Упершыню ў летапісах гэтае паселішча ўзгадваецца ў канцы 15 стагоддзя як уласнасць Багдана, Васіля і Міткі з роду Храптовічаў. З тых часоў тут ужо дзейнічала царква, якая пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года стала уніяцкай. У 1530-40 гг. тут адбыліся сутычкі сялян маёнтка Шчорсы з сялянамі суседняга маёнтка Дзераўна, які належаў Кіжгайлам. Прычынай спору сталі гаспадарчыя справы ў Шчорсаўскай пушчы. У 1541 годзе Храптовічы нават звярталіся ў суд вышэйшай інстанцыі па гэтай справе.
У сярэдзіне 16 стагоддзя Шчорсы ўвайшлі ў склад Наваградскага павета. Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1660 годзе Шчорсы былі спалены варожым войскам, а ў 1758 годзе падчас пажару згарэла старая мясцовая царква.
З 1776 года ў Шчорсах пачынае ўладарыць знакаміты прадстаўнік роду Храптовічаў — Іахім Літавор Храптовіч, які з 1773 года быў падканцлерам, а з 1793 года — канцлерам літоўскім.
У 1770-76 гг. ён фундуе пабудову новай уніяцкай царквы на рагу верхняй і ніжняй вуліц Шчорсаў. Кіраваў будаўніцтвам царквы французскі архітэктар Якуб Габрыэль, які надаў будынку барочныя рысы. З пачатку 19 стагоддзя пры царкве дзейнічала школа. Пасля паўстання 1831 года і скасавання уніі школа была зачынена, а царква стала праваслаўнай. Зараз гэта царква Святога Дзмітрыя Салунскага.
У 1770-х гадах Іахім Літавор Храптовіч распачынае будаўніцтва сваёй галоўнай рэзідэнцыі на паўночна-заходняй ускраіне Шчорсаў. Цэнтрам кампазіцыі комплекса стаў палац, які быў пабудаваны архітэктарам Якабам Габрыэлем паводле праекта італьянскіх архітэктараў Джузэппэ дэ Сакка і Карла Спамапані. Архітэктура палаца спалучала рысы барока і класіцызму, аднапавярховы будынак быў упрыгожаны цэнтральнай трох’яруснай вежай з купальным завяршэннем. Палац быў разбураны падчас Першай Сусветнай вайны, ад яго захаваліся только падмуркі.
Пабачыць выгляд палаца напрыканцы 19 стагоддзя магчыма на малюнку Напалеона Орды:
У пачатку 19 стагоддзя з бакоў да палаца были дабудаваны два аднапавярховыя флігелі. Ва ўсходнім флігелі была стаўня (ад яго захаваліся толькі рэшткі сцен), а вось заходні флігель, дзе былі службовыя памяшканні і жылі слугі, дайшоў да нашых дзён.
Палац меў багатыя інтэр’еры. У іх аздабленні ўдзельнічалі мастакі Манькоўскі і Смуглевіч, былі выкарыстаны палотна Юліяна Карчэўскага. Недалёка ад палаца таксама быў пабудаваны двухпавярховы будынак бібліятэкі ў класічным стылі. У гэтым будынку Іахім Літавор сабраў багатую калекцыю каштоўнасцей: больш за 6 тысяч тамоў кніг, старыя летапісы і рукапісы, геграфічныя карты, перапіска Багдана Хмяльніцкага з польскімі гетманамі, дзённік Марі Мнішэк і іншыя артэфакты. Перад Першай Сусветнай вайной частка бібліятэка была перавезена ў Кіеў, а іншая частка патрапіла ў Кракаў. А вось будынак біблятэкі захаваўся да нашых дзён, хоць зараз ён і закінуты.
Увакол палаца і іншых пабудоў быў створаны пейзажны парк плошчай больш за 40 гектараў. У парку былі выкапаны сажалкі і праходзілі алеі, было больш за 200 відаў дрэў.
Яшчэ нядаўна ў парку стаяў стары дуб, які называлі «дуб Міцкевіча», па легендзе менавіта тут паэт пісаў сваю паэму «Гражына». На жаль, у 2000-х гадах дуб быў спілаваны, ад яго застаўся толькі вялікі пень.
Комплекс быў абнесены ажурнай агароджай з брамай, рэшткі яе можна пабачыць і зараз, а вось на поўдзень ад яго распалагаўся гаспадарчы двор. Тут дзейнічала піваварня, вятрак, была аранжарэя. З гаспадарчых пабудоў да нашых дзён дайшоў цікавы будынак вяндлярні, пабудаванай пад канец 19 стагоддзя. Арыгінальная круглая пабудова накрыта высокім гонтавым дахам.
У 1783 года ў склад маёнтка Шчорсы ўваходзілі 3 фальваркі, 56 валок землі, ён быў узорнай гаспадаркай на нашых землях. Іахім Літавор Храптовіч прытрымліваўся перадавых метадаў гаспадарання: у сваіх маёнтках ён замяніў паншчыну чыншам (натуральным падаткам), што палершыла жыццё сялян і павысіла прыбытак ягонай гаспадаркі. У 1784 годзе маёнтак Шчорсы наведваў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Іахім Літавор Храптовіч памёр у 1812 годзе. Пасля ягонай смерці Шчорсы і іншыя маёнткі перайшлі да ягонага старэйшага сына Адама. Адам Храптовіч, як і ягоны бацька, быў вельмі адукаваным чалавекам, палітычным дзеячам, мецэнатам. З 1822 г пры яго фундаціі у Шчорсах пачала дзейнічаць ланкастэрская школа на 300 сялянскім хлопчыкаў. Ён сімпатызаваў віленскаму таварыству філаматаў, сябраваў з ягонымі ўдзельнікамі. У шчорсаўскай бібліятэке бывалі і працавалі паэты Іахім Лелевель, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Міцкевіч. Дарэчы Міцкевіч нават жыў у Шчорсах улетку 1819 і 1820 гадоў і пісаў тут паэму «Гражына». А вось з 1841 па 1844 бібліятэкарам у шчорсаўскай бібліятэке працаваў паэт Ян Чачот.
Адам Храптовіч памёр у 1844 годзе, маёнткі перайшлі да ягонага брата Ірэнея Храптовіча, які быў сапраўдным тайным саветнікам. У склад маёнтка на той час уваходзілі 62 вёскі, у гаспадарке выкарыстойвалася найбольш прагрэсіўная тэхніка — васьміпольны севазварот.
Пасля смерці Ірэнея Шчорсы перайшлі да ягонага сына Міхала Храптовіча, які таксама стаў тайным саветнікам, быў выдатным дыпламатам. Пры ім у 1859 годзе тут пачала дзейнічаць лячэбніца, а Ў1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча. У 1877 годзе ў маёнтак уваходзіла 6 фальваркаў (сярод якіх і найбольш даходны фальварак Адампаль), дзейнічала кузня, слясарня, лесапільня, вінакурня, два цагельныя заводы, чатыры млыны. У кіламетры на захад ад палавага комплекса у канцы 19 стагоддзя быў пабудаваны гаспадарчы двор, які звалі «Мураванка Храптовічаў«. Да нашых дзён тут захаваліся цагляныя будынкі стайняў і магутныя вуглавыя вежы.
Міхал Храптовіч не меў дзяцей і быў апошнім прадстаўніком роду па мужчынскай лініі. Пасля ягонай смерці фамілія Храптовіч, графскі тытул і ягоныя маёнткі перайшлі да дзяцей ягонай сястры Марыі — Міхала і Канстанціна Буценевых-Храптовічаў. Апошнім гаспадаром Шчорсаў быў сын Канстанціна Апалінарый Буценеў-Храптовіч. Ён быў дыпламатам, пасля Кастрычницкай рэвалюцыі іміграваў ва Францыю, а ў Шчорсаўскім маёнткам кіраваў ягоны аканом. У 1934 годзе, калі польскімі ўладамі быў прыняты новы закон, які абавязваў уладальнікаў сядзіб жыць у іх і кіраваць імі, Апалінарый вярнуўся ў Шчорсы. Ён уладарыў тут да 1939 года, калі быў схоплены савецкімі ўладамі і адпраўлены ў Баранавіцкую турму. З прыходам немцаў у 1941 годзе ён збег з турмы і выехаў ва Францыю, дзе і памёр у 1946 годзе.
Фота: Кісцерны Кірыл