны партызаны узарвалі палац. У 1962 годзе на месцы палаца быў пастаўлены будынак школы.