У старажытнаславянскай мове слова “расна” мае значэнне урадлівы, багаты. Верагодна гэтыя землі сапраўды былі такімі, таму і ўзнікла гэтая назова. Дарэча Расна стаіць на рацэ Вербаўка, якая ўпадае ў Проню, а тая – у Дняпро.

Упершыню Расна ўзгадваецца ў Нікольскім летапісы ў 1335 годзе. Тады маскоўскі князь Іван Каліта напаў на нашыя землі і спаліў гэтае паселішча. Пасля пажары Расна было адбудавана і было цэнтрам павета Мсціслаўскага ваяводства.

У 1499 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў Расна мсціслаўскаму князю Міхал Мсціслаўскаму. У 1508 годзе ён разам з жокай Уллянай пабудаваў тут першую праваслаўную царкву, якую асвяцілі ў гонар Святога Хведара. У 1891 годзе на тым жа старым падмурку была пабудавана новая мураваная царква Святога Мікалая. Пасля рэвалюцыі яе моцна перабудавалі пад школу-інтэрнат, якая знаходзіцца тут і дагэтуль.

У сярэдзіне 16 стагоддзя Расна стала горадам. Тут жылі рамеснікі 27 спецыяльнасцяў і рэгулярна праходзілі кірмашы.

Падчас шматлікіх войнаў Расна пастаянна разбуралася захопнікамі. Падчас вайны ў 1535 годзе маскоўскае войска штурмам захапіла горад і спаліла яго. Падчас Лівонскай вайны Расна было зноз спалена 2 разы. А вось 15 лістапада 1655 года маскоўскія войскі ўварваліся ў горад, пазабівалі шмат жыхароў і шмат угналі ў палон, а горад зноў падпалілі.

Падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе тут стаялі Прэабражэнскі і Сямёнаўскі палкі рускай арміі. 15 ліпеня 1708 года Расна наведаў расійскі цар Пётр І, які адсюль з войскам рушыў на Лясное, дзе было разбіта шведскае войска.

З сярэдзіны 18 стагоддзя Расна было ўласнасцю роду Пацеяў. У 1751 годзе Міхал Пацей пабудаваў тут першы драўляны касцёл і запрасіў сюды манахаў-іезуітаў, які заснавалі тут сваю місію. У 1804 годзе гэты драўляны храм згарэў.

Пасля Першага Падзелу Рэчы Паспалітай Расна ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Тады ўладаром тут быў вялікі стражнік літоўскі Аляксандр Пацей. Ён адмовіўся прысягнуць на вернасць імператрыцы Кацярыне ІІ, за гэта ўсе ўладанні ў яго былі адабраны. У 1791 годзе Расна было перададзена Марыі Паклонскай

У 1812 года па фундацыі шляхцічаў Парчэўскіх, якія жылі недалёка ад Расна, тут пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла. Да 1818 года будаўніцтва храма ў класічным стылі было скончана і ў 1819 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Казіміра.

У касцёле было 4 алтары, а таксама арган. Падчас Айчыннай вайны будынак касцёл быў моцна пашкоджаны, з тых часоў ён стаіць у паўразбураным стане.

У сярэдзіне 19 стагоддзя Расна належыла Ельяшэвічам, а потым Стахоўскім.

26 красавіка 1863 годзе ў маёнтак Стахоўскіх Расна ўвайшоў паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Людзвіга Звяждоўскага. Уладар Расна Станіслаў Стахоўскі і ксёндз касцёла Лукашэвіч падтрымалі паўстанцаў. Адсюль паўстанцкі атрад рушыў на Горкі і захапіў іх. Але ўжл 30 красавіка 1863 года атрад Людзвіга Звяждоўскага быў акружаны і разбіты расійскімі войскамі.

Пасля паразы паўстання Станіслаў Стахоўскі быў сасланы ў Пензенскую губернію, а Расна было ў яго адабрана.

Наступным уладаром Расна стаў падпалкоўнік Аляксей Спыткоў. Аляксей Спыткоў жыў у Пецярбурзе і сюды прыязжаў наездамі, але з цягам часу стаў бываць тут часцей.

У 1895 годзе ён распачаў тут будаўніцтва палаца. Будынак палаца мае адзін асноўны і адзін цокальны паверх, накрыты вальмавым дахам. Палац пабудаваны ў класічным стылі. За савецкім часам у палацы занходзілася школа, якая з’ехала з будынка зусім нядаўна. Зараз ён стаіць закінутым.

Уладара Расна пачаў развіваць тут гаспадарку. Былі пастаўлены розныя гаспадарчыя пабудовы: крупадзёрня, маслабойня, бровар, млын. Дарэчы цагляны будынак млына яшчэ зусі нядаўны стаяў на беразе возера, але быў разбураны.

А вось будынак бровара ў напаўразбураным стане дайшоў да нашых часоў.

Таксама да нашых дзён захаваліся рэшткі стайні.

Пад канец 19 стагоддзя ў Расна было 137 двароў і 1282 жыхары, была царква, 3 сінагогі, прыходская школа, пошта, 39 крамаў, 2 карчмы, млын, бровар і іншыя установы. Большасць насельніцтсва мястэчка тады складалі яўрэі. З тых часоў захаваліся старыя яўрэйскі могілкі.

У 1909 годзе ў мястэчку Расна было ўжо 320 будынкаў, а галоўная вуліца была забрукавана.

На ўскрайку Расна знаходзіцца Грымячая крыніца, з якой цячэ мінеральная вада.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: