Людзі жылі ў гэтых мясцінах здаўна. Побач з Селішчам знаходзіцца курганны могілнік, які раней налічваў да 200 курганоў, а зараз налічвае каля 50 курганоў. У 1990 годзе тут праводзілі раскопкі, раскапалі 16 курганоў. Тут былі знойдзены ножыкі, бранзалеты, шкляныя пацеркі. Знаходкі падцвярджаць, што гэта адно са шматлікіх пахаванняў крывічоў на Вушаччыне. Дарэчы побач з гэтымі пахаваннямі пазней з’явіліся і мясцовыя каталіцкія могілкі.

Першая ўзгадка пра Селішча адносіцца да 1550 года, калі Ян Кміта і Марцін Падцэўскі рабілі рэвізію Полацкага ваяводства. Тады Селішча належала братам Васілю і Іваню Зяновічам. Іван Міхайлавіч Зяновіч быў полацкім харунжым.

У 1680 годзе тут кіравалі Корсак-Селіцкія, а праз 6 гадоў яны прадалі Селішча братам Францкевічам. Ян і Каспар Францкевічы запрасілі сюды манахаў-бернардынцаў. Пад канец 15 стагоддзя вялікі князь Аляксандр даў фундуш на пабудову бернардынскага кляштара ў Полацку. Дарэчы ў бернардынскай школе ў Полацку вучыўся Францішак Скарына. А вось бернардынскі манах з Сянно Караль Жэра выдаў кнігу жартаў “торба смеха”. Існуюць чуткі, што бываў ён і ў Селішчы. Пры кляштары бернардынцаў у Селішчы таксама была школа.

У пачатку 18 стагоддзя Селішча было ўласнасцю падсудка полацкага Язафата Сялявы і ягонай жонкі Элеаноры. Язафат Сялява раза са сваім сябрам Янам Рагозам фундавалі пабудову тут цаглянага кляштара і касцёла. У 1726 годзе бернардынцы распачалі будоўлю. Па сваёй архітэктуры храм нагадваў знакаміты езуіцкі касцёл у Полацку і меў рысы віленскага барока.

Касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Веранікі. У касцёле было 5 алтароў, сярод якіх вылучаўся алтар Святога Антонія с калонамі і скульптурамі.

Быў у касцёле і свой арган у барочным стылі. Пасля паўстання 1863 года ўсе касцёлы ў наваколлі былі зачынены, а мясцовы храм дзейнічаў. Тады сюды было перавезена начынне з Вушацкага і Кубліцкага касцёлаў.

Побач з касцёлам быў цагляны будынак кляштара. Да 1832 года кляштар бернардынцаў дзейнічаў, а пасля шляхетнага паўстання 1831 года быў скасаваны.

За савецкім часам, пасля вайны, ў кляштары была сталовая і пякарня. Касцёл быў закінуты, з яго сарвалі дах. У нашы часы адобва будынкі закінуты і хутка разбураюцца.

У 19 стагоддзі Селішча было мястэчкам. Яно было асабліва знакаміта сваімі майстрамі — мулярамі і каменьшчыкамі.

У 1843 годзе тут кіраваў Міхал Сялцікі, потым ягоны сын Язэп. Пасля Язэпа ў Селішчы гаспадарыў ягоны сын Антон,  а пазней мястэчка ізноў перайшло да  шляхцічаў Сяляваў. Апошнімі ўладарамі Селішча былі шляхцічы Шырыны. З тых часоў захавалася некалькі драўляных і адзін цагляны гаспадарчы будынак 

Як і многія паселішчы на Віцебшчыне, Селішча знаходзіцца знаходзіцца побач з возерам. Возера Селішча мае даўжыню каля 2 кіламетраў і глыбіню да 14 метраў.