Назова гэтага паселішча мае балцкае паходжанне, але сэнс гэтага слова невядомы.

Ідолта вядома з 16 стагоддзя як уласнасць Рудамінаў-Дусяцкіх, а ў 1667 годзе гэта была ўласнасць шляхціча Штока. У дакументах Ідолту называлі таксама і “маёнтак Дубрава”, магчыма з-за незразумелай назовы. У пачатку 18 стагоддзя тут ужо ўладарылі Сапегі. Аляксандр Сапега аддаў у заклад Ідолту разам з іншым сваім маёнткам Сар’я смаленскаму падстолію Мікалаю Александровічу. Але пазней Сапегі, якія недалёка адсюль у Друі мелі рэзідэнцыю, захавалі за сабой маёнтак. Сапегі кіравалі Ідолтай да 1824 года, калі ў іх яе не набыў суддзя ковенскага земскага суда Іосіф Мілаш.

Ягоны сын Яўген, які ўладарыў у Ідолце пасля бацькі, вырашыў пабудаваць тут палац. Палац пачалі будаваць у сярэдзіне 19 стагоддзя і скончылі недзе да 1860 года. Фасад аднапавярховага палаца ўпрыгожвае порцік з балконам, палац мае класічныя рысы.

Пад палацам былі створаны вялікія сутарэнні для захавання прыпасаў. Палац быў пастаўлены ў нізіне, таму вакол яго былі выкапаны каналы і шлюзы для асушэння і быў пасаджаны шыкоўны парк. Ад палаца шла вялікая ліпавая алея, ад якой захавалася рэшткі.

Па адной з легенд, у сажалцы ў парку ўтапіўся малалетні сын Яўгена. Побач з гэтым месцам ён загадаў зрабіць насып у форме крыжа. Зараз заўважыць гэты холм даволі цяжка.

Недалёка ад палаца былі пастаўлены і гаспадарчыя пабудовы. Да нашых дзён захавалася лядоўня, а таксама свіраны, пабудаваныя з бутавага камення і цэглы, ўпрыгожаныя разынкавай муроўкай.

У 1862 годзе на паўвостраве возера Ідолта Яўген Мілаш пабудаваў капліцу-пахавальню роду Мілашаў. Кажуць, ён вельмі сумаваў аб сваёй памерлай жонцы Эміліі. Пазней у капліцы быў пахаваны і сам Яўген, і ягоныя нашчадкі. Капліца выконвала і ролю касцёла, тут ішлі імшы.

За савецкім часама капліца была разрабавана, труны з пахаваннямі Мілашаў былі выкінуты. Кажуць, што два першыя камсамольцы, якія даставалі і разбівалі труны, у тым жа годзе загінулі ў выніку няшчасных выпадкаў. Пасля гэтага ў капліцы быў зроблены склад угнаенняў. У 1990-я гады капліцу вярнулі вернікам, зараз на святы ў ёй праходзяць набажэнствы.

Пасля смерці Яўгена Мілаша Ідалта адышла да ягонай малодшай дачкі Ядзвігі. Ядзвіга пабралася шлюбам з шляхцічам Іжынскім, але ўжо назаўтра пасля вяселля адправіла яго прэч. Пасля гэтага Ядзвіга ўсё жыццё так і пражыла адна, кіравала тут гаспадаркай.

Два старэйшыя сыны Яўгена Мілаша Іосіф і Эўгэніюш Мілашы вучыліся ў Францыі. Эўгеніюш Мілаш пасля гэтага скончыў акадэмыю ваеннага права ў Пецярбурзе і стаў ваенным пракурорам. Дзеля кар’еры яму прапанавалі перайсці ў праваслаўе, але ён адмовіўся, вярнуўся з Пецярбургу і жыў у гэтых мясцінах. Памёр ён у 1908 годзе і быў пахаваны ў капліцы роду Мілашаў. Старэйшы сын Іосіф Мілаш быў ваенным і жыў у Пецярбурзе, даслужыўся да ротмістра ўланскага палка імператарскай гвардыі. Калі  ён выйшаў у адстаўку, то вярнуўся ў Ідолту і пачаў кіраваць тут гаспадаркай.

Уладары Ідолты Мілашы былі родзічамі французскага паэта Оскара Мілаша, які дарэчы нарадзіўся у Чарэі на Віцебшчыне. Таксама яны з’яўляюцца родзічамі пісьменніка, лаурэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. У сваім творы “Пошук айчыны” Чэслаў піша пра сваіх продкаў, ўзгадвае Яўгена Мілаша з Ідолты, аб якім захаваліся самыя добрыя ўспаміны ў ягоных сялян.

Ідолта стаіць на беразе возера Ідолта, якое мае 2 кіламетры ў даўжыню і да 13 метраў у глыбіню. Возера яшчэ называюць Мілашоўскім, таму што праз мост па ім магчыма трапіць у вёску Мілашова, якая з’яляецца радзімай роду Мілашаў.

1 красавіка 1873 года ў Мілашове было адкрыта народнае вучылішча, лес на яго пабудову даў Яўген Мілаш. Гэты будынак згарэў і на ягоным месцы ў 1906 годзе быў пабудаваны новы драўляны будынак школы, які захаваўся да нашых часоў. Гэтую школу скончыў доктар і дзеяч нацыянальнаг рух Язэп Малецкі. Гэтую школу таксама скончылі ксёндз Пётр Просты, Яўген Аніська, які ў Вільні выдаваў часопіс “Золак”, савецкі генерал-лейтэнант Іосіф Санкоўскі.

У 1937 годзе на поўдні ад вёсак Ідолта і Мілашова распачалі будаўніцтва касцёла. Ён быў асвечаны ў 1943 годзе ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Будынак касцёла мае рысы стылю мадэрн, гэта адзіны касцёл у такім стылі на Беларусі. “Брат-блізнец” гэтага касцёла знаходзіцца на поўначы Італіі.

Касцёл будаваўся пад кіраўніцтвам ксяндза Станіслава Эліаша. Перад самай вайной ён быў схоплены ўладамі і закатаваны ў турме ў Беразвеччы ля Глыбокага. На дабудову касцёла быў накіраваны ксёндз Балеслаў Грамс. Падчас вайны ён дапамагаў і партызанам, і арміі Краёвай. За гэта ён быў схоплены карнікамі і забіты. Абодва ксяндзы былі пахаваны людзьмі ля касцёла.

Фота: Kisterny Kiryl