Мяркуецца, што назова Сар’я мае фінна-угорскае паходжанне і ў перакладзе азначае “рака платвы”. Магчыма, што ў мясцовай рэчцы Сар’янка сапраўдны раней было шмат платвы.

Сар’я ўпершыню ўзгадваецца ў 1506 годзе, калі яе набыў намеснік браслаўскі Іван Сапега. Сар’я доўгі час была ва ўладанні рода Сапег, якія мелі шмат земляў у гэтых  мясцінах з цэнтрам у Друі. А вось у 1710 годзе Аляксандр Сапега аддаў Сар’ю разам з іншым маёнткам Ідолта ў заклад смаленскаму пастолію Мікалаю Александровічу. Потым Сар’я трапляе да Якуба і Алены Бенетаў. А вось у 1753 годзе Сар’ю і навакольныя землі ў Аляксандра Сапегі набыў берасцейскі ваявода, маршалак трыбунала Вялікага княства Літоўскага Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. Далей Сар’я належала ягоным нашчадкам.

Лапацінскія пабудавалі ў Сар’і сядзібны дом, вакол яго быў разбіты парк. Да нашых дзён захаваўся адзін з флігеляў гэтай сядзібы.

Па абодвух баках рэчкі Сар’янкі магчыма пабачыць рэшткі парка. У парку раслі розныя экзатычныя дрэвы, да нашых дзён захаваліся некалькі экзэмпляраў хвоі веймутавай. Таксама ад сядзібнага комплексу захавалася цагляная ўязная брама ў неагатычным стыля, якая нядаўна была адрэстаўравана. Над брамным уваходам быў усталяваны родавы герб Лапацінскіх.

 З 1839 года ў Сар’і ўладарыў маршалак дрысенскі Ігнацій Дамінік Лапацінскі. У 1846 годзе ён ажаніўся з Марыяй з роду Шумскіх. 17 сакавіка 1851 года падчас трэціх родаў Марыя Лапацінская памерла. Ігнацій вельмі сумаваў і ў яе гонар побач з магілай жонкі задумаў збудаваць прыгожы касцёл. Праект храма распрацаваў прускі архітэктар Густав Шахт, які жыў у Асвеі. Цэглу для касцёла рабілі на цагляным заводзе, які тады існаваў у Сар’і. Галоўным муроўшчыкам будынка быў селянін Іван Шэрамет з мястэчка Кубліч  з-пад Лепеля, яму дапамагалі яшчэ 16 чалавек працаўнікоў.

На той час у Расійскай імперыі існавала забарона на пабудову касцёлаў. Калі ўлады даведаліся пра гэтую будоўлю, то сюды быў напраўлены чыноўнік Алфёраў, які павінен быў разабрацца ў сітуацыі. Ігнацій Лапацінскі пераканаў яго, што будынак не касцёл, а толькі помнік, капліца-пахавальня. У афіцыйных дакументах чыноўнік наогул запісаў, што Лапацінскі “вар’ят”, але ніякай справы супраць яго заводзіць не сталі.

Дзякуючы сваім сувязям Ігнацій Лапацінскі дамогся знайсці ксяндза, каб асвяціць храм і ў красавіку 1857 года касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Марыі.

Ігнацій Лапацінскі прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. У той час ён знаходзіўся ў Вільні і стаў аўтарам шматлікіх пракламацый з заклікамі далучацца да паўстання. Пасля задушэння паўстання ён знаходзіўся пад паліцэйскім аглядам пад Вільняй і вярнуўся у Сар’ю толькі ў 1867 годзе.

А вось касцёл у Сар’і ў 1865 годзе быў зачынены і пераасвечаны ў Успенскую царкву. Ігнацій рабіў вялікія намаганні, каб вярнуць касцёл, абяцаў ахвяраваць грошы на пабудову новай царквы, але ўсе гэта безвынікова. Ігнацій Лапацінскі ніколі больш не жаніўся і пражыў у Сар’і да 1882 года. 11 мая 1882 года ён памёр і быў пахаваны побач з жонкай на могілках побач з храмам.

Успенская царква дзейнічала да 1930-х гадоў. У пачатку 1931 года храм быў зачынены, а ягоны святар Пётр Малей арыштаваны і адвезены ў Полацк, дзе 25 лютага 1931 года быў расстраляны.

У савецкія часы храм ужываўся ў якасці склада, а ў 1990-я гады быў адрамантаваны. Храм у Сар’і з’яўляецца найвыдатнейшым помнікам неаготыкі на беларускіх землях

На пачатку 20 стагоддзя Сар’я была мястэчкам, два разы на год тут праходзілі кірмашы. Дзейнічаў і быў вядомы па ўсёй акрузе мясцовы цагельны завод. Кожная цагліна, вырабленая тут, мела кляймо з ініцыяламі ўладальніка прадпрыемства.

Апошнім уладаром Сар’і быў Станіслаў Лапацінскі. Ён быў членам Дзяржаўнай Думы і амаль увесь час жыў Пецярбурзе, а ў Сар’і і іншых сваіх маёнтках бываў даволі рэдка.

Фота: Кісцерны Кірыл