Калісьці праз гэтыя мясціны праходзіў старажытны шлях паміж Бярэсцем і Гародняй і тут была пераправа праз раку Зяльвянку. Пазней тут пабудавалі мост а са спадарожнікаў бралі “маставыя” грашыма ці прадуктамі. Калі пераправы і масту пачалі сяліцца людзі, будавалі хаты для начлегу спадарожнікаў. Існуе версія, што адсюль і пайшла назова Падароск.

Па іншай версіі назова паходзіць ад слова ”падарунак”, бо ў 1514 годзе гэтыя землі вялікі князь Жыгімонт І Стары падараваў Мацею Войцахавічу Клочка, які з’яўляецца першым вядомым уладаром Падароска.

Ваўкавыскі стараста Мацей Клочка пабраўся шлюбам з Кацярынай Глябовіч. Разам са сваёй жонкай Мацей пабудаваў у Падароску першы касцёл.

У першай палове 17 стагоддзя ў Падароску ўладарыла іх дачка Марына Клочкаўна Падароская, якая была замужам за земскім ваўкавыскім суддзёй Пракопам Дольскім. Дзякуючы ёй у 1630 годзе ў Падароску з’явілася першая праваслаўная царква, апеку над якой яна перадала віленскаму Свята-Духаваму манастыру.

Пасля Марыны і Пракопа Дольскіх ў Падароску гаспадарыў іх сын Павел, які быў войскім ваўкавыскім і сакратаром у караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Павел быў прыхільнікам уніяцкай веры і таму ён перадаў мясцовую праваслаўную царкву уніятам.

Дольскія валодалі Падароскам да канца 17 стагоддзя Потым тут уладарылі Тышкевічы, Касцюшкі, Аўсяныя, Сцыпіёны-дэль-Кампа, Грабоўскія. Павел (а па іншых звестках Ксаверый) Грабоўскі вырашыў разабраць старую унияцкую царкву, а на яе месцы пабудаваць новую мураваную. Новая царква была асвечана ў 1780 годзе ў гонар Святой Елізаветы. Пасля паўстання 1831 года царкву перадалі праваслаўным, а за польскім часам прыстасавалі пад касцёл. У савецкія часы ў будынку быў склад, а 1991 годзе храм вярнулі праваслаўным. Зараз гэта царква Святой Троіцы.

Дарэчы касцёла ў Падароску доўгі час не было, а з’явіўся ён толькі ў 1990-я гады, калі пад пад касцёл прыстасавалі будынак, перададзены калхозам.

У Падароску амаль цалкам захавалася старая планіроўка мястэчка: ўсе галоўныя вуліцы сыходзяцца на рынкавую плошчу. Праз яе праходзіў і стары тракт з Бярэсця на Гародню. Калісьці на галоўнай плошчы праходзілі кірмашы.

У 17-18 стагоддзях у Падароску ўжо было тры карчмы. Да нашых дзён захаваўся адзіны тагачасны будынак карчмы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ім была палявая раённая жандармерыя, а ў савецкі час – цэнтр калгаса.

З канца 18 стагоддзя ў Падароску ўладарылі Чачоты, а ў 1854 годзе тутэйшым гаспадаром стаў Раман Бохвіц – сын вядомага пісьменніка Фларыяна Бохвіца. Брат Рамана Бохвіца Ян Отан уладарыў землямі ў наваколіцах Баранавіч і надаў сваім маёнткам назовы ў гонар бацькоў — Флер’янава і Паўлінава.

Раман Бохвіц быў вельмі прагрэсіўным гаспадаром. Ён вызваліў усіх сваіх сялян ад прыгону і перавёў іх у разрад арэндатараў. У Падароску ён распачаў будаўніцтва палаца дзеля чаго выклікаў архітэктара з Вільні. Палац быў пабудаваны у класічным стылі, галоўны фасад будынка упрыгожаны франтонам з чатырма калонамі. За савецкім часам у будынку было праўленне саўгаса, а зараз мясцовымі энтузіастамі ў палацы ствараецца музей беларускай шляхты.

Побач з палацам захаваліся і іншыя гаспадарчыя пабудовы былой сядзібы: флігелі, кароўнікі, майстэрні, бровар.

Дарэчы бровар, які быў пабудаваны ў 1862 годзе, працаваў яшчэ зусім нядаўна, у пачатку 2000-х гадоў.

Будынкі кароўнікаў захаваліся ў рэштках, а калісьці гэта былі вельмі прыгожыя пабудовы, упрыгожаныя дэкаратыўнай каланадай пры ўваходзе. Раман Бохвіц завёз сюды кароў з Галандыі і Германіі.

Таксама ў рэштках захаваліся і будынкі майстэрняў, які знаходзяцца недалёка ад палаца. Зараз яны прыкрыты навесам і закансерваваны.

На мясцовай раке Зяльвянка Раманам Бохвіцам быў пабудаваны вадзяны млын. Гэты будынак быў страчаны зусім нядаўна – у ім здарыўся пажар.

Увакол комплекса захавалася і аутэнтычная агароджа з прыгожай уязной брамай, праз якую дарога ішла да уваходу ў палац.

У польскія часы Падароск быў цэнтрам гміны. З тых часоў захаваўся будынак гміны. Побач з ім стаіць дом, які быў пабудаваны нямецкімі афіцэрамі падчас акупацыі тэрыторыі фашыстамі.

Апошнім уладаром Падароска быў Отта Бохвіц. Калі ў 1939 годзе сюды прыйшлі бальшавікі, то ён не стаў уцякаць і быў схоплены. Яго адвезлі ў ваўкавыскую турму, дзе ён і скончыў сваё жыццё.

У 1939 годзе бальшавікі ўзарвалі фамільную капліцу роду Бохвіцаў і нават хацелі раскідаць гару, на якой яна стаяла. Але ж калі з пад зямлі паказаліся косці пахаваных тут шляхцічаў работы былі спынены.

Падароск вядомы тым, что ў пачатку 19 стагоддзя тут нарадзіўся Максіміліян Рылла – будучы вядомы філосаф, археолаг і місіянер. Максіміліян вучыўся ў Віленскім універсітэце, а пасля выехаў на вучобу ў Рым. Максіміліян Рылла першым з еўрапейскіх вучоных правёў раскопкі старажытнага Вавілона, быў абраны ў Папскую археалагічную акадэмію. У 1841 годзе ў Бейруце ён заснаваў каталіцкую акадэмію (зараз Бейруцкі універсітэт Святога Іосіфа), а ў 1844 годзе стаў рэктарам Рымскага калегіюма.

Фота: Кісцерны Кірыл