Калісьці гэта было адзінае паселішча Пагост, а потым яно падзялілася на Новы і Стары пагост. Назова Пагост паходзіць ад слова “пагасціць”, такіх назоў даволі шмат на Беларусі. У беларускай мове гэта слова азначала “стан князёў”, таму раней тут хутчэй за ўсё быў нейкі княжацкі двор.
Упершыню ў летапісах Пагост узгадваецца ў 15 стагоддзі як месца збору даніны. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандр падарыў Пагост пісару ВКЛ Івану Сапегу. Праз два гады тут ужо ўладарыць немец Клод, а ў 1566 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст падарыў Пагост ваяводзе Мікалаю Сіняўскаму. На той цэнтр гэта быў цэнтр воласці і мястэчка. У канцы 16 стагоддзя Пагост стаў уласнасцю канцлера Льва Сапегі.
16 ліпеня 1593 года Леў Сапега даў фундуш на пабудову тут драўлянага касцёла, а ксяндзам у карыстанне дае свой двор у Пагосце. Гэты касцёл згарэў падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654 года, але хутка быў адноўлены. Новы касцёл прастаяў каля 100 гадоў, а ў 1760-х гадах ксёндз Післяк пры падтрымцы кашталяна Станіслава Бужынскага ініцыяваў пабудову новага касцёла. Храм быў асвечаны ў 1786 годзе як касцёл Святой Троіцы. Касцёл прайшоў праз усе войны, а ў 1954 годзе быў зачынены. Тады ксёндз быў арыштаваны, а ў самога будынка былі знесены вежы і ён быў перароблены пад склад. У 1990-я касцёл быў адноўлены і зноў адчыніў свае дзверы.
З пачатку 18 стагоддзя Пагост належаў Станіславу Біянецкаму, потым кашталяну смаленскаму Станіславу Бурчынскаму, а пасля гродзенскаму пакомар’ю Францішку Юндзілу.
Падчас Другога Падзелу Рэчы Паспалітай Пагост увайшоў у склад Расійскай імперыі, а мяжа з Рэччу Паспалітай прайшла зусім недалёка ад мястэчка. Пагост уваходзіў у склад Дзісненскага павета. У 1818 годзе маёнтак Пагост быў падзелены на Новы і Стары Пагост.
У Пагосце на той час яшчэ была уніяцкая царква, якая існавала да 1839, калі адбылася ліквідацыя уніі. Мясцовых уніятаў пачалі пераводзіць у праваслаўе, але не ўсе былі згодны з гэтым. Аднак, нягледзячы на гэта, пад канец 19 стагоддзя уніятаў тут ужо не засталося.
Пад канец 19 стагоддзя ў Пагосце была пабудавана новая праваслаўная царква. Будынак царквы быў дэкараваны бутавым каменем, вакол яе была зроблена агароджа з брамай з гэтага ж матэрыяла. Царква была асвечана ў 1879 годзе ў гонар Мікалая Цудатворца. З тых часоў храм дзейнічаў і не зачыняўся.
У старым Пагосце прайшло дзяцінства Вацлава Ластоўскага. Нарадзіўся ён у вёсцы Калеснікі, што знаходзілася ў гэтых мясцінах, на Дзісненшчыне. Вацлаў Ластоўскі, які збіраў беларускі фалклор, запісаў шмат успамінаў мясцовых жыхароў і мясцовых паданняў, а таксама апублікаваў іх у газетах.
Ім была запісана мясцовая легенда пра горад Багоцк, які стаяў недалёка адсюль, а ў нейкі момант знік у возеры. Таксама вядома легенда пра вялікі валун – “камень-шавец”. Па мясцовых паданнях ў камяні было вакенца, куды ўвечары людзі клалі палатно, а раніцай забіралі гатовае адзенне. Вялікі валун і зараз магчыма пабачыць сярод группы камянёў паміж Старым і Новым Пагостам.
У 1910 годзе ў Новым Пагосце у сям’і настаўнікаў нарадзіўся харавы дырыжор і кампазітар Генадзь Цітовіч, які збіраў і вывучаў беларускі музычны фальклор.
Зараз у мясцовай школе дзейнічае музей у гонар Цітовіча.
Фота: Kisterny Kiryl