Упершыню ў пісьмовых крыніцах Сноў узгадваецца ў канцы 15 стагоддзя. Наступныя звесткі аб Снове з’яўляюцца у 1529 годзе, калі ён належаў панам Сноўскім. У 1602 Сноў пералічаны сярод уладанняў Мікалая Радзівіла Сіроткі, ён уваходзіў у Нясвіжскую ардынацыю Радзівілаў. Але ўжо ў хуткім часе Сноў патрапіў да шляхцічаў Гарабурдаў, а ў 1639 годзе яго набыў Ян Іеранім Рдутлоўскі.

Рдутолўскія паходзілі са старажытнага польскага роду герба Драгаслаў. Заснавальнікам сноўскай галіны роду быў кашталян наваградскі Ян Багуслаў Рдутлоўскі. Пасля яго ў Снове ўладарыў ягоны сын Антоній, а потым і ягоны ўнук Ян Крыштаф Рдутлоўскі, які быў наваградскім харунджым.

У 1760 годзе Ян Крыштаф Рдутлоўскі заснаваў у Снове касцёл. Касцёл быў пабудаваны ў стылі позняга барока з элементамі класіцызму. Па абодва бакі ад увахода стаялі статуі апосталаў Пятра і Паўла. Алтар быў зроблены са штучнага мармуру, а сцены храма ўпрыгожвалі фрэскі на біблейскія сюжэты. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, у 1866 годзе, касцёл перадали праваслаўным, ён быў перабудаваны. За польскім часам касцёл вярнулі каталікам, а падчас Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў і стаяў напаўразбураны. У 1990-я гады касцёл быў адноўлены, асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля і зноў пачаў дзейнічаць. У касцёле знаходзіцца пахавальня роду Рдутлоўскіх, таксама захавалася дзве мемарыяльныя дошкі 18 стагоддзя, якія распавядаюць пра пахаваных тут прадстаўнікоў роду.

У 1768-72 гадах Сноў пацярпеў падчас ваенных дзеянняў Барскай канфедэрацыі. Недзе ў гэтыя часы па дарозе на Нясвіж у Снове спыняўся кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і заначаваў у Яна Крыштафа Рдутлоўскага ў ягоным тагачасным палацы.
Пасля смерці Яна Крыштава Рдутлоўскага у Снове ўладарыла ягоная ўдава, якая ў другі раз вышла замуж за Міхала Абуховіча. А вось пасля Сноў перайшоў да яе сына ад Яна Крыштафа – Казіміра Рдутлоўскага. Казімір Рдутлоўскі быў вельмі адукаваным чалавекам, ён скончыў Оксфардскі універсітэт і меў ступень доктара філасофіі. У 1811 годз ён быў выбраны маршалкам шляхты Наваградскага павета, а ў 1812 годзе прымаў у Снове Іераніма – брата Напалеона Банапарта.

Казімір Рдутлоўскі пачаў будаваць у Снове палац. Будаўніцтва пачалося ў 1820 годзе і скончылася праз 7 гадоў. Праект распрацаваў варшаўскі архітэктар Тычэцкі. Агульная працягласць палаца складае 140 метраў.

Галоўны фасад палаца ўпрыгожаны строгім порцікам чатырма калонамі іанічнага ордэра, падобныя калоны упрыгожваюць таксама бакавыя крылы і тыльны боку палаца.

У палацы было каля 100 пакояў, галоўным з якіх была бальная зала плошчай больш за 100 квадратных метраў, размешачаная ў цэнтры будынка. У бальнай зале праводзіліся музычныя і паэтычныя вечарыны. Інтэр’ер палаца упрыгожвала вялікая ізразцовая печ, скульптуры, паркет быў выкладзены геаметрычным малюнкам. У бакавых крылах будынка былі жылыя і гаспадарчыя памяшканні.

Палац быў пастаўлены ў нізіне недалёка ад ракі Сноўка. Перад галоўным фасадам палаца быў разбіты газон і кветнік, зроблены штучны вадаём, які каналам зручаўся з ручаём — прытокам Сноўкі. З тыльнага баку ад палаца размяшчаўся пейзажны парк, у якім таксама былі штучныя вадаёмы і каналы.

Яшчэ ў 1769 года на ўзгорку ў фальварку Горны Сноў тагачасным уладальнікам Снова Янам Крыштафам Рдутлоўскім была пабудавана невялікая праваслаўная капліца. Неўзабаве драўляны будынак згарэў, і вось у 1836 годзе Казімір Рдутлоўскі фундаваў будаўніцтва на гэтым месцы новай мураванай царквы ў гонар Пятра і Паўла. Калі царква была пабудавана, у яе быў перавезены драўляны іканастас з віленскага праваслаўнага манастыра Святога Духа, а вось царскую браму зрабілі мясцовыя майстры. Напрыканцы 19 стагоддзя, пры наступных гаспадарах Снова – Гарцынгах храм быў пераасвечаны і стаў царквой Святых Кузьмы і Дзям’яна. За савецкім часам царква была зачынена, а ўсе ўбранне царквы было разабрана па хатах мясцовымі жыхарам. У 1990-я гады царква зноў пачала дзейнічаць і царкоўныя рэчы былі вернуты ў храм.

Пасля смерці Казіміра Сноў перайшоў да ягона малодшага сына Еўстафія. Ён быў азартным іграком у карты. Калі бацькоўскія сродкі ў яго скончыліся, а яму былі патрэбны грошы на картачны долг, ён у 1854 годзе прадаў Сноў прыбалтыйскаму барону Густаву Гарцынгу. У маёнтак Сноў тады таксама ўваходзілі фальваркі Горны Сноў і Дольны Сноў. Густаў Гарцынг даволі рэдка заязжаў у Сноў, але маёнтак прыносіў яму стабільны прыбытак. Менавіта ў той час тут пачала добра развівацца гаспадарка, у Снове і суседніх фальварках дзейнічаў вадзяны млын, буйны конезавод, бровар. Сноў быў мястэчкам, у 1861 годзе атрымаў статус валастнога цэнтра Наваградскага павета. У 1865 годзе тут было адкрыта народнае вучылішча.

У 1870-х гадах падчас сваіх падарожжаў Сноў наведваў Напалеон Орда. Тагачасны выгляд палаца Рдутлоўскіх магчыма пабачыць на ягоным малюнку:

Пасля Густава Гарцынга Сноў перайшоў да ягонага сына Мікалая, які застаўся жыць у Снове. У фальварку Горны Сноў ён загадаў пабудаваць двухпавярховы сядзібны дом у стылі класіцызм. Інтэр’ер сядзібнага дома ўпрыгожвалі высокія (да 4 метраў) каміны, аздобленыя фігурнай пліткай з арнаментамі. У пачатку 20 стагоддзя да будынка было дабудавана аднапавярховае крыло з верандай, што надало знешняму выгляду рысы мадэрну. Вакол будынка быў разбіты невялікі парк, які меў тры тэрасы. На першай тэрасе знаходзіўся фруктовы сад, на другой стаяў сядзібны дом з ліпавай алеяй, а на трэцяй – пасадкі дрэў, у тым ліку і экзатычных. У савецкі час у будынку сядзібнага дома размяшчалася кантора саўхоза “Горны Сноў”, потым знаходзілася мясцовая лякарня. У 2020 годзе ў будынку здарыўся пажар, з тых часоў ён стаіць закінутым.

Мястэчка Сноў пацярпела Падчас Першай Сусветнай вайны, быў пашкоджаны палац Рдутлоўскіх. З 1920-х гадоў у Снове уладарыў сын Мікалая Гарцынга Генрых, які ўжо нарадзіўся ў Снове. Ён меў фінансавыя праблемы і ў 1925 годзе быў вымушаны прадаць палац Рдутлоўскіх польскім памежнікам. У 1929 годзе у палацы быў зроблены рамонт, там была размешчана канцэлярыя, а побач пастаўлены будынак афіцэрскага інтэрната.

Па чутках у палацы афіцэрамі было зроблена нават казіно. Дзеля гэтага быў перароблены інтэр’ер некалькіх пакояў, з Варшавы завезены сталы-рулеткі і запрошаны круп’е.

У савецкія часы у палацы таксама размясціліся ваенныя. Ваенныя структуры размяшчаюцца у палацы і зараз, на жаль патрапіць на тэррыторыю помніка архітэктуры даволі цяжка і магчыма только праз КПП.

Фота: Савачка Алег