Ёсць версія, што гэтая назова паходзіць ад старабеларускага слова “песак”, якое азначае шчаня.

Упершыню ў летапісах Пескі ўзгадваюцца ў 1503 годзе, калі вялікі князь Аляксандр падарыў гэтую зямлю Дзмітрыю Кіяніну. Дзмітры перадаў Пескі сваёй дачцэ Сухадольскай, а яна ў сваю чаргу падязяліла маёнтак для сваіх трох дачок: Рагінскай, Альшэўскай і Суруцавай. Дачка Суруцавай Барбара пабралася шлюбам з Якубам Пуслоўскім, які выкупіў астанія часткі ў Рагінскіх і Альшэўскіх і стаў адзіным уладаром Песак. Якуб Пуслоўскі быў вайскоўцам, прымаў удзел у паходзе на Масковію ў войску Яна Хадкевіча. А вось ягоны ўнук Казімір Міхал Пуслоўскі быў гусарскім палкоўнікам. Менавіта ён з’яўляецца заснавальнікам пескаўскай рэзідэнцыі рода. Па некаторых звестках пры ім у маёнтку былі пабудаваны дзве цагляныя мемарыяльныя вежы з крыжамі наверсе: адна пры ўездзе ў сядзібу, якая не захавалася, і іншая каля вёскі Альшэва. Яна дайшла да нашых дзён і нядаўна яна была адрамантавана. Існуе версія, што мемарыяльныя вежы былі пастаўлены ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, але дакладных доказаў гэтага меркавання няма.

Унук Казіміра Міхала — Францішак Пуслоўскі быў камергерам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і сябрам Людзвіга Касцюшкі – бацькі Тадэвуша Касцюшкі. Францішак вырашыў пераўтварыць Пескі ў сваю галоўную рэзідэнцыю. На тэрасным беразе Чорнага возера ён заклаў парк і пачаў будаваць палац. Парк захаваўся да нашых дзён. Раней у ім таксама раслі розныя рэдкія віды дрэў: клёны, лістоўніцы, сосны веймутавы, зараз у ім магчыма пабачыць шмат старых дубоў.

Працягнуў справу бацькі ягоны сын Войцах Пуслоўскі, які быў вядомым прадпрымальнікам і маршалкам шляхты Слонімскага павета. Войцах Пуслоўскі дабудаваў палац у Песках. У палацы была карцінная галерэя, калекцыя зброі, бібліятэка, архіў Пуслоўскіх. Неадалёка ад палаца быў пастаўлены цікавы двухпавярховы будынак з купалам на манер вілы “Ратонда” Андрэа Паладыо – “Павільён руж”. Недалёка ад гэтых будынкаў парку таксама была шкляная аранжарэя і стаяў вятрак.

У Альшэва (побач з Пескамі) Войцах у 1808 годзе пабудаваў касцёл, які стаў радавой усыпальніцай Пуслоўскіх. Пасля паўстання 1863 года касцёл стаў праваслаўным, а яго культавае начынне было перанесена ў вышэйзгаданы “Павільён руж”. У 1960-х гадах будынак касцёла быў узарваны савецкімі ўладамі. Ад храма захавалася толькі частка сцяны, а таксама старажытныя могілкі ўвакол яго.

У 1827 годзе на грошы прыхаджан і пры падтрымцы Пуслоўскага ў Песках была пабудавана драўляная праваслаўная царква. Царква была асвечана ў гонар Святой Троіцы, з гэтага моманту яна ніколі не зачынялася.

Галоўны ўезд у Пескаўскую сядзібу ажыцяўляўся праз Паўночную браму. Гэты манументальны будынак у гатычным стылі датуецца сярэдзінай 19 стагоддзя. Брама мае дзве круглыя вежы і высокі арачны праезд паміж імі. У 1863 годзе, калі мясцовыя жыхары падтрымалі паўстанне Кастуся Каліноўскага, то паўстанцы трымалі абарону ў гэтай браме. Так 9 мая 1863 года тут праходзіў бой паміж казакамі Ігельстрома і паўстанцкім атрадам Траўгута. Паўночная брамы сядзібы добра захавалася да нашых дзён.

На заходнім уездзе ў сядзібу таксама была брама. Заходняя брама была меньшых памераў і не мела вежаў, але таксама мела яркія гатычныя рысы. За савецкім часам у будынку была крама, у сувязі з гэтым быў замураваны цэнтральны арачны праём брамы. Зараз будынак закінуты і паволі разбураецца.

У Войцаха Пуслоўскага і ягонай жонкі Юзэфы Друцкай-Любецкай было дзве дачкі і пяць сыноў. Пескі адышлі старэйшаму сыну Францішку Ксаверыю. Францішак быў расійскім паслом у Парыжы і ў Песках бываў нячаста. У 1843 годзе пры прагатаванні крупніка загарэлася кухня, пажар хутка перакінуўся і на палац і ён згарэў. З будынку паспелі выратаваць каштоўныя рэчы, у тым ліку архіў роду Пуслоўскіх.

Для свайго нядоўгага знаходжання ў Песках Францішак Пуслоўскі прыстасаваў адзін з ацалелых павільёнаў, а потым перабудаваў пад сядзібны дом стайню. Гэты атынкаваны драўляны будынак з лістоўніцы быў сядзібным домам Пуслоўскіх да 1939 года.

Францішак Пуслоўскі марыў пабудаваць у Песках новы палац у французскім стылі, але здзейсніць гэтага не здолеў. А вось ягоны сын Уладзіслаў перанёс галоўную рэзідэнцыю роду ў Альбярцін, куды былі перавезены і многія каштоўныя рэчы. Пасля Уладзіслава Пескамі валодаў ягоны сын Францішак Ксаверы, а потым і ягоны сын Уладзіслаў. Апошнімі ўладарамі Пескаў быў сын Уладзіслава Францішак со сваёй жонкай Ірэнай Могль, якія вымушаны былі пакінуць Пескі ў 1939 годзе.

У 1819 годзе Пескі наведваў пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч і пакінуў даволі падрабязныя апісанні сядзібы. А вось у 1865 годзе ў Пескі завітаў Напалеон Орда і намаляваў сядзібу. На той час яна выглядала вось так:


Фота: Кісцерны Кірыл