Упершыню гэтае паселішча узгадваеца ў 14 стагоддзі. Наконт узнікнення назовы існуе легенда.

Аднойчы татары трымалі ў аблозе Слуцк. Аблога была доўгай і сілы ўжо пакідалі абаронцаў. І вось тады мясцовыя жыхары вырашылі падарваць маральны дух ворагаў і выкрасці іх жывы ідал – залатага барана, якога татары трымалі ў сваім шатры. Ноччу адважныя месцічы прабраліся ў шацёр, пабілі ахову, выкралі барана і пачалі ўцякаць. Доўга яны беглі, стаміліся і прагаладаліся. Глядзяць – а баран ужо не залаты, а звычайны. Тады яны барана зарэзалі і па паснедалі, а гэтае месца назвалі – Сталовічы.

У 15 стагоддзі вялікі князь Казімір IV перадаў Сталовічы Неміры Разановічу. У 16 стагоддзі Сталовічы ўжо былі мястэчкам Наваградскага павета. Сталовічамі валодаў намеснік брацлаўскі і вінніцкі Ілля Канстанцінавіч Астрожскі, з 1571 года – Чартрыйскія, а ў 1596 года Сталовічы набыў Мікалай Радзівіл Сіротка. У 1610 годзе ён заснаваў Сталовічскую камандорыю Мальтыйскага ордэна і фундаваў будаўніцтва ў Сталовічах драўлянай капліцы Дзевы Марыі і Яны Хрысціцеля. Ягоны сын Жыгімонт Караль Радзівіл, які з 1612 года быў рыцарам Мальтыйскага ордэна, фундаваў у 1639 годзе пабудаву мураванай Ларэтанскай капліцы, для якой з Італіі была прывезена скульптура Маці Божай Ларэтанскай.

А вось у 1740 годзе тагачасны ўладар Сталовіч і камандор Мальтыйскага ордэна Міхал Дамброўскі распачаў будаўніцтва новага касцёла. Дзеля гэтага ён запрасіў вядомага архітэктара Іосіфа Фантана ІІІ. Ранейшы будынак Ларэтанскай капліцы быў уключаны ў план новага касцёла ў якасці прэсбітэрыя. Са смерцю Міхала Дамброўскага будаўніцтва прыпынілася, але ў хуткім часе яно працягнулася пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Глаубіца.

У 1746 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля. Пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага, у 1868 годзе мясцовы касцёл быў перададзены праваслаўным і перабудаваны пад царкву. Зараз гэта храм Святого Аляксандра Неўскага. Храм з’яўляецца помнікам стылю “віленскае барока”.


У 1771 годзе недалёка ад Сталовіч адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Расійскай Імперыі падчас Барскай канфедэрацыі. У выніку гэтай бітва вялікі гетман Мікалай Казімір Агінскі пацярпеў паразу ад войска генерала Аляксандра Суворава. У памяць аб гэтым каля мясцовага касцёла ўсталяваны камень з памятнай шыльдай.

Пасля Другога Падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі. У той час тут была пошта, карчма, стаяў ваенны гарнізон. У ім у 1814-15 гг. праходзіў службу Кандрацій Рылееў – будучы дзекабрыст.

Калі ў 1817 годзе ў Расійскай Імперыі Мальтыйскі ордэн быў скасаваны, Сталовічы перайшлі ў прыватную ўласнасць да камандора Льва Радзівіла.

У 1867 годзе ў мястэчку было 102 дамы, каля 500 жыхароў, два разы на год праходзілі кірмашы. У той час тут ужо дзейнічала народнае вучылішча. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя ў Сталовічах было каля 1000 жыхароў,больш за 10 крам, 3 млыны, працягвала дзейнічаць народнае вучылішча.

У пачатку 20 стагоддзя ў Сталовічах быў пабудаваны касцёл Сэрца Ісуса. Будаўніцтва прыгожага неагатычнага будынка было скончана ў 1911 годзе.


За польскім часам Сталовічы былі цэнтрам гміны Баранавіцкага павета, а ў складзе БССР, з 1940 года увайшлі ў Навамышскі раён, які потым быў далучаны на Баранавіцкага раёна.

Фота: Kisterny Kiryl, Ermolaev Alexey