Па легендах Петрыкаў быў заснаваны ў 10 стагоддзі яцвяжскім князем, які хрысціўся пад іменем Пётр, ад яго мястэчка і атрымала сваю назову. Аднак археалагічныя знаходкі аднак сведчаць, што людзі жылі ў гэтых мясцінах яшчэ раней, ужо з 5 стагоддзя.

Упершыню ў летапісах Петрыкаў узгадваецца ў 15 стагоддзі, тады ён належаў слуцкаму роду Алелькавічаў, уваходзіў у Слуцкае княства ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У той час гэта ужо было мястэчка на Прыпяці і даволі буйны гандлёвы цэнтр.

З пачатку 16 стагоддзя на гэтыя землі пачаліся рэгулярныя набегі крымскіх татар. Так татары аднойчы напалі і разрабавалі Петрыкаў, але князь Сямён Алелькавіч дагнаў і разбіў іх атрад каля Бабруйска. Пасля гэтага выпадка Юрый Алелькавіч на гары ў Петрыкаве занснаваў драўляную крэпасць. У 1535 годзе пад сцены крэпасці падышлі маскоўскія войскі на чале з князем Аўчына-Абаленскім. Пасля аблогі крэпасць была спалена, а мястэчка зноў было разрабавана.

Але Петрыкаў быў зноў адбудаваны. У сярэдзіне 16 стагоддзя ён нейкі час належаў каралеве Боне Сфорца. У 1596 годзе Петрыкаў стаў першым беларускім горадам, які быў захоплены казацкім атрадам Севярына Налівайкі, які пераправіўся тут праз Прыпяць. Мястэчка ізноў было спалена, загінула шмат ягоных жыхароў.

У 1600 годзе Петрыкаў атрымаў Іеранім Юр’евіч Хадкевіч. У 1617 годзе ягоныя уладанні перайшлі па спадчыне да мазырскага старасты Крыштафа Хадкевіча. Дарэчы Хадкевічам мястэчка належала ажно да 1917 года.

На месцы былой крэпасці Хадкевичамі быў пабудаваны бастыённы замак, абкружаны ірвом. Да нашых дзён ад яго захаваліся толькі рэшткі падмуркаў, якія былі знойдзены падчас нядаўней рэканструкцыі парка (зараз замкавую гару займае гарадскі парк).

Крыштаф Хадкевіч пабудаваў у Петрыкаве уніяцкую царкву, пры якой у 1630 годзе была адкрыта школа. У 1638 годзе ён таксама пабудаваў драўляны касцёл Благавешчання. У 1833 годзе гэты стары драўляны касцёл быў зачынены царскімі ўладамі, а падчас Першай Сусветнай вайны ён быў зруйнаваны. Адзін з наступных гаспадароў Петрыкава Юры Хадкевіч надаў фундуш двум праваслаўным цэрквам мястэчка, якія ўжо існавалі на той час.

Падчас антыфеадальнага паўстання 1648-51 гадоў у петрыкаўскім замку была база паўстанцаў, адкуль яны адпраўлялі зброю ў суседнія гарады, у тым ліку ў Мазыр. А вось падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай, з 1654 года ў замку быў гарнізон Рэчы Паспалітай  Пад сценамі замка стаялі казацкія атрады Залатарэнкі, але ўзяць яго не здолелі. Але вядома, што ў 1664 годзе замак і мястэчка знаходзіліся ў руках казацкага палкоўніка Дацко Васілевіча.

З 1693 года і да пачатку 18 стагоддзя Петрыкаў караткачасова належаў Пацам, але Хадкевічы хутка вярнулі яго да сваіх уладанняў. На месцы старога бастыённага замка імі былі пабудаваны палац і розныя гаспадарчы пабудовы. Да нашага часу ад гэтых будынкаў нічога не захавалася.

У 1776 годзе Хадкевічы атрымалі ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага прывілей на правядзенне ў Петрыкаве два разы на год кірмашоў. У мястэчку было шмат рамеснікаў, асабліва шаўцоў і краўцоў, які выраблялі адзенне і абутак.

Пасля Другога Падзелу Рэчы Паспалітаў Петрыкаў увайшоў у склад Расійскай Імперыі. Ён быў цэнтрам воласці Мазырскага павета.

Яшчэ ў 1773 годзе на мясцовых могілках была пастаўлена драўляная праваслаўная царква, але ў яе патрапіла маланка і яна згарэла. На яе месцы было вырашана пабудаваць новы храм. Грошы на будаўніцтва сабралі мясцовыя жыхары, шмат сродкаў ахвяравалі мясцовыя купцы. У 1839 годзе храм быў асвечаны як Свята-Мікалаеўская царква. За савецкім часам у царкве быў склад, а з 1990-х яна зноў пачала дзейнічаць. Царква з’яўляецца помнікам псеўдавізантыйскага стылю. Побач з царквой знаходзяцца могілкі, на якіх магчыма пабачыць каменную пліту з кірылічнымі надпісамі – мяркуецца, што гэта пахаванне мясцовай шляхты 16-17 стагоддзяў. Раней такіх пліт тут было больш, а зараз засталася толькі адна.

Іншы вялікі царкоўны комплекс знаходзіўся каля гандлёвай плошчы Петрыкава. Ад яго да нашых дзён дайшла невялікая мураваная Уваскрасенская капліца. Галоўным будынка комплекса была царква Уваскрасення Гасподняга, пабудаваная ў 1846 годзе.

Храм быў пабудаваны майстарамі з Крэменчуга і з’яўляўся самым высокім будынкам у Петрыкаве. З 1929 года у царкве адкрылі кінатэатр, а ў 1957 годзе будынак быў ўзарваны.

Кажуць, што узрывалі царкву тры разы, таму што яна мела вельмі крэпкія сцены. Калі разбіралі завалы на месцы царквы, былі знойдзены старажытныя пахаванні з рознымі рэчамі. Асабліва цікавым быў меч, упрыгожаны каштошнымі камянямі. Мяркуецца, што гэта было пахаванне аднаго з князёў Алелькавічаў. Цяперашні лёс гэтага артэфакта невядомы.

У 1836 годзе на старажытныя могілкі ў Петрыкаў быў перанесены будынак старой драўлянай царквы з вёскі Сотнічы недалёка ад Петрыкава. Гэтая драўляная царква была пабудавана ў канцы 17 стагоддзя. Царкву будавалі стараверы, але з 1746 года яна стала уніяцкай. Набажэнствы ў храме ішлі да 1970 года, калі спынілся з-за яе аварыйнага стана. У апошнія гады царква стаяла напаўразбураная, пакуль у 2012 годзе яе не разабралі. Недалёка ад старой царквы ўзводзіцца новы будынак Свята-Пакроўскай царквы, які паўтарае знешні выгляд старой царквы.

На старых петрыкаўскіх могілках знаходзяцца і іншыя цікавыя аб’екты — мемарыяльныя калоны. Наконт іх знікнення існуюць спрэчкі: ці гэта калоны былі пастаўлены ў гонар Канстытуцыі 1791 года, ці гэта пахаванні мясцовай шляхты.

У 1880-х Петрыкаў быў падрабязна апісаны ў кнізе “Жывапісная Расія”. На той час тут былі две праваслаўныя царквы, драўляны касцёл, школа, млын, вінакурны завод. У Петрыкаве было да 400 двароў і звыш 3000 жыхароў.

У 1890 годзе ў Петрыкаве была пабудавана яшчэ адна мураваная царква Узнясення Гасподняга. Храм дзейнічаў да 1930 года, калі быў зачынены. Пасля гэтага у храме быў склад, а з 1941 года — нават воданапорная вежа. У 1970-х гадах у будынку быў піўны бар, а вось з 1991 года храм быў зноў вернуты праваслаўным і адноўлены.

З канца 19 стагоддзя ў Петрыкаве захавалася традыцыйная хата мясцовага жыхара  – помнік драўлянага дойлідства. Гэтая хата пабудавана без адзінага цвіка.

Таксама у цэнтры захаваліся і некаторыя мураваныя будынкі з забудовы мястэчка канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.

У 1897 годзе у Петрыкаве было 500 двароў і каля 5500 жыхароў, было шмат невялікіх прадпрыемстваў.

Петрыкаў – радзіма дзеда Талаша. Асабліва вядомы гэты герой стаў пасля аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”. Пахаваны ён на мясцовых могілках. А вось у парку знаходзіцца помнік дзеду Талашу

У 1917 годзе Петрыкаў увашоў у склад БССР, з 1924 года стал цэнтрам раёна, а ў 1938 годзе атрымаў статус горада. Петрыкаў з’яўляецца портам на рацэ Прыпяць, тут з савецкіх часоў і па сённяшні дзень дзейнічае сударамонтны завод. З іншым берегам ракі наладжана паромная пераправа.

Фота: Кісцерны Кірыл