Раней гэтае паселішча называлася Услонім – верагодна ад старога славянскага слова услона -заграда ад ворагаў.

Упершыню Слонім ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу ў 1252 годзе. Тут уладарылі галіцка-валынскія князі, потым мясцовы кнзяь Васілька. Пад канец 13 стагоддзя Слонім увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, тут уладарыў Віцень.

Вядома, што ў Слониме хаваўся Вітаўт пасля свайго пабега з Крэўскага замка. А вось у апісаннях бітвы пад Грунвальдам узгадваецца асобная Слонімская харугва ў складзе войска Вялікага княтсва Літоўскага.

У 1413 годзе Слонім стаў цэтнрам павета ў Трокскім ваяводстве. У 15 стагоддзі тут з’явіўся першы касцёл, які быў разбураны падчас татарскім набегаў.

З пачатку 16 стагоддзя Слонім быў цэнтрам павета ўжо ў Наваградскім ваяводстве. Гэта было вялікакняжацкае ўладанне, а кіравалі тут старосты, якіх назначаў Вялікі князь. Старостамі тут былі Храптовічы, Валовічы, Радзівілы.

Дарэчы пры Радзівілах цэнтр горада быў перанесены з правага нізкага берага ракі Шчары на левы высокі бераг, дзе быў пабудаваны замак. А вось у 1535 годзе Слонім атрымаў Магдэбургскае права.

У 1586 годзе старастам у Слоніме стаў аўтар знакамітага Статута і канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. Ён перабудаваў мясцовы замак, аднавіў мясцовы касцёл, таксама пры ім былі забрукаваны гарадскія вуліцы. Намаганнямі Льва Сапегі ў Слоніме быў пабудаваны палац, дзе праводзіліся генеральныя соймікі на працягу амаль 100 гадоў.

Таксама пры Льве Сапеге ў 1591 годзе кароль Жыгімонт ІІІ падцвердзіў гораду права на самакіраванне і надаў Слоніму ўласны герб: у галубым полі – леў з двайным срэбраным крыжом:

У 17 стагоддзі ў Слоніме з’явілася шмат кляштароў розных манаскіх ардэноў, якія стаялі паўкругам вакол замка. 

У 1639 годзе на сродкі каралеўскага сакратара Радвана тут быў пабудаваны касцёл і кляштар бернардынцаў. Касцёл у 1671 годе быў асвечаны біскупам М. Слупскім у гонар Святой Троіцы. У 1864 годзе храм быў перададзены праваслаўным, з 1921 года – зноў стаў касцёлам. Зараз гэта праваслаўны Траецкі сабор. Побач з касцёлам таксама захаваўся мураваны корпус кляштара бернардынцаў, які датуецца сярэдзінай 18 стагоддзя.

У 1660-х гадах быў таксама закладзены касцёл і кляштар бернардзінак. Касцёл быў асвечаны ў 1696 годзе віленскім біскупам Бжастоўскім у гонар Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі. У сярэдзіне 18 стагоддзя пад кіраўніцтвам архітэктара Авадовіча да касцёла быў прыбудаваны прамавугольны ў плане корпус кляштара бернардзінак. У 1790 годзе ў комплексе здарыўся пажар, а ў 1793 годзе ён быў адноўлены.

У 1650 годзе па фундацыі маршалка літоўскага Яна Станіслава Сапегі ў Слоніме быў пабудаваны таксама касцёл і кляштар каноннікаў латэранскіх. У 1845 годзе комплекс стаў праваслаўным, а ужо ў сваецкія часы, у 1963 годзе, быў зруйнаваны. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца Спаса-Прэабаражэнскі сабор, які быў пабудаваны ў 1990-х гадах і некаторымі рысамі нагадвае стары храм.

Таксама з сярэдзіны 17 стагоддзя захаваўся стары будынак сінагогі. Сінагога была пабудавана ў 1642 годзе, будынак мае сцены каля двух метраў таўшчынёй. Абарончы характар будынка спалучаецца з рысамі стылю барока. Сінагона дзейнічала да 1940 года, пасля Айчыннай вайны тут склад, а зараз ёсць надзея, што пачнецца рэстаўрацыя будынка.

На пачатку 18 стагоддзя слонімскім старастай быў Караль Радзівіл, а ў 1712-1721 гадах – Рэйнхальд Садоўскі. Наступным старастай быў ягоны сын Ігнацій Садоўскі, а потым Каэтан Садоўскі.

У сярэдзіне 18 стагоддзя ў цэнтры Слоніма на месцы старога драўлянага будынка быў пабудаваны новы мураваны будынак гарадской ратушы, які дайшоў да нашых дзён.

З 1770-х гадоў пачынаецца новы росквіт Слоніма, калі сюды прыехаў Міхал Казімір Агінскі. Міхал Казімір Агінскі быў вядомым грамадскім дзеячом, з 1768 года быў вялікім літоўскім гетаманам. У 1771 годзе ён далучыўся да Барскай канфедэраціі і ў бітве пад Бездзежам разбіў расійскае войска, але ў наступнай бітве пад Сталовічамі атрымаў паразу і быў вымушаны іміграваць з Рэчы Паспалітай. Праз некалькі год ён, аднак, здолеў вярнуцца на радзіму і прыехаў у Слонім.

Тут ён распачаў рэалізацыю двух “праектаў стагоддзя”: дарогі на Валынь праз палескія балоты і будаўніцтва канала, які злучаў рэкі Балтыўскага і Чарнаморскага басейнаў. Дарэчы канал, які злучыў раку Ясельду і раку Шчару ў ягоны гонар атрымаў назову Агінскага канала.

У Слоніме Міхал Казімір Агінскі пабудаваў дамы-камяніцы, заснаваў мануфактуры, друкарню, праклаў вадаправод. Таксама тут ён паставіў палац, пры якім пабудаваў тэатр. Тэатр быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Іначэнца Мараіна. Тэатр быў цудам інжынернай думкі, ягонай сцэна была з двух частак: на адной выступалі артысты, а вось іншая напаўнялася вадой са става і па ёй маглі плаваць лодкі. У стварэнні тэатра таксама прымаў удзел іншыя вядомы майстры: французскі інжынер Жан Баі, маэстра жывапісу Канстанцін Атасельскі, мастак Ян Рустэм. Да нашых дзён ад тэатра Агінскага, на жаль, нічога не захавалася.

З комплекса пабудоў гарадской сядзібы Агінскага канца 18 стагоддзя да нашых дзён дайшоў заездны дом (аустэрыя), які стаяў недалёка ад палаца.

У часы Агінскага у Слоніме намаганнямі каноніка Францішка Анцуты быў пабудаваны адзін з бліскучых помнікаў віленскага барока – касцёл Святога Андрэя. Ён быў пастаўлены на старым месцы, дзе стаяў першы слонімскі касцёл. Касцёл быў асвечаны ў 1775 годзе віленскім біскупам Гедройцам. Пасля Айчыннай вайны касцёл быў зернесховішчам, а потым знаходзіўся ў занядбанні. У 1990 годзе будынак касцёла быў перададзены каталікам, рэстаўраваны і ў 1993 годзе зноў пачаў дзейнічаць. Побач з касцёл знаходзіцца таксама аднапавярховы мураваны будынка шпіталя, пастаўлены ў часы пабудовы касцёла.

Падчас Трэцяга Падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Слонім увайшоў у склад Расійскай Імперыі. Пэўны час ён быў цэнтрам Слонімскай губерніі, якая праіснавала зусім нядоўга.

З 1797 года маршалкам шляхты Слонімскага павета быў Войцах Пуслоўскі. Ён быў вядомы як адзін з першым прадпрымальнікаў на нашых землях, яго называлі нават “піянерам прамысловасці на Літве”.

У сваім маёнтку Альберцін пад Слонімам Войцах Пуслоўскі заснаваў суконную мануфактуру. На рацэ Іса тут была плаціна, каб вада прыводзіла ў дзейнасць рухавікі. На мануфактуру было прывезена 75 ткацкіх станкоў. У 1830 годзе мануфактура вырабіла першую прадукцыю.

У Альбярціне Пуслоўскі таксама пабудаваў двухпавярховы палац у класічным стылі, які добра захаваўся да нашых дзён. Па абодва бакі ад увахода ў палац увагу прыцягваюць да сябе дзве скульптуры львоў.

Недалёка ад палаца быз узведзены таксама іншы палац для гасцей у эклектычным стылі, які таксама дайшоў да нашых дзён.

Недалёка ад палаца Пуслоўскім была таксама пастаўлена аранжарэя, дзе вырошчвалі розныя фрукты. Увакол будынкаў быў разбіты парк з экзатычнымі дрэвамі, некаторыя з іх магчыма пабачыць тут і зараз.

Пасля Войцаха Пуслоўскага Альбярцінам валодаў ягоны сын Уладзіслаў Пуслоўскі, які працягнуў справу бацькі. А вось пасля Уладзіслава гаспадаром у Альбярціне быў Зыгмунд Пуслоўскі які быў вядомым калекцянерам. Ён збіраў старыя рукапісныя і друкаваныя кнігі, габелены, мастацкія паловы. Замаўляў у вядомага мастака Яна Матэйкі некалькі партрэтаў.

У часы Зыгмунда Пуслоўскага ў Альбярціне недалёка ад палаца быў пабудаваны прыгожы цагляны будынак стайні для коней, які дайшоў да нашых дзён.

Пуслоўскія былі вымушаны пакінуць рэзідэнцыю Альберцін падчас Першай Сусветнай вайны з прыходам нямецкіх войскаў. У палацы засталася карцінная галерэю, дзе былі арыгіналы прац Рубенса, Брэйгеля, партрэты каралёў Рэчы Паспалітай. Пасля вайны ўсе гэтыя каштоўнасці зніклі.

За польскім часам, у 1920-х гадах, да Пуслоўскіх звярнуліся прадстаўнікі місіі уніятаў і Пуслоўскія перадалі ім будынак дырэкцыі суконнай фабрыкі. Уніяты перабудавалі будынак пад царкву Святога Афанасія Брэсцкага, а таксама адчынілі тут кляштар. У тыя часы гэта быў адзіны уніяцкі храм на Беларусі. У гэтым кляштары служыў вядомы рэлігійны дзеяч Антон Неманцэвіч. У 1930-х гадах ён выдаваў беларускі уніяцкі часопіс. У 1942 годзе ён быў арыштаваны гестапа, адпраўлены ў турму ў Мінск, дзе і памёр.

У 1929 годзе вядомым археолагам Юзафам Стаброўскім, які жыў у Слоніме, быў заснаваны краязнаўчы музей. Асабістая калекцыя Стаброўскага стала асновай калекцыі музей, ён стаў яго першым дырэктарам, а ў 1948 годзе быў звольнены з гэтай пасды. Юзаф Стаброўскі пражыў 97 гадоў і памёр у 1968 годзе.

Дарэчы з канца 19 стагодзя – пачатку 20 стагоддзя ў Слоніме захавалася нямала мураваных дамоў з гарадской забудовы. Многія з іх маюць цікаую архітэктуру ў эклектычным стылі.

На Слонімшчыне ў 1896 годзе нарадзіўся Мікалай Уласік – галоўны целаахонік Сталіна. Некаторыя з ягоных асабістых рэчаў захоўваюцца ў мясцовым музее.

 

Tags: