Недалёка ад вёскі знаходзяцца куганы, узрост якіх датуецца прыблізна тысячай гадоў. У 2000 годзе тут адбывалася сімвалічнае святкаванне тысячагоддзя паселішча, на ўскрайку Лявонпаля ў гонар гэтай падзеі быў усталяваны сімвалічны крыж.
Упершыню ў летапісах гэтае паселішча ўзгадваецца ў сярэдзіне 16 стагоддзя як вёска Гількі. Тут уладарылі Масальскія, якія перайменавалі вёску ў Чурылавічы. У Масальскіх тут былі бабровыя ловы на рацэ Заходняя Дзвіна.
У канцы 16 стагоддзя тут уладарыў Лукаш Мірскі. У 1611 годзе тагачасны уладальнік Ян Дзевачка прадаў маёнтак Льву Сапеге, які валодаў шматлікімі землямі ў гэтых мясцінах. Далей тут зноў уладарылі Мірскія, смаленскі біскуп Мікалай Згарскі, Выгоўскія, Клячкоўскія, Агінскія.
У 1740-х гадах вёска перайшла да ваяводы брэсцкага і пракурора вялікага княства Літоўскага Мікалая Тадэвуша Лапацінскага. Ён валодаў землямі ў Полацкім, Мсціслаўскім, Віленскім і Трокскім ваяводствах.
Мікалай Лапацінскі вырашае перайменаваць вёску ў гонар свайго бацькі Лявона ў Лявонпаль. Тут ён робіць сваю летнюю рэзідэнцыю. У 1750 годзе ён запрасіў сюды італьянскага дойліда Гену, які пачаў будаваць тут палац у стылі барока. Палац стаіць на масіўным цокальным паверсе, цэнтральная частка яго двухпавярховая з фігурным франтонам на фасадзе.
Лапацінскі перавозіць у палац радавы архіў, бібліятэку, карцінную галерэю. Вакол палаца ён разбівае парк у французскім стылі. Таксама ён будуе тут аранжарэі, дзе вырошчвалі ананасы, апельсіны, лімоны, фінікі, лаўры. Аранжарэі Лапацінскіх былі вядомы на ўсю Рэч Паспалітую. Недалёка ад палацы были пабудаваны і гаспадарчыя пабудовы, да нашых дзён захаваліся флігелі.
У 1774 годзе Мікалай Лапацінскі будуе ў Лявонпалі драўляную уніяцкую царкву. Побач з царквой была пастаўлена невялікая двух’ярусная званіца. Пасля мясцовага паўстання 1841 года храм перадалі праваслаўным і ён стаў Троіцкай царквой. Тады у храма былі спілаваны дзве вежы, а наверсе была прыбудавана невялікая цыбулінка. У гэтым выглядзе храм захаваўся да нашых дзён. Царква ніколі не зачынялася, дзейнічала і ў часы савецкай улады.
Пасля смерці Мікалая вёска перайшла да ягонага сына, мсціслаўскага ваяводы Яна Нікадзіма Лапацінскага. Ён працягнуў справу бацькі: стварыў у палацы музей, дзе была калекцыя зброі, антычнага мастацтва, шмат скульптур, карцін, сярод якіх былі нават чатыры творы Рубенса. Таксама ў палацы былі фізічны і хімічны кабінеты, дзе праводзіл вопыты, дзейнічалі дзве друкарні. У Лявонпалі Лапацінскімі была заснавана ткацкая фабрыка, станкі і ўсталяванне для яе прывезлі з Лондана. На фабрыцы рабілі вырабы са льну: сурвэткі, рушнікі, абрусы, амаль весь тавар ішоў на экспарт.
Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай частка яе тэрыторыі адышла да Расійскай Імперыі, мяжа прайшла якраз па Дзвіне, Лявонпаль стаў памежным месцам. У 1791 года Ян Нікадзім Лапацінскі ўсталяваў недалёка ад берага Заходняй Дзвіны дзевяціметровую мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Гэтае месца было абрана нездарма – ён хацеў, каб калона была добра бачна на іншым беразе ракі, захопленым непрыяцелем.
Лапацінскія прынялі актыўны ўдзел у пасўстанні 1831 года. За гэта сюды ўварваліся казакі, разрабавалі і падпалілі палац, але на шчасце ён быў патушаны сялянамі. А праз 10 гадоў, у 1841 годзе тут пачалося сялянскае паўстанне з нагоды забароны уніяцкай царквы і пераводу уніятаў у праваслаўе. Сюды быў накіраваны карніцкі расійскі атрад, падчас бою загінула шмат сялян-уніятаў.
Пасля гэтых паўстанняў Лявонпаль у Лапацінскіх быў адабраны і перададзены ў казну. Але ўжо ў 1845 годзе Лапацінскія змаглі выкупіть маёнтак. На той час Лапацінскія ужо не жылі ў палацы, які патрабаваў рамонту. Напрыклад маршалак дрысенскі Ігнацій Дамінік Лапацінскі жыў у Сар’і, дзе фундаваў пабудову знакамітага мясцовага касцёла.
А вось у пачатку 20 стагоддзя, з 1906 года ў Лявонпаль прыехаў гісторык мастацтва, калекцыянер і бібляфіл Эўзэбіюш Лапацінскі. Ён адрамантаваў палац, аднавіў парк. У палацы ён сабраў багатую калекцыю карцін, медалёў, гістарычных дакументаў пра род Лапацінскіх, а таксама пра Адама Міцкевіча. Эўзэбіюш пачаў ладзіць у палацы музычныя і літаратурныя вечарыны, дзе збіралася мясцовая шляхта.
Падчас Першай сусветнай вайны палац быў пашкоджаны, знікла частка калекцыі Лапацінскіх. Таксама пацярпеў ён падчас савецка-польскай вайны. Пасля войнаў, з 1920 года Эўзэбіюш пераехаў жыць у Вільню, а свой палац перадаў каталікам і нават даў грошы на яго перабудову ў касцёл. У савецкія часы ў палацы быў селькагаспадарчы тэхнікум, потым прафілакторый. Зараз палац пустуе і паволі разбураецца.
За польскім часам у Лявонпалі па праграме Пілсудскага была пабудавана школа, будынак якой захаваўся да нашых дзён.
У Лявонпалі дзейнічае адзіны на Беларусі «Музей радзімазнаўства».
Фота: Кісцерны Кірыл