Паводле мясцовых паданняў першымі ў гэтыя мясціны прыйўлі земляробы. Звычайна яны пераходзілі з месца на месца, мянялі свае палеткі. Але тут зямля была ўрадлівай і яны засталіся надоўга. А назову паселішчу так і далі – Новае поле. Вядома тое, што людзі жывуць тут з даўніх часоў. Недалёка ад Новага поля знаходзіцца старажытнае гарадзішча і курган, дзе былі знойдзены крэмніевыя прылады працы, наканечнікі стрэлаў і коп’яў. У пісьмовых крыніцах Новае поле вядома
з 15 стагоддзя, калі тут уладарылі Кіжгайлы. У 1550 годзе Новае поле праз шлюб дачкі Станіслава Кіжгайлы перайшло да Яна Завішы.  А вось у пачатку 17 стагоддзя ўжо ягоная дачка пабралася шлюбам з Шыманам Самуілам Сангушкам, які
быў маршалкам аршанскім, кашталянам мсціслаўскім і ваяводам віцебскім. Сангушкі ўладарылі тут амаль два стагоддзі. Яны заснавалі на гэтых землях Ракаўскае графства з цэнтрам у
Ракаве, куды ўваходзіла і Новае поле. У канцы 18 стагоддзя тут пабываў Міхал Казімір Агінскі. Кажуць, ён вельмі ўпадабаў гэтыя мясціны і папрасіў прадаць яму Новае поле. Так Новае поле перайшло да Агінскіх. Але калі пачалося паўстанне
Тадэвуша Касцюшкі, то Агінскі да яго далучыўся і пачаў фарміраваць свой атрад. Дзеля гэтага ён прадаў частку сваіх маёнткаў, у тым ліку і Новае Поле. А вось набыў Новае поле шляхціч Іосіф Сялява. У 1794 годзе ў Новым полі ўжо
была пякарня, дом аканома, гаспадарчыя пабудовы. Іосіф Сялява распачаў будаўніцтва і заклаў падмурак палаца, але неўзабаве памёр. Палац дабудаваў сын Іосіфа Апалінар Сялява у 1820-х гадах. Гэты будынак зараз з’яўляецца
цэнтральнай часткай палаца. Вакол палаца Апалінарам Сялявай быў закладзены парк.  Пасля смерці Апалінара Новае поле перайшло да ягонай пляменіцы Хрысціны. Хрысціна была ў шлюбе з князем Друцкім-Любецкім. Пры Хрысціне у 1855 годзе было дабудавана правае крыло палаца. Таксама тут было ўжо 12 розных гаспадарчых пабудоў, у тым ліку дзейнічаў вадзяны млын, бровар, піваварня. Прыкладна з тых часоў да нашых дзён дайшла лядоўня.

У 1864 годзе Хрысціна перапісала Новае поле на свайго ўнука Іераніма. Іеранім Друцкі-Любецкі стаў адым з багацейшых людзей на нашых землях, ён быў дырэктарам Мінскага камерцыйнага банка. У 1907 годзе ён быў абраны ў Дзяржаўную думу.
Пры Іераніме было дабудавана левае крыло палаца з дэкаратыўнай вежай і ён атрымаў свой цяперашні выгляд. Палац з’яляецца помнікам стылю так званага «правінцыяльнага класіцызму».

У 1908 годзе Новае поле наведвала Эліза Ажэшка, якая гасцявала ў братоў Здзяхоўскіх у суседнім
Ракаве. Недалёка ад Новага поля, каля вёскі Барздынь знаходзяцца каталіцкія могілкі. Пад канец 19 стагоддзя гэтымі мясцінамі валодаў Ігнацій Вішнявецкі. У 1884 годзе на могілках ён збудаваў капліцу-пахавальню роду
Вішнявецкіх у неагатычным стылі. У савецкія часы капліца была разбурана, а зараз пачынаецца яе рэстаўрацыя.

У 1921 годзе Новае поле ўвайшло ў склад БССР. Мяжа з Польшчай прайшла за два кіламетры ад Новага поля, а ў палацы размясціліся савецкія памежнікі. З 1952 года ў палацы размяшчаецца сельскагаспадарчы тэхнікум, які зараз завецца сельскагаспадарчым
каледжам.  

Фота: Kisterny Kiryl