Па легендзе, калісьці ў гэтых мясцінах Міндоўг пераязджаў Нёман і ўбачыў тут прыгожую дзяўчыну, якую забраў з сабой, а месца гэтае ў яе гонар назваў Любчай.

Старажытнае мястэчка Любча вядома яшчэ з 13 стагоддзя, калі князь Міндоўг падараваў яго баярыну Андрэю Кіяну. У сярэдзіне 13 стагоддзя дамініканскі манах Віт пабудаваў тут першы на тэрыторыі Беларусі кляштар дамініканцаў, а ў 1250-53 гг. заснаваў тут Літоўска-Рускае біскупства.

У 1401 годзе Любча ўзгадваецца ў тэўтонскіх хроніках, у апісанні шляху з Трабаў на Наваградак. На той час гэта вялікакняжацкае ўладанне. Пад канец 15 стагоддзя вялікі князь Аляксандр перадаў Любчу падскарбію літоўскаму Фёдару Храптовічу. Потым тут уладарылі Мелешкавічы, зноў Храптовічы, а ў 1499 годзе Любчу набылі Гаштольды. На той час Любча ўжо набыла статус мястэчка.

У 1547 годзе ў Любчы пачынае ўладарыць стараста жмудскі і падчашы Вялікага княства Літоўскага Ян Кішка. У 1570-80 гг. ён пачынае будаўніцтва замка. Дарэчы на тэрыторыі замка быў знойдзены флюгер з датай «1581», гэта пазваляе зрабіць выснову, што ў гэты час замак ужо стаяў. Любчанскі замак быў закладзены на халме, які з трох бакоў акружаны ровам, а з чацвёртага боку — ракой Нёман.

Прамавугольны ў плане замак мусіў мець чатыры вежы, але пры Яне Кішку было пабудаван тры: Брамная, Кутняя вежы (захаваліся) і трэцяя — паўночная вежа (захаваліся падмуркі). Паміж вежамі былі сцены, падчас рэстаўрацыі была адноўлена паўднёвая сцяна, ад іншых захаваліся рэшткі.

Ян Кішка прытрымліваўся арыянства — адной з плыняў хрысціянства, якая ўзнікла яшчэ ў IV стагоддзі. У 1582 годзе ў Любчанскім замку адкрыўся арыянскі сінод, Вялікае княства Літоўскае на ім прадстаўляў Сымон Будны. А 1590 годзе тут з’явіўся арыянскі храм, а таксама адкрыта школа і лякарня. У 1590 годзе мястэчка Любча атрымала ад караля Жыгімонта III Вазы Магдэбургскае права і ўласны герб — срэбная падкова з трыма крыжамі і дзве рыбы.

Ян Кішка памёр у 1592 годзе, а Любча праз шлюб ягонай сваячніцы Ганны Кішкі патрапіла да Крыштафа Радзівіла — гетмана Вялікага княства Літоўскага. Крыштаф Радзівіл пачынае уладарыць тут у 1606 годзе. Ён працягвае будаўніцтва замка, фундуе будаўніцтва шпіталя, а ў 1612 годзе спрыяе адкрыццю ў Любчы друкарні пад кіраўніцтвам Пятро Клімты. Друкарня выдавала пратэстанцкія, філасофскія кнігі, а таксама і мастацкую літаратуру. У любчанскай друкарні выйшла кніга педагога і фалькларыста Саламана Рысінкага «1800 прыказак і прымавак». Кніга мела вялікі поспех, перавыдавалася два разы, а пасля яшчэ друкавалася ў Кракаве і Любліне. Дарэчы і Пётр Клімта, і Саламон Рысінскі былі пахаваны на мясцовых могілках, дзе Радзівіл асабіста загадаў паставіць ім помнікі.

Крыштаф Радзівіл дбаў аб развіцці Любчы, ён запрашаў сюды мяшчан з Наваградка, Менска. Наступным гаспадаром Любчы быў сын Крыштафа — Януш Радзівіл. Ён збіраўся зрабіць мястэчка адной з галоўным рэзідэнцый роду. У замку пры ім была створана карцінная галерэя, была сабрана калекцыя антычнага посуду, старажытнай зброі і манет, а ў сутарэннях замку была кунтскамера. У часы Януша Радзівіла мястэчка Любча падцвердзіла сваё Магдэбургскае права і атрымала новы герб — дзве вежы, а паміж імі ўзброены рыцар.

Пабачыць тагачасны план Любчы магчыма на малюнку з мапы Юзафа Нарановіча-Наронскага, якая была выдадзена ў 1647 годзе. Любча тады мела 6 жылых кварталаў і каля 150 дамоў, вуліцы ішлі паралельна і перпендыкулярна Нёману. Замак меў чатыры вежы, дзве з якіх стаялі над ракой.

Любча моцна пацярпела падчас вайны 1654-67 гг. У 1655 годзе мястэчка было захоплена казацкімі атрадамі Залатарэнкі, а ў 1659 года атрадамі маскоўскага ваяводы Хаванскага. Мястэчка і замак былі падпалены. Наступны моцны пажар у замку здарыўся падчас Паўночнай вайны, з гэтага часу ён страціў сваё абарончае значэнне.

Да 18 стагоддзя Любча належала Радзівілам, пазней арандатарамі тут былі Сапегі, а з пачатку 19 стагоддзя мястэчка перайшло да  Вітгенштэйнаў. Тут уладарыў Пётр Вітгенштэйн, а з 1861 года ягоная сястра Марыя Гагенлоэ. У 1864-70 гг. з паўночнага боку замку, на высокім беразе Нёмана, быў пабудаваны палац у неагатычным стылі. Палац быў разбураны падчас Першай Сусветнай вайны, а ў 1947 годзе на ягоных падмурках была пабудавана школа — гэты будынак стаіць тут и зараз.

У 1841 годзе на галоўнай вуліцы мястэчка была ўзведзена драўляная Пакроўская царква, у 1858 годзе яна была адраматнавана. Акрамя царквы тут былі дзве сінагогі, хедэр, міква, бо ў мястэчку пражывала шмат габрэяў. На пачатку 20 стагодзя будынак старой царквы быў разабраны і ў 1910 годзе на гэтым была ўзведзена новая мураваная царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі, якую асвяцілі у гонар Святога Іллі у 1914 годзе.

У канцы 19 стагоддзя Любча пераходзиць да Эдуарда Фальц-Фейна, а потым да ягоных сыноў. Пры Фальц-Фейнах побач з брамнай вежай замка быў пабудаваны  флігель у неагатычным стылі, а вакол комплекса закладзены парк. Фрыдрых Фальц-Фейн быў вучоным-натуралістам (заснаваў вядомы запаведнік Асканія-Нова). Ён прывёз і пасадзіў у парку экзатычныя дрэвы, сярод якіх шэры арэх, лістоўніца і іншыя.

У 1903 годзе Любчу у сваіх братоў набыла Лідзія Фальц-Фейн (у шлюбе — Набокава). У 1903 годзе у Любчы нарадзіўся Мікалай Набокаў — стрычены брат Уладзіміра Набокава. Ён таксама стаў вядомым чалавекам і імігрантам: ў 1919 годзе іміграваў у Парыж і стаў кампазітарам — аўтарам музыкі да рускіх сезонаў Сяргея Дзягілева. У 1928 годзе Лідзія Фальц-Фейн заклала маёнтак Любча пад працэнты ў банк, не здолела вярнуць пазыку і страціла маёнтак. Любчу набыў манаскі ордэн уршулянак, у замку манахінямі ордэна быў адкрыты дзіцячы сад.

За польскім часам Любча была цэнтрам гміны (да 1939 года), а у складзе БССР стала цэнтрам Любчанскага раёна, які існаваў да 1956 года, а пазней увайшоў у склад Наваградскага раёна.

Фота: Kisterny Kiryl