Раней гэтае паселішча звалося Петухова, таму што належала шляхцічу Петуху і магчыма было ім заснавана. Упершыню ў летапісах Петухова ўзгадваецца ў пачатку 15 стагоддзя ў сувязі з тым, што Каспар Нікадзімавіч з Петухова выставіў у ваўкавыскую харугву, якая ўдзельнічала ў бітве пад Грунвальдам “слуг з канямі, панцырамі і шаломамі, зброю, рагачы”. Дарэчы мясцова невялікая рэчка мае назову Харужаўка.
А вось 22 верасня 1499 года Войцах Янавіч Клочка, які быў ахмістрам у Алены — жонкі вялікага князя Аляксандра, набыў Петухова ў баяраў Шышка і Некраша Ясновічаў.
Ягоны сын Мацей Клочка быў старастам ваўкавыскім, ваяводай віцебскім, вядомым дыпламатам. Ён пабраўся шлюбам з Кацярынай Глябовіч і ў іх нарадзілася дачка Марына. Калі Марына выйшла замуж за судзю земскага ваўкавыскага Пракопа Дольскага, то Петухова аддалі за ёю ў пасаг.
Пасля Дольскіх, з пачатку 17 стагоддзя тут уладарылі шляхцічы Дарагастайскія, потым Сапегі, а ў 1677 годзе вёску набыў брэсцкі ваявода Стэфан Курч. На той час тут было ўжо 30 двароў, стаяў млын.
У першай палове 18 стагоддзя ў Петухова ўжо ўладараць шляхцічы Хлусовічы. У 1744 годзе ваўкавыскі падкаморы Міхаіл Хлусовіч дабіўся аўдыенцыі ў караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ і атрымаў дазвол на правядзенне тут кірмаша на дзень Архангела Міхаіла.
З другой паловы 18 стагоддзя Петухова стала ўласнасцю падскарбія, камандуючага каралеўскім палком саксонца Яна Флемінга. Галоўная рэзідэнцыя Яна Флемінга знаходзілася ў мястэчку Балоткаў на Берасцейшчыне, якое ён у гонар сваёй жонкі пераіменаваў у Тэрэзпаль. Петухова Ян Флемінг таксама пераіменаваў у гонар сваёй дачкі ў Ізабелін.
Ян Флемінг перасяліў у Ізабелін шмат нямецкіх майстроў для развіцця тут прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Тады тут была пабудавана шмат дамоў у стылі фахверк. Некалькі невялікіх будынкаў у стылі фахверк, якія датуюцца пачаткам 20 стагоддзя, дайшлі да нашых дзён. Іх магчыма пабачыць на вуліцы Юбілейнай. Да нашых дзён у Ізабеліне жывуць нашчадкі тых нямецкіх майстроў, што магчыма адзначыць па мясцовых прозвішчах.
Пасля Флемінгаў у Ізабеліне пачынаюць уладарыць Грабоўскія. У 1778 годзе маршалак ваўкавыскі Казімір Грабоўскі разам з жонкай Монікай заснавалі тут кальвінскі збор. Ужо праз два гады Ізабелін становіцца месцам правядзення правінцыйных сінодаў кальвінскай Літоўскай Еднасці. Дарэчы тут прайшло 10 такіх сінодаў, апошні з якіх адбыўся ў 1858 годзе.
Кальвінскі збор няспынна дзейнічаў да 1928 года, калі памёр апошні мясцовы кальвінскі святар. Падчас Айчыннай вайны немцы перадалі будынак каталікам, таму што пабудаваны ў 1934 годзе драўляны каталіцкі храм згарэў. За савецкім часам будынак быў зачынены, потым у ім быў склад. У пачатку 1980-х гадоў у будынку здарыўся пажар і ён каля 10 гадоў стаяў абгарэлы. У пачатку 1990-х гадоў будынак перадалі каталікам, ён быў адрамантаваны і асвечаны як касцёл Святых Пятра і Паўла. Будынак з’яўляецца помнікам пераходнага ад барока да класіцызму стыля.
Акрамя кальвінсканскага збора ў канцы 18 стагоддзя ў Ізабеліне была пабудавана і уніяцкая царква. Яна дзейнічала да 1863 года, калі была перададзена праваслаўным і перабудавана: над галоўным фасадам з’явілася званіца. Царква была асвечана ў гонар Міхаіла Архангела і з тых часоў не зачынялася.
У канцы 18 стагоддзя ў Ізабеліне была пабудавана і сінагога. На той час, як і ў іншых мястэчках, тут было даволі шмат яўрэяў. У савецкія часы ў будынку сінагогі быў бар, а зараз ён закінуты.
Пры Грабоўскіх Ізабелін хутка развіваўся. Тут былі мануфактуры і іншыя прамысловыя прадпрыемствы. На пачатку 19 стагоддзя тут была створана адна з першых суконных мануфактур, якая вырабляля байку, а з 1827 года – рознакаляровае сукно. Для кіраўніцтва працэсам вытворчасці былі запрошаны вопытныя нямецкія майстры. Станкі тут працавалі на вадзяных рухавіках, а ў 1873 годзе з’явіўся і першы паравы рухавік. На той час тут налічвалася ўжо 50 станкоў, колькасць працаўнікоў складала да 100 чалавек.
Ізабелін на кароткі час быў і мясцовым адміністрацыйным цэнтрам. Падчас вайны 1812 года Ваўкавыск даволі моцна пацярпеў і ў Ізабелін былі часова перанесны павятовыя адміністрацыўныя органы.
Казімір Грабоўскі ўладарыў у Ізабеліне да 1830-х гадоў, калі перадаў мястэчка ва ўладанне сыну Морыц. А вось Морыц Грабоўскі ў 1836 годзе аддаў Ізабелін крэдытору свайго бацькі Адаму Стравінскаму. Пасля Адама тут уладарыў ягоны сын Густаў Стравінскі. Падчас паўстання 1863 года ён стаў аднім з кіраўнікоў паўстання на Беларусі, узначаліў паўстанцкі атрад на Ваўкавышчыне.
Стравінскім Ізабелін належаў да Першай сусветнай вайны. На той час тут было больш за 100 двароў, жыло каля 850 чалавек, дзейнічалі 5 крамаў, карчма, цагельны завод Гельмана. Чатыры разы на год у мястэчку праходзілі кірмашы.
У 1921 годзе Ізабелін увайшоў у склад Польшы і стаў цэнтрам гміны, а ў савецкія час пераўтварыўся ў звычайную вёску.