Наконт паходжання назовы гэтага паселішча існуе некалькі версій

Па адной з іх раней гэтая вёска звалася Прохаў. Падчас татарскіх набегаў яна была спалена. Тады ацалелыя яе жыхары вырашылі, што гэтая назова нешчаслівая. Паселішча аднавілі на новым месца на беразе Ясельды і з новай назовай Моталь – кажуць таму, што тут было шмат матылёў.

Ёсць іншая легенда, што ў гэтых мясцінах праходзіў шлях, на якім адзін з мясцовых па прозвішчу Моталь адкрыў карчму і заезны двор. З цягам часу побач пачалі сяліцца людзі, а назова так і засталася – Моталь.

Гэтыя землі здаўна ўваходзілі ў склад Турава-Пінскага княства, а з 1320-х гадоў Гедымін далучыў іх да Вялікага княства Літоўскага. Моталь упершныю ўзгадваеца ў літоўскай метрыцы ў 1422 годзе. А вось у 1520-х гадах гэтыя мясціны належалі пінскаму князю Фёдару Яраслававічу, а пасля ягонай смерці патрапілі ў казну і сталі ўласнасцю караля Жыгімонта І. Жыгімонт І падарыў Пінскія землі сваёй жонцы Боне Сфорца. Каралева Бона асабіста аглядала свае пінскія уладанні і заязжала ў Моталь.

У 1555 годзе па загадзе каралевы Боны Моталь стаў мястэчкам і атрымаў Магдэбургскае права. Дарэчы гэта адбылося на 30 гадоў раней павятовага цэнтра – Пінска. Разам з Магдэбургскім правам была выдадзена грамата, якая сведчыла, што маталяне – падданыя караля і падпарадкоўваюцца непасрэдна яму. Пазней гэтую грамату падцвярджаў кожны з наступных каралей Рэчы Паспалітай. Пры каралеве Боне ў Моталь былі пераселены гандляры і рамеснікі італьянскага і немецкага паходжання. Іх нашчадкі з тых часоў засталіся ў Моталі, аб гэтым сведчаць некаторыя мясцовыя прозвішчы, утвораныя ад заходнееўрапескіх. Мястэчка хутка развівалася, тут пачалі праводзіцца кірмашы. Пад канец 16 стагоддзя ў Моталі ўжо налічвалася 8 вуліц, было 4 праваслаўных царквы. Існуюць звесткі, што Бона таксама загадала пабудаваць у Моталі каралеўскі палац. Гэты будынак да нашых дзён не дайшоў і ягоных выяў не захавалася.

Падчас Паўночнай вайны у Моталі стаяў шведскі атрад.

Па легендзе адзін са шведскіх афіцэраў пачаў заляцацца да мясцовай дзяйчына, а яна за гэта пляснула яму у твар кіпятком. Так шведы пачалі бунт, перабілі шмат мясцовых жыхароў і спалілі палову Моталя.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Моталь увайшоў у склад Расійскай імперыі і Магдэбургскае права было скасавана. Але матыляне адстойвалі правы на свае землі і пры наступных шляхетных гаспадарах мястэчка. З 1798 года Моталь меў статус фальварка, а ў 1802 годзе быў нададзены ў пажыццёвае карыстанне французскай прынцэсе де Бройле-Рэвель. На той час у Моталі налічвалася каля 800 жыхароў.

Моталь належаў прынцэсе да 1827 года, калі ўказам імператара быў спачатку перададзены ў казну, а потым нададзены генерал-маёру Бройка тэрмінам на 12 гадоў.

У 1863 годзе тут з’явілася газета “Мужыцкая праўда”. А калі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага, то мясцовыя жыхары яго падтрымалі і пачалі ствараць свой атрад. Зветскі пра гэта дайшлі да Мураўёва, які адправіў сюды ваенны атрад, які амаль цалкам спаліў Моталь.

Пасля задушэння паўстання царскія ўлады выдзелілі грошы на адбудову мястэчка. На гэтыя сродкі ў цэнтры мястэчка была пабудавана Свята-Прэабражэнская царква, якая была асвечана ў 1877 годзе.

Напрыканцы 19 стагоддзя ў Моталі былі 654 хаты, 3 кузні, 6 млыноў, 16 лавак. Стаяла праваслаўная царква, а таксама была і сінагога, таму што каля траціны насельніцтва складалі яўрэі.

У 1874 годзе ў Моталі нарадзіўся Хаім Вейцман, які стаў знакамітым вучоным-хімікам і першым прэзідэнтам Ізраіля. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у Моталі, з 11 гадоў працягнуў вучобу ў Пінскай гімназіі, а ва узросце 20 гадоў разам з бацкамі выехаў з Беларусі. На мясцовых яўрэйскіх могілках пахаваны продкі і родзічы Хаіма Вейцмана, таксама захавалася драўляная хата бацькоў Хаіма Вейцмана дзе ён і нарадзіўся. У 1970-х хата была перанесена з цэнтральнай вуліцы ўглыб мястэчка і рэстаўравана.

У 1995 годзе ў Моталі быў адчынены Музей народнай творчасці. Сярод ягоных экспанатаў мотальскі строй, моталскія рушнікі і кажухі і іншыя прадметы традыцыйных мясцовых промыслаў і быта. На тэрыторыі музея знаходзіцца драўляны вятрак, які дзейнічае і зараз.

У Моталі дае імпрэзы мясцовы этнаграфічны тэатр “Мотальскія суседзі”.

Фота: Кісцерны Кірыл