Гэтае паселішча вядома з сярэдзіны 16 стагоддзя, калі тут уладарылі шляхцічы Манеўскія, а потым Станкевічы. Тады гэта было сяло, цэнтр маёнтка, недалёка на рацэ Пціч быў млын. У 1600 годзе Ігнацічы набываюць Халецкія, назова роду якіх паходзіць ад маёнтка Хальч на Гомельшчыне. У пачатку 18 стагоддзя Ганна Халецкая пабралася шлюбам з Альбрэхтам Радзівілам і Ігнацічы аддалі за ёю у пасаг. Тут было тады 2 двары, пражывала 16 жыхароў, быў панскі дом і карчма на шляху.

У Радзівілаў Ігнацічы ўзяў у арэнду шляхціч Калячынскі, пазней ён выкупіў маёнтак. Калі дачка Калячынскага Соф’я пабралася шлюбам з Уладзімірам Ельскім, то за ёю ў пасаг бацька аддаў Ігнацічы, а іншым сваім дзецям выдаў грашовую кампенсацыю за іх долю.

Уладзімір Ельскі прапагандаваў цвярозы лад жыцця. Калі ён пачаў гаспадарыць у Ігнацічах, то ліквідаваў самагонаварэнне і зачыніў усе бровары ў наваколлі. Уладзімір Ельскі пражыў у Ігнацічах 6 гадоў, а ў 1863 годзе прыняў удзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Пасля паразы паўстання ён быў арыштаваны і сасланы ў Чэлябінск. Пасля высылкі разам з сястрой Ізабэлай ён паехаў жыць да сяброў у Варшаву. Доўгі час ў Ігнацічах ніхто не жыў, жонка Уладзіміра — Соф’я здавала іх ў арэнду. Але вось нарэшце іх сын Вільгельм Ельскі пасля вадровак па Еўропе ў 1891 годзе вярнуўся ў Ігнацічы і застаўся тут на сталае жыццё.

Вільгельм Ельскі скончыў сельскагаспадарчы інстытут у Галле (Германія). Ён ўваходзіў у Менскую суполку сельскай гаспадаркі. У Ігнацічах ён выводзіў семена новых раслін і за гэта на выставе 1912 года атрымаў срэбны медаль. Галоўнай раслінай, якую ён даследваў, быў люпін.

У пачатку 20 стагоддзя Вільгельм Ельскі да старога драўлянага сядзібнага дома дабудаваў цагляны палац у стылі барока. Архітэктарам будынка быў Ігнацій Урублеўскі. Гэты двухпавярховы будынак раней меў вытанчаны чатырохскатны дах з люкарнай, які быў страчаны за савецкім часам.

Таксама за савецкім часам, у 1960 годзе, згарэў стары драўляны дом, які з заходняга боку прымыкаў да палаца. У тыя часы ў будынках сядзібы быў інтэрнат для дзяцей-сірат. Зараз будынак палаца закінуты і ніяк не выкарыстоўваецца.

Калісьці столь ў палацы была выкладзена мазаікай, стаялі кафельныя печы, была карцінная галерэя з творамі еўрапейскіх мастакоў. Пасля Першай Сусветнай вайны Вільгельм Ельскі нават хацеў стварыць у Менску музей са сваіх работ. Але не паспеў гэтага зрабіць і памёр у 1919 годзе, а калекцыя была разрабавана.

На захадзе ад палаца стаіць флігель-афіцына. У часы Ельскіх гэты будынак выкарыстоўвала прыслуга, таксама ў будынку былі вялікія падвалы, дзе захоўвалі прыпасы.

Пры Ельскім у маёнтку было шмат гаспадарчых пабудоў, многія з якіх не перажылі савецкія часы. Вільгельм Ельскі разводзіў пародзістах коней і кароў. Тут у яго былі две стайні для арабскіх скакуноў і кароўнік на 700 галоў.

Да нашых дзён захавалася старая сіласная вежа з цэглы. Сілас з вежы ў стаўні і кароўнікі паступаў па спецыяльным транспарцёры.

Таксама да нашых дзён дайшоў цагляны будынак амбара, які па знешнім выглядзе нечым нагадвае будынак флігеля.

Вакол палаца быў разбіты шыкаўны парк. Вільгельм заўмаўся вырошчваннем экзатычных дрэў, тут раслі лісцвенніцы і пр. Зараз парк зарос і нагадвае лес, але з’яўляецца помнікам прыроды. Палову парку займалі гадавальнікі руж. У 1913 годзе ў Ігнацічах было 490 відаў руж. Акрамя таго тут было 16 відаў бэзу і каля 250 найменняў дрэваў.

Раней на ўездзе ў сядзібу стаяла брама са старожкай. На двух брамных слупах былі фігуры мядзведзяў, які трымалі ў лапах герб Ельскіх.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: