Першым вядомым гаспадаром гэтага паселішча быў Давыд Расицкі. У 1559 годзе Расіцу у Давыда Расіцкага набыў канцлер Леў Сапега. У тым жа годзе ён даў фундуш на пабудову тут уніяцкай царквы, якую асвяцілі ў гонар Яна Хрысціцеля. Сапегі валодалі Расіцай каля 150 гадоў.

Расіца была мястэчкам, тут ішоў гандаль, жылі рамеснікі. Сапегі дамагліся для Расіцы статуса горада. Калі падчас Паўночнай вайны мясцовая царква была пашкоджана, тагачасны ўладар Расіцы маршалак Аляксандр Сапега адрамантаваў і аднавіў царкву і надаў ёй даравальную грамату на тры сваіх войтаўства.

У 1753 годзе Расіцу набыў берасцейскі ваявода, маршалак трыбунала Вялікага княства Літоўскага Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. Лапацінскім Расіца належала наступныя 170 гадоў.

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Расіца ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі. У 1778 годзе Мікалай Лапацінскі фундаваў пабудову тут драўлянага касцёла. Але ён не паспеў завяршыць будоўлю, бо ў тым жа годзе і памёр. Касцёл асвяцілі толькі ў 1792 годзе у гонар Святой Троіцы і зрабіў гэта сын Мікалая біскуп Юзаф Лапацінскі. Юзаф Лапацінскі быў патрыётам і вельмі цяжка ўспрыняў падзелы Рэчы Паспалітай. Ён адмовіўся ад пасад, асеў у Сар’і, ціха жыў там і маліўся. Памёр ён 22 красавіка 1803 года і пахаваны быў у касцёле ў Расіцы. Увакол драўлянага касцёла стаяла агароджа з мураванымі вежамі. Недалёка ад касцёла быў пастаўлены і шпіталь, грошу на яго пабудову дала нявестка Мікалая Лапацінскага Барбара Шадурская.

У першай палове 19 стагоддзя уніяцтва у Расійскай Імперыі было забаронена, мясцовая уніяцкая царква была зачынена і далейшы яе лёс невядомы. Верагодна на тым жа месцы ў 1866 годзе пачалося будаўніцтва праваслаўнай царквы. Царкву асвяцілі ў гонар Ефрасііні Полацкай і з Полацка хросным ходам прынеслі галоўны абраз для храма. У савецкія часы з 1920-х гадоў царкву зачынілі. Пасля Айчыннай вайны будынак царквы выкарыстоўвалі для жылля, а пазней пачалі разбіраць на цэглу. Зараз ад храма засталіся толькі рэшткі званіцы. Захаваўся малюнак праекта гэтай царквы, па якім магчыма ўявіць як яна выглядала раней.

На пачатку 20 стагоддзя Расіца была даволі буйным мястэчкам. Тут была былі крамы, праводзіліся кірмашы, дзейнічала школа, аптэка. Значную частку насельніцтва складалі габрэі, таму акрамя царквы і касцёла была сінагога і два яўрэйскія малітоўныя дамы. З тых часоў захаваўся цагляны дом яўрэяў-рамеснікаў, які зараз прыстасаваны пад праваслўную царкву.

У пачатку 20 стагоддзя Ксёндз Тэадор Кулікоўскі ініцыяваў пабудову новага касцёла. Ён пачаў збіраць сродкі на пабудову храма. Асноўную сумму выдзеліў тагачасны ўладар Расіцы Станіслаў Лапацінскі, таксама грошу на пабудову далі шляхціч Рачка, сем’і Шадурскіх, Мітаслаўскіх.

Стары касцёл быў разабраны і на тым жа месцы пачалася будоўля. Цэглу бралі з цагельні Лапацінскіх у Сар’і. У 1906 годзе быў закладзены першы камень у падмуркі касцёла, а ў 1911 годзе храм быў асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Троіцы. Будынак храма спалучае рысы неараманскага і неагатычнага стыляў.

За савецкімі часамі, з 1920-х касцёл зачынілі, а ў 1934 годзе былі знесены ягоныя вежы, а ў будынку быў зроблены клуб. Захаваліся здымкі касцёла з вежамі:

У час Айчыннай вайны касцёл аднавілі і ён дзейнічаў. А вось узімку 1943 года карнікі сагналі ў касцёл жыхароў Расіцы і ўсіх навакольных вёсак і трымалі іх тут некалькі дзён. Маладых мужчын адправілі на працу ў Германію, дзяцей – у канлагер Саласпілс, а хворых і старых загналі ў мясцовыя хлявы і падпалілі. Тады тут загінула 1528 чалавек. Разам з людзмі гэтым шляхам рушылі і ксяндзы касцёла — Юры Кашыр і Антонія Ляшчэвіч. У 1999 годзе іх прызналі святымі пакутнікамі. Зараз месцы гэтых страшных падзей стаіць помнік і мемарыяльны крыж.

Пасля вайны ў касцёле зноў быў зроблены клуб, потым тут былі нейкія гаспадарчыя пабудовы, толькі з 1990-х храм вярнулі каталікам.