Па звестках археолагаў паселішча на гэтым месцы існавала яшчэ з каменнага веку. А вось наконт паходжання яго назовы ёсць розныя версіі.

Ёсць меркаванне, што назова паходзіць ад шчупакоў, якіх шмат было ў мясцовай рэчцы Туроўка. Па іншай версіі назова пайшла ад прозвішча першага ўладара гэтых мясцін – шляхціча Шчукі.

Упершыню ў летапісных крыніцах Шчучын узгадваецца ў 1436 годзе. Першым ягоным вядомым уладаром быў Пятро Лялюш, ваявода трокскі. Ён заснаваў тут першы касцёла Святога Якуба. Пятро Лялюш удзельнічаў у змове супраць Жыгімонта Кейстутавіча ў Трокскім замку і за гэта Шчучын у яго быў адабраны і далучаны да вяліканяжацкіх уладанняў.

Вялікі князь Казімір перадаў Шчучын Канраду Кучуку як узнагароду за добрую і сумленную службу ягонаму бацьку Ягайлу. Калі дачка Канрада Кучука выходзіла замуж за Станіслава Кішку, то Шчучын аддалі за ёю ў пасаг. Пазней, праз пасаг за дачкой Станіслава Кішкі Барбарай, Шчучын перайшоў да Юрыя Радзівіла. Юрый Радзівіл адразу ж пабудаваў у Шчучыне мураваны касцёл, які быў асвечаны ў гонар ягонага патрона Святога Юрыя. У пачатку 16 стагоддзя у Шчучыне з’явілася і праваслаўная царква, якая згарэла падчас чарговвай вайны з Маскоўскай дзяржавай.

Пасля Радзівілаў тут уладарылі Юндзілы, Давойны, а калі ў 1576 годзе памёр апошні прадстаўнік роду Давойнаў, то Шчучын набыў Якуб Лімонт. Лімонт паходзіў з італьянскага роду, прадстаўнікі якога з’явіліся на нашых землях разам з каралевай Бонай Сфорцай. Унук Якуба Лімонта Ян меў фінансавыя праблемы і высветлілася, што ён здолеў двойчы закласці Шчучын крэдыторам. Пасля ягонай смерці пазыкі перайшлі да ягонага сына, які таксама неўзабаве памёр. А вось жонка Яна Ганна Палубінская хавалася ад крэдытораў і ў другі раз пабралася шлюбам з Юрыям Юзэфовічам-Глябіцкім, які і выкупіў Шчучын з закладу. З пасагам за іх дачкой Тэрэзай Шчучын перайшоў да кашталяна смаленскага і старасты лідскага Яна Сцыпіёна дэль Кампа. Ён паходзіў з італьянскага роду Сцыпіёнаў, якія таксама як і Лімонты, прыехалі на нашыя землі разам з каралевай Бонай.

На старым замчышчы Сцыпіёны ў 1718 годзе пачалі будаўніцтва калегіюма і запрасілі сюды манахаў-піяраў. Адкрыццё калегіюма адбылося ў 1726 годзе. На той час гэта была адна з буйнейшых навучальных устаноў на Беларусі.

Пры калегіюме была вялікая бібліятэка, якая саступала толькі бібліятэкам Вільні і Гародні. У 1785 годзе пры калегіюме піяраў быў створаны батанічны сад, ініцыятарам яго стварэння быў Станіслаў Баніфацый Юндзім, які выкладаў фізіку і батаніку ў калегіюме. Пазней батанічны сад быў перададзены шчучынскай аптэке. Гэтая аптэка была адкрыта ў 1772 годзе рэктарам калегіюма, які звяртаўся да караля Аўгуста Панятоўскага за дазволам на яе адкрыццё. Аптэка месцілася ва ўласным мураваным доме, ў яе ассортыменце было 821 назова лекаў.

Навучанне ў калегіюме піяраў было бясплатным, курс навучання быў разлічаны на 7 класаў. У Шчучынскім калегіюме атрымалі адукацыю шматлікія знакамітыя дзеячы, у тым ліку будучы герой Чылі Ігнат Дамейка, філосаф Казімір Нарбут, паэт Ануфрый Петрашкевіч, гісторык і правазнаўца Мацей Догель.

Тэрэза Сцыпіён дэль Кампа стала апекункай калегіюма піяраў, а ў 1742 годзе запрасіла ў Шчучын каталіцкіх сёстраў-шарытак. Для іх яна пабудавала шпіталь, дзе яны даглядалі за хворымі, а таксама адкрыла школу для дзяўчынак. Абшчына шарытак у Шчучыне была першай на нашых землях.

У 1761 годзе Шчучын атрымаў Магдэбургскае права і ўласны герб з манаграмай тагачаснага ўладара Ігнація Сцыпіёна – унука Яна Сцыпіёна дэль Кампа.

Горад хутка развіваўся, 12 разоў на год тут праходзілі кірмашы, а два разы на тыдзень адбываліся таргі. Пры Сцыпіёнах у Шчучыне быў пабудаваны палац у пераходным ад барока да класіцызму стылі. У палацы была вялікая карцінная галерэя з партрэтамі каралей Рэчы Паспалітаў, а таксама архіў з дакументамі аб гісторыі Шчучына з 1537 года.

У канцы 18 стагоддзя тагачасны ўладар Шчучына ваявода лідскі Юзаф Сцыпіён пабраўся шлюбам з Тэрэзай з роду Друцкіх-Любецкіх. Калі ён памёр, то усе ягоныя землі перайшлі да Тэрэзы, якая запрасіла свайго брата Францішка Ксаверыя для дапамогі кіравання маёнткам. Францішак прыехаў у Шчучын у 1800 годзе, а праз 7 гадоў неўзабаве ажаніўся са сваёй пляменніцай Марыяй Сцыпіён — дачкой Тэрэзы і Юзафа. Дазвол на гэты брак паміж родзічамі даў асабіста Папа Рымскі. 14 лютага 1807 года яны абвянчаліся ў мясцовым касцёле і Францішак Ксаверый стаў паўнапраўным уладаром Шчучына. Калі сястра Францішка моцна захварэла, то ён пачаў будаўніцтва ў Шчучыне новага мураванага касцёла.

Касцёл паставілі на процілеглым ад палаца беразе возера. Акрамя фундуша гаспадароў Шчучына 7000 рублёў на пабудову храма дадалі манахі-піяры. Будаўніцтва пачалося ў 1822 годзе, а ў 1827 годзё касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Тэрэзы Авільскай. Будынак мае класічныя рысы, а ў плане мае форму крыжа. Пад касцёлам быў зроблены склеп, дзе хавалі прадстаўнікоў роду Друцкіх-Любецкіх.

Касцёл дзейнічаў да 1961 года, калі быў зачынены. Абсталяванне і прылады з касцёла былі перавезены ў касцёл у Ішчална, а арган і вітражы былі знішчаны. Разрабаваны быў і склеп, адкуль выкінулі рэшткі пахаванняў. Будынкі касцёла і кляштара былі перададзены вайсковай частцы, у касцёле зрабілі клуб. У 1988 годзе храм вярнулі каталікам, ён быў адноўлены.

Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі зрабіў добрую кар’еру. З 1816 года ён займаў пасаду віленскага губернатара, а ў 1821 годзе стаў міністрам фінансаў Каралеўства Польскага. Пасля Францішка Ксаверыя Шчучын перайшоў ва ўладаннне ягонага сына Аляксандра. Ён пачаў развіваць тут гаспадарку: пабудаваў млын і бровар, заняўся лесаводствам. З тых часоў захаваўся дом ляснічага – мураваны будынак у класічным стылі, упрыгожаны порцікам з чатырма калонамі.

У сярэдзіне 19 стагоддзя у Шчычыне сфарміравалася цэнтральная плошча. Вакол яе знаходзіліся крамы, паштовыя дамы, гасціны двор. На самой плошчы праходзілі кірмашы і ярмаркі. На пачатку 20 стагоддзя на гэтай плошчы была пастаўлена вежа з гадзіннікам. Яна была разбурана падчас вайны, але ў 2007 годзе была зноў адноўлена.

Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе шчучынскі касцёл збіраліся зачыніць і пераўтварыць у царкву. Тады ўладальнік Шчучына да губернатара з просьбай пакінуць касцёл каталікам і паабяцаў фундаваць пабудову ў Шчучыне царквы. Так мясцовы касцёл працягнуў сваю дзейнічаць, а вось кляштар піяраў у 1867 годзе быў зачынены.

Будаваць царкву ў псеўдарускім стылі пачалі насупраць касцёла, на месцы былой капліцы. Царква была асвечана восенню 1865 года ў гонар Святога Міхаіла Архангела. З тых часоў царква дзейнічала ўвесь час, у тым ліку і ў савецкі перыяд.

Друцкія-Любецкія вырашылі зрабіць Шчучын сваёй галоўнай рэзідэнцыяй. Унук Францішка Ксаверыя Уладзіслаў у 1892 годзе на месцы старога палаца пачаў будаўніцтва новага. Вялікі двухпавярховы будынак палаца быў скончаны толькі пасля Першай Сусветнай вайны ягоным сынам.

 

Вакол палаца быў разбіты рэгулярны парк, у якім расло больш за 150 відаў дрэў. Таксама ў парку было 20 відаў ружаў, быў пітомнік, дзе разводзілі фазанаў і ланяў. За паркам былі пастаўлены і гаспадарчыя пабудовы. Да нашых дзён захаваўся свіран з бутавага каменю. Некалькі гаспадарчых пабудоў захаваліся і на процілеглым ад палаца беразе возера.

Уладзіслаў Друцка-Любецкі ажаніўся з Марыяй Замойскай. У іх было тры дачкі і сын. Уладзіслаў пры загадкавых абставінах загінуў у сваім маёнтку Цярэсін пад Варшавай у 1913 годзе. Справа аб ягоным забойстве стала адной з самых таямнічых у гісторыі тагачаснай Расійскай Імперыі. Пасля смерці Ўладзіслава ў Шчучыне ўладарыў ягоны сын Ян. Шчучын належаў Друцкім-Любецкім да 1939 года.

Недалёка ад Шчучына ў маёнтку Пешчына нарадзілася Алаіза Пашкевіч – пісьменніца, вядомая пад псеўданімам Цётка. Недалёка ад царквы ёй быў пастаўлены помнік.

Фота: Савачка Алег, Кісцерны Кірыл