Ёсць легенда, што назова гэтага паселішча ўзнікла вось як. Недалёка адсюль знаходзіцца Мсцібава – цэнтр маёнтка. Адтуль ішла шырокая дарога, якая потым звужалася амаль да сцежкі – “шыла”. Якраз у гэтым месцы і ўзнікла паселішча якое пачалі зваць Шылавічы.
Шылавічы ўпершыню ўзгадваюцца ў 1492 годзе, калі Станіслаў Кіжгайла падараваў мсцібаўскаму касцёлу шмат навакольных зямель, у тым ліку і Шылавічы. Пазней Шылавічы перайшлі да Пятра Крупскага, у якога было 5 дзяцей. У 1511 годзе тры ягоных дачкі Ганна, Соф’я і Каміла фундуюць будаўніцтва тут драўлянага касцёла. Касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Троіцы. У 1541 годзе падчас навальніцы ў яго патрапіла маланка і ён згарэў. На той час тут уладарыла Ганна Крупская-Радагожская. На тым жа месцы яна пабудавала новы драўляны касцёл, але і ён у хуткім часе згарэў. Наступныя гаспадары Шылавіч Мікалай і Барбара Вольскія ў 1600 годзе ізноў будуюць тут драўляны касцёл, якія прастаяў ужо 300 гадоў і быў моцна пашкоджаны падчас Першай Сусветнай вайны, а ў 1926 годзе быў разабраны. Захаваўся фотаздымак гэтага касцёла:
Калі касцёл разбіралі, то ў ягоных сутарэннях знайшлі труны з парэшткамі паўстанцаў 1863 года. Мясцовы ксёндз Зянкевіч прапанаваў перапахаваць паўстанцаў на мясцовых могілках, але гэтага чамусьці не зрабілі. Труны засыпалі пяском на тым жа месцы, дзе яны былі знойдзены. Было бы вельмі правільна ўжо ў нашыя часы паставіць тут помнік паўстанцам. Калі касцёла хавалі і прадстаўнікоў шляхетных радоў, напрыклад Ельскіх, якія жылі тут недалёка – у Косіна. Зараз тут засталося ўсяго толькі некалькі старажытных пахаванняў, шмат магільных пліт былі ўмараваны ў касцельную сцяну, якая была знішчана ў савецкія часы.
Есць у Шылавічах і асобныя мясцовыя могілкі. Тут хавалі і шляхту, і простых людзей. Калісьці на гэтых могілках была і невялікая капліца, якую таксама зруйнавалі ў савецкія часы.
Ад Вольскіх Шылавічы перайшлі да шляхцічаў Весялоўскіх. Так тут пачаў уладарыць маршалак вялікі літоўскі Крыштаф Весялоўскі. Ён быў у шлюбе з Аляксандрай Сабескай, сваячкай караля Яна ІІІ Сабескага. Дзяцей у іх не было і Крыштаф амаль усе грошы ўкладаў у будаўніцтва кляштараў і касцёлаў на нашых землях. Крыштаф Весялоўскі фундаваў будаўніцтва ў Гародні кляштара брыгітак і перадаў Шылавічы манахіням-брыгіткам. Брыгіткі збудавалі тут школу, дзе навучалі дзяцей. Брыгіткі валодалі Шылавічамі да 1843 года, калі манахінь адсюль выгналі, а вёска адышла ў дзяржаўную ўласнасць.
У пачатку 20 стагоддзя мясцовы касцёл ужо не ўмяшчаў усіх прыхаджан, таму узнікла патрэба пабудоваць новы касцёл. Праект касцёла быў распрацаваны для нейкага горада, але ён нечым не спадабаўся гарадскім уладам. Тады мясцовы ксёндз Казімір Сапіёніс прапанаваў выкупіць праект. Так у 1907 годзе па гэтым праекце ў Шылавічах распачалося будаўніцтва касцёла. Касцёл будавалі на грошы парафіян, кожны павінен быў ахвяраваць па 10 рублёў. Храм будаваўся на працягу 8 гадоў. Касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Троіцы ў 1914 годзе. Падчас Першай Сусветнай вайны храм быў пашкоджаны, але хутка адноўлены.
Касцёл мае вышыню 65 метраў і з’яўляецца другім па вышыні ў Беларусі пасля гервяцкага касцёла. З калакольні касцёла відаць наваколле на 20 кіламетраў.
Са старога касцёла ў новы былі перанесены старажытныя абразы, скульптуры. Спецыяльна для новага касцёл быў зроблены арган на 28 галасоў. Касцёл дзейнічаў падчас Айчыннай вайны, а вось пасля яе быў зачынены і ператўтвораны ў зернесховішча. Тады некаторыя скульптуры і абразы з касцёла былі перавезены ў мінскі музей. Са старога драўлянага касцёла у новым захаваўся адзін алтар, драўляны крыж са скульптурай Іісуса Хрыста, а таксама некалькі лаў.
Як вядома па інвентары 1804 года ў Шылавічах на той час быў сядзібны дом, крыты гонтам. Пазней ён быў перабудаваны ў двухпавярховы палац, галоўны фасад якога быў упрыгожаны калонамі. Вакол былі гаспадарчыя пабудовы: лямус, паграбы, сыраварня, млын. Быў таксама сад з агародамі і парк, дзе былі выкапаны тры сажалкі. Увакол весь двор быў абсаджаны ліпамі.
У савецкія часы у пабудовах былі зроблены свінарнікі і кароўнікі, будынак палаца занядбаў і разбурыўся. Да нашых дзён засталіся толькі сутарэнні палаца.
У 1921 годзе Шылавічы ўвашлі ў склад Польшчы і сталі цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. З тых часоў захаваўся будынак гміны, зараз у ім знаходзіцца бібліятэка і сельскі клуб.
Фота: Кісцерны Кірыл