Паселішчаў з назовай Слабодка ці Слабада на Беларусі шмат. Звычайна яны ўзнікалі на месцах, дзе слабодчыкі – вольныя людзі сярод леса рабілі дзялянку, будавалі сабе жыллё. Пэўны час з такіх гаспадароў не бралі падаткоў і яны не выконвалі службаў на чыю-небудзь карысць, так князі заахвочвалі засяляць дзікія мясціны ў сваіх землях.
Першая ўзгадка пра вёску Слабодка адносіцца да 1618 года. Гэтыя землі ўваходзілі ў друйскія уладанні Сапегаў. У 1618 года Ян Станіслаў Сапега каля Друі заснаваў горад Сапежын і пазбавіў яго падаткаў на 20 гадоў, недалёка ад яго была заснавана і гэтая вёска Слабодка.
Ужо ў 1649 годзе Слабодка атрымала статус мястэчка. Тут развіваўся гандаль і рамесніцтва. У 18 стагоддзі Слабодка стала ўласнасцю рода Мірскіх, якія атрымалі сваё прозвішча ад мястэчка Мёры у гэтых землях. Мірскія неаднаразова абіраліся пасламі на соймы ад Браслаўскага павета, а падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі падкаморы браслаўскі Багуслаў Мірскі падтрымаў паўстанцаў і звярнуўся да мясцовых жыхароў з прамовай. А вось ягоны брат Станіслаў Мірскі, які быў вялікім пісарам княства, удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, быў паплечнікам Якуба Ясінскага. Тадэвуш Касцюшка назначыў яго ўзначаліць адзел справядлівасці у цэнтральным дэпутатстве Вялікага княства Літоўскага. Пасля паразы паўстання Станіслаў Мірскі быў вымушаны іміграваць, а пасля амністыі Паўла І ён адразу вярнуўся на Радзіму.
У 1800 годзе Станіслаў Мірскі ў Слабодцы распачаў будаўніцтва мураванага касцёла. Касцёл прастаяў 100 гадоў і ужо не ўмяшчаў усіх мясцовых вернікаў. У пачатку 20 стагоддзя ксёнд Юзаф Шымовіч вырашыў пабудаваць новы касцёл. Будаўніцтва пачалося ў 1901 годзе, а ў 1903 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Наканавання Божага. Са старого касцёла ў новы былі перанесены две памятныя дошкі ў гонар фундатараў першага касцёла – Станіслава Мірскага і ягонай жонкі Станіславы.
З 1903 года касцёл дзейнічаў амаль увесь час. Пры савецкай уладзе ў 1949 годзе ён быў зачынены і ў ім зрабілі зернесховішча, але ў хуткім часе зноў адчынілі. Наконт гэтага існуе мясцова легенда:
У 1949 годзе зачынілі не толькі касцёл у Слабодцы, але і ў Браславе. У касцёлах зрабілі зернесховішчы, ноччу іх сцераглі вартаўнікі. І вось неякі ноччу вартаўнікі браслаўскага касцёл заўважылі прывід забітага ксяндза Акрэйца і вельмі спужаліся. На наступную ноч з разам імі дзяжурыў міліцыянт, які таксама пабачыў здань ксяндза і нават хацеў стрэліць, але не змог гэтага зрабіць. Інфармацыя была перададзена кіраўнікам. У хуткім часе пасля здарэння, у 1953 годзе, абодва касцёла вярнулі каталікам.
У 1970-х гадах касцёл быў распісаны мастакамі з Віцебска. Сярод знешняга дэкору таксама вылучаецца акоўка ўваходных дзвярэй, якая нідзе не паўтараецца, яе рабіў мясцовы майстар.
Касцёл стаіць на колішняй гандлёвай плошчы. Калісьці яна была забрукавана, увакол яе стаялі дамы, крамы, была карчма. З пачатку 20 стагоддзя ад той забудовы захаваўся адзін дом з мураванай бакавой сценкай і драўляным фасадам. Таксама з пачатку 20 стагоддзя на паўночнай ускраіне паселішча захаваўся будынак драўлянага млына.
У Слабодцы жыў майстар Пётр Іванавіч Зяляўскі. Раней ягоны двор упрыгожвалі драўляныя скульптуры, якія пасля ягонай смерці забралі ў Браслаўскі музей.
За Слабодкай ёсць “чортава яма” – яма чашападобнай формы. Па мясцовай легендзе калісьці мясцовыя жыхары папрасілі падарожніка пазбавіць іх ад гадзюк – ён сабраў усіх змей з наваколля і знішчыў іх у гэтай яме. З тых часоў гадзюкі ў гэтых мясцінах не жывуць.
Каля Слабодкі ёсць два возеры: Поцех і Недрава. Азёры раздзяляе Слабодская озавая града, якая ўзнікла каля 16000 гадоў таму, калі тут расставаў ледавік. Зараз па градзе зрабілі экалагічную сцежку, з якой можна пабачыць шмат прыгожых краявідаў.
Фота: Kisterny Kiryl