Існуе мясцовая легенда, што раней гэтае паселішча звалося Ружанка, бо тут расло вельмі шмат ружаў. Мясцовы пан з кожнага свайго падарожжа прывозіў ружы і саджаў іх у сваім садзе. Але ж па версіі навукоўцаў назова з’явілася ад таго, што паселішча знаходзілася “на рагу” леса.
Людзі ў гэтых мясцінах жылі яшчэ з каменнага веку. У пачатку 20 стагоддзя тут былі знойдзены дзве шліфаваныя каменныя сякеры, якія былі вывезены польскімі вучонымі ў Кракаў.
Ражанка ўпершыню ўзгадваецца ў лістах Вялікага князя Жыгімонта І Старога. Паселішча тады звалося Ражанка Пацаўская, таму што належала яна знакамітаму роду Пацаў. У другой палове 16 стагоддзя тут уладарыў Мікалай Пац, які па веравызнанні быў кальвіністам. Мяркуецца, што гэта ён пабудаваў у Ражанцы мураваны кальвінскі збор.
У 17 стагоддзі род Пацаў падзяліўся на дзве галіны, Ражанка стала ўласнасцю малодшай (гетманскай) галіны. Свой пачатак гэта галіна бярэ ад гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Паца. У 1674 годзе, падчас гаспадарання ў Ражанцы Міхаіла Паца, у дакументах каталіцкага інспектара ўзгадваецца мясцовы касцёл Пятра і Паўла, які хутчэй за ўсё быў перароблены з кальвінскага збора.
А вось адзін з наступных уладароў Ражанкі Юзаф Пац пачынае тут будоўлю палаца. Палац будаваў італьянец Карла Спампані, які дарэчы быў сябрам Юзафа Паца. Будаўніцтва палаца скончылася пад канец 18 стагоддзя, але ўжо ў 1870-х гадах ён да падмуркаў быў разабраны на цэглу. Вакол палаца быў разбіты шыкоўны парк у англійскім стылі з альтанкай і сажалкамі. Недалёка ад палаца былі пастаўлены і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Тут была вялікая двухпавярховая аранжэрэя, дзе вырошчвалі ружы і іншыя кветкі. Да нашых дзён дайшоў будынак стайні з бутавага камення. Па чутках для коней тут былі “шляхетныя” умовы: на падлозе ляжалі дываны, а на сценах віселі люстры для асвятлення.
Юзаф Пац не меў дзяцей і ўсе свае маёнткі перадаў дальняму родзічу Людзвігу Пацу. Людзвіг доўгі час падарожнічаў па Еўропе, потым жыў і служыў ва Францыі. Калі ён выйшаў у адстаўку, то прыехаў на сталае жыццё ў Ражанку. У Ражанцы ён пабудаваў крахмальную і палатняную мануфактуру, паставіў бровар і млын. Рэшткі млына на рэчцы Турэйка магчыма пабачыць і зараз.
Падчас вайны 1812 года Людзвіг Пац ваяваў на баку Напалеона. Пасля вайны, у памяць аб загінуўшых сябрах, у цэнтры Ражанкі ён паставіў маленькую трох’ярусную капліцу.
Калі Людзвіг Пац пачаў уладарыць у Ражанцы, то стары касцёл ужо занядбаў. Таму Людзвіг звярнуўся да дойліда Генрых Марконі, які перарабіў храм у неагатычны стыль. Так у 1827 годзе касцёл Пятра і Паўла быў перабудаваны. Дарэчы на той час гэта была першая неагатычная пабудова на нашых землях. Касцёл таксама крыху перабудоўваўся ў 1924 годзе, за савецкім часам быў зачынены, а з 1990-х гадоў зноў пачаў дзейнічаць.
Калі ў 1830 годзе ў Варшаве пачалося паўстанне, то Людзвіг Пац разам са сваімі сябрамі Нямцэвічам і Каханоўскім прыняў у ім актыўны ўдзел. Ён быў нават кандыдатам у прэзіденты Нацыянальнага урада. Пасля задушэння паўстання Людзвіг Пац быў прызнаны аднім з ягоных кіраўнікоў. Ягоны палац у Ражанцы быў акружаны паліцэйскім атрадам, але Людзвіг здолеў уцячы праз двухкіламетровы падземны ход, які ішоў ад палаца да касцёла. Ён з’ехаў за мяжу, а ўсе ягоныя маёнткі былі прададзены з аукцыёна.
Жыццё і дзейнасць Людзвіга Паца уразілі Адама Міцкевіча і ён зрабіў яго адным з герояў паэмы “Пан Тадэвуш”. У гэтым творы Людзвіг гэта “граф, які з Літвы далучыўся да польскага войска”. Трэба адзначыць, што ў гонар Людзвіга Паца была названа адна з вуліц у Варшаве.
З другой паловы 19 стагоддзя Ражанка была цэнтрам воласці. Тут праходзілі кірмашы, было шмат крамаў, два вадзяныя млыны, тры карчмы. Дарэчы будынак карчмы захаваўся да нашых дзён. З пачатку 20 стагоддзя таксама захаваўся будынак сінагогі, які ў 2000-я гады быў перабудаваны пад праваслаўную царвку Святога Мікалая.
Фота: Кісцерны Кірыл