Назова гэтага паселішча верагодна паходзіць ад слова “лог”, “лагчына” – наогул рэльеф тут разнастайны: ёсць і халмы, і лагчыны. Па іншай версіі назова паходзіць ад ракі Лагоза, якая цячэ ў 9 кіламетрах адсюль: раней горад узнік там, а потым быў перанесены на цяперашнее месца.

Лагойск узнік яшчэ ў 11 стагоддзі як умацаванае гарадзішча на гары. Увакол яго быў земляны вал вышынёй да 11 метраў, а вось вакол гары быў выкапаны роў, які быў запоўнены вадой. Доступ у горад ажыццяўлялўся праз перакідны мост.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Лагойск узгадваецца ў 1078 годзе. На той час горад уваходзіў у Полацкае княства. Пра Лагойск узгадваў у сваіх “Павучальнях” кіеўскі князь Уладзімір Манамах падчас свайго пахода на Усяслава Чарадзея. Тады ён здолеў захапіць горад, але пазней ён быў вернуты ў склад Полацкага княства. У 1127 годзе сын Уладзіміра Манамаха Мсціслаў задумаў напасць на некалькі гарадоў Полацкага княства, сярод якіх Заслаўе, Друцк, Барысаў і Лагойск. На Лагойск ён паслаў свайго сына Ізяслава з Курска, сястра якога была жонкай полацкага князя Брачыслава. Ізяслаў захапіў Лагойск і ўзяў Брачыслава ў палон, яле Лагойск яму належыў не надта доўга. На сходзе князёў, пасля смерці ягонага бацкі Мсціслава, было вырашана вярнуць горад Полацкім князям.

А вось у 1180 годзе Лагойск стаў цэнтрам Лагойскага княства. На пачатку 14 стагоддзя Лагойскае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Вялікі князь Літоўскі Ягайла перадаў Лагойск свайму брату Свідрыгайлу, калі яны разам ваявалі супраць яшчэ аднаго брата Андрэя – полацкага князя. Але праз пэўны час Свідрыгайла быў атручаны ў Кіеве, а Лагойск вярнуўся да Ягайлы. У 1393 годзе Ягайла падараваў Лагойск Васілю Чартарыйскаму. Пасля Васіля Лагойскам валодаў ягоны сын Аляксандр, а потым сын Аляксандра Сямён. У Сямёна Чартарыйскага было некалькі сыноў, але ўсе яны загінулі ў баі з крымскімі татарамі, на іх згасла лагойская галіна Чартарыйскіх.

Лагойск перайшоў па спадчыне да дачок Сямёна Чартарыйскага. Да дачкі Сямёна Соф’і адышла палова Лагойска да ракі Гайны, а да іншай дачкі Аляксандры – палова за ракой. Аляксандра Чартарыйская аўдавела і ў другі раз выйшла замуж за Васіля Тышкевіча. Васіль Тышкевіч вырашыў выкупіць у сястры сваёй жонкі іншую палову Лагойска і змог здзейсніць гэта ў 1531 годзе. З тых часоў і аж да 20 стагоддзя Лагойск стаў галоўнай рэзідэнцыяй роду Тышкевічаў.

Васіль Тышкевіч аднавіў лагойскі замак, які быў разбураны крымскімі татарамі. У 1569 годзе ён стаў смаленскім ваяводай і атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста тытул графа. Лагойск тады стаў цэнтрам графства. У тэстаменце Васіль Тышкевіч завяшчаў Лагойск старэйшаму сыну Юрыю, а таксама адзначыў, што Лагойск перадаецца толькі па мужчынскай лініі Тышкевічаў.

Пасля Юрыя тут уладарыў ягоны старэйшы сын Аляксандр. На пачатку 17 стагоддзя Аляксандрам Тышкевічам з нагоды хрышчэння ў каталіцкую веру быў пабудаваны драўляны касцёл, які быў асвечаны ў гонар Раства Дзевы Марыі і Святога Казіміра. Праз 60 гадоў гэты касцёл згарэў. Пасля гэтага тут быў пабудаваны іншы драўляны касцёл, а пад канец 18 стагоддзя генаралам войска Рэчы Паспалітай Антоніем Тышкевічам быў пастаўлены мураваны касцёл. Пасля Айчыннай вайны касцёл быў прыставаны пад склад, а потым і наогул узарваны. У 1999 годзе на ягоным месцы па праекце архітэктара Калечыца быў пастаўлены новы касцёл Святога Казіміра.

У 1765 годзе на замкавай гары ў Лагойску быў заснаваны базылянскі кляштар, ад якога да нашых часоў нічога не захавалася.
Падчас Другога Падзелу Рэчы Паспалітай Лагойск увайшоў у склад Расійскай Імперыі, але застаўся за Тышкевічамі.

У 1801 годзе ў Лагойску пачаў уладарыць Пій Тышкевіч. На пачатку 19 стагоддзя ён недалёка ад замчышча распачаў будаўніцтва шыкоўнага палаца ў стылі ампір. У палацы на сценах віселі палотны вядомых мастакоў, партрэты роду Тышкевічаў, два вялікія пакоі была аддадзены пад музей. У 1930-х гадах у палацы размясцілася НКВД, а ў падвалах была турма. Падчас Айчыннай вайны немцы размясцілі ў палацы гестапа, пад канец вайны ён быў узарваны партызанамі. Да нашых дзён захаваліся толькі руіны палаца.

Захаваўся малюнак палаца, які зрабіў мастак Напалеон Орда, калі ён наведваў Лагойск у 1883 годзе:


Вакол палаца былі размешчаны шматлікія гаспадарчыя пабудовы: свіраны, стайні, лядоўні і іншыя будынкі. Да нашых дзён захаваўся стары будынак стайні.

Вакол палаца быў разбіты парк у англійскім стылі, які займаў 10 гектараў. У парку было шмат экзатычных раслін.
Піў Тышкевіч стаяў ля вытокаў беларускага краязнаўства, збіраў розныя старажытныя рэчы. У 100-гадовым узросце ён быў абраны ганаровым членам Віленскай археалагічнай камісіі. Пражыў ён, дарэчы, 102 гады.

У Пія Тышкевіча былі два сыны: Еўстафій і Канстанцін. Яны працягнулі справу бацькі па вывучэнню гісторыі нашага краю.
Канстанцін Тышкевіч быў уладаром Лагойска з 1836 года. Тут ён стварыў цукровы завод, а ў 1837 годзе заснаваў фабрыку ільняных і баваўняных вырабаў. У 1850 годзе тут было 50 станкоў. Драўляны будынак фабрыкі захаваўся да нашых дзён.


Канстанцін Тышкевіч быў гісторыкам і археолагам, адным з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

Ягоны малодшы брат Еўстафій Тышкевіч таксама стаў гісторыкам, этнографам, археолагам. Ён таксама лічыца адным з заснавальнікаў беларускай археалогіі. Еўстафій Тышкевіч стаў старшынёй Віленскай археалагічнай камісіі.

У 1842 годзе браты Тышкевічы адкрылі ў сваім палацы у Лагойску першы на Беларусі гісторыка-археалагічны музей. Нумізматычная калекцыя тут налічвала тут больш за 1000 медалёў і манет, была вялікая бібліятэка, больш за 200 карцін італьянскіх майстроў і іншых мастакоў. Папаўняць калекцыю музея Тышкевічам дапамагала і пляменнца караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Канстанцыя, якая была ў шлюбе з Людзвігам Тышкевічам.

У сярэдзіне 19 стагоддзя Тышкевічы вырашылі перавезці свой музей з Лагойска ў Вільню, каб яго магло пабачыць болей людзей. Так быў створаны Віленскі музей старажытнасцяў. На жаль, калекцыя гэтага музея не захавалася: яна была падзелена паміж польскімі і расійскімі музеямі.

У 1856 годзе Канстанцін Тышкевіч на ўласным караблі “Марыя” ажыццявіў экспедыцыю па раке Вілія ад вытока і да яе вусця ў Нёман. Падчас экспедыцыі, якая доўжылася каля 4 месяцаў, Тышкевіч праводзіў раскопкі па берагах ракі, вывучаў ландшафт, збіраў фальклор у населеных пунктах. У выніку экспедыцыі ім была напісала фундаментальная кніга “Вілія і яе берагі”.

У другой палове 19 стагоддзя Тышкевічамі была фундавана пабудова ў Лагойску царквы. Царква была асвечана ў гонар Свяціцеля Мікалая у 1866 годзе. Храм быў зачынены бальшавікамі, а падчас вайны немцы дазволілі адчыніць царкву і праводзіць набажэнствы. З таго часу храм дзейнічае і ўжо не зачыняўся. Царква з’яўляецца адзінай на Беларусі, якая мае роспіс з кнігі Іаана Багаслова “Апакаліпсіс”.

З падножжа прыгорка, на якім стаіць царква, выцякае крыніца. Вада ў ёй здаўна лічыцца гаючай. У 2005 годзе крыніца была асвечана мітрапалітам Філарэтам. Каля крыніцы была пастаўлена невялікая драўляная капліца.

Пад канец 19 стагоддзя ў мястэчку Лагойск было 1180 жыхароў, большую частку з якіх складалі яўрэі. Тут дзейнічаў касцёл, царква, сінагога і яўрэйскія малітоўныя дамы.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: