Як і большасць назоў у гэтых мясцінах, назова Іказнь мае балцкае паходжанне, у перакладзе са старажытнай мовы балтаў яно азначае “акно”.
Упершыню ў летапісах Іказнь узгадваецца ў 1499 годзе, калі сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега набыў гэтыя землі за 200 коп грошаў. У 1502 годзе Іван Сапега стаў намеснікам браслаўскім, а 25 сакавіка 1504 года Аляксандр даў яму дазвол на заснаванне тут замка і мястэчка. Таксама ён даў прывілей на адкрыццё карчмы ў Браславе, з умовай каб прыбытак ад яе пайшоў на пабудаву ў Іказні храма. Іван Сапега быў у Рыме з пасольствам, сустракаўся з папай Аляксандрам VI і ўзяў благаславенне на пабудову храма. У Рыме Іван Сапега далучыўся да Фларэнтыйскай царкоўнай уніі. У Іказні ён пабудаваў уніяцкі храм Святога Духа, які быў адкрыты і для каталікоў, і для праваслаўных.
На востраве на возеры Іказнь Іван Сапега збудаваў замак. У 1515 годзе ён трымаў абарону ад маскоўскага войска, мястэчка Іказнь тады было спалена. Замак аднавіўся і зноў трымаў абарону ад маскоўскіх войскаў ўжо падчас Лівонскай вайны, у 1561 годзе.
Пасля Сапегаў, праз брак Ганны Сапежанкі з князем Пронскім, Іказнь адышла да Пронскіх. Потым тут уладарылі Стаброўскія, Сіняўскія, а потым зноў Пронскія-Пуслоўскія. У канцы 16 стагоддзя Леў Сапега выкупіў гэтыя землі і вярнуў іх да роду Сапег. 6 чэрвеня 1593 года Леў Сапега даў фундуш на пабудову тут касцёла. Ён запрасіў сюды іезуітаў для заснавання школы і шпіталя, а таксама даў ім дзве вёскі — Мілевічі і Шакялеўшчыну.
Замак пры Льве Сапеге быў адноўлены, з поўначы і ўсходу былі зроблены мураваныя сцены з валуноў і цэглы, з заходняга боку сцены былі драўляныя, а на поўдні быў пагорак з глінянай сцяной і драўлянай вежай. З берагам замак звязваўся разборным мастом. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-67 гадоў замак неаднаразова трымаў абарону і быў моцна пашкоджаны ў баях і маскоўскімі, і шведскімі войскамі. Канчаткова знішчаны ён быў падчас Паўночнай вайны, калі мястэчка і замак былі спалены войскам Агінскіх – апанентаў Сапег. Трэба адзначыць, што гэтая вайна на нашых землях мела рысы грамадзянскай: частка шляхты патрымлівала Карла ІІ, а іншая частка – Пятра І.
С сярэдзіны 18 стагоддзя Іказнь страціла стратэгічнае значэнне. Тагачасны канцлер Аляксандр Міхал Сапега прадае маёнтак. Тут пачынаюць уладарыць Рудаміны-Дусяцкія, Шчыты, Лапацінскія, Ромары. У 1800 годзе Іказнь пераходзіць да старасты браслаўскага Бужынскага. На той час тут было 50 двароў і 163 жыхары, стаяла карчма, млын, касцёл, уніяцкая царква.
Летам 1812 года ў Іказні была галоўная кватэра імператара Аляксандра І, але французскае войска хутка наступала і ён з’ехаў адсюль. Падчас гэтай вайны паселішча таксама было спалена і моцна пацярпела.
Напрыканцы 19 стагоддзя ў Іказні было каля 500 жыхароў, стаяў драўляны касцёл. У гэтым касцёле хрысцілі Генрыха Дмахоўскага, які быў паўстанцам у 1831 годзе, а пазней стаў знакамітым скульптарам. Пасля паўстання ён іміграваў, у Амерыцы працаваў пад псеўданімам Генры дэ Сандэрс, стварыў бюсты Вашынгтона, Касцюшкі, Джэферсана для будынка кангрэса ў Вашынгтоне.
У 1905 годзе на месцы старога касцёла пачалося будаўніцтва новага мураванага храма. Касцёл быў асвечаны ў 1912 годзе ў гонар Божага Цела. Будынак мае рысы неараманскага стылю, ягоныя сцены дэкараваны ўзорамі з бутавага камення.
У 1948 годзе храм быў зачынены і пераўтвораны ў зернесховішча, алё ўвесь інтэр’ер і абсталяванне касцёла былі не кранутыя. У 1980-х гадах нехта з мясцовых залез у касцёл, выразаў з алтара старажытны абраз і прадаў яго. Абраз да гэтага часу не знойдзены і не вернуты ў касцёл.
З 1917 года ксяндзом у тутэйшым касцёле быў Міхал Буклярэвіч, які вёў імшы выключна на беларускай мове. У 1919 годзе ён узняў сялянскае паўстанне супраць бальшавікоў. Калі паўстанне задушалі і ксяндза схапілі, ён быў расстраляны разам з сястрой. Прыхажане пахавалі іх каля касцёла, але магіла была зруйнавана, а ўжо ў 1990-я тут быў пастаўлены новы помнік.
У 1905 годзе ў Іказні была пабудавана царква, якую асвяцілі ў гонар Мікалая Цудатворца.
У 1966 годзе царква была зачынена і пераўтворана пад склад. У той час старажытныя абразы і царскую браму з царквы забралі ў Віцебск. З 1990-х гадоў храм зноў дзейнічае, зараз у ёй адбываецца рамонт. Мясцовыя вернікі неаднаразова звярталіся ў Віцебск, каб вярнуць царкоўныя рэліквіі, але пакуль не дамагліся гэта зрабіць.