У Беларусі некалькі вёсак з назовай Грушаўка, але гэтая самая старажытная і знакамітая з іх. Вёска вядома з 16 стагоддзя як уласнасць Радзівілаў. А ў 1551 годзе Барбара Радзівіл дорыць Грушаўку Міхалу Залесскаму. Вядома, што з 1567 года тут уладарыў шляхціч Шлягер, а з другой паловы 17 стагоддзя Грушаўка стала ўласнасцю слонімскага земскага судзі Стэфана Бруханскага. У 1693 годзе ён памёр і Грушаўка зноў патрапіла да Радзівілаў.
У Радзівілаў Грушаўку набыў мазырскі скарбнік Міхал Рэйтан, прадстаўнік старажытнага роду ўласнага гербу Рэйтан. З 1705 года тут пачаў уладарыць ягоны сын Дамінік Рэйтан, які на ўскрайку Грушаўкі пабудаваў палац. Дамінік Рэйтан быў наваградскім падкаморым. У Дамініка Рэйтана было 10 дзяцей. Старэйшы сын Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся ў 1740 годзе ў Грушаўцы. Яму па спадчыне ад бацькі і перайшоў маёнтак.
У красавіку 1773 года ў Варшаве мусіў адбыцца сойм, на якім дэлегаты павінны былі падцвердзіць Першы падзел Рэчы Паспалітай. Ад Наваградскага ваяводства на сойм быў адпраўлены Тадэвуш Рэйтан. Ён і ягоныя аднадумцы Самуіл Корсак, Станіслаў Багушэвіч і іншыя на сойме выступілі супраць ганебнага рашэння. Чацвёра сутак яны не пакідалі залы паседжанняў і не выпускалі адтуль паслоў, а ўрэшце рэшт Тадэвуш Рэйтан лёг у дзвярах са словамі “Пераступайце мяне, тапчыце мяне, але не тапчыце дзяржаву”. Гэты момант вядомы мастак Ян Матэйка адлюстраваў на сваім знакамітым палатне, а Адам Міцкевіч уславіў земляка ў паэме “Пан Тадэвуш”. Так Тадэвуш Рэйтан стаў сапраўдным героям айчыны, а чатырохгадовы сойм 1792 года абвясціў яго дзеянні “узорам для пераймання”.
Пасля прыняцця соймам рашэння аб Падзеле Рэчы Паспалітай Тадэвушу Рэйтану у Варшаве было немагчыма сумна і балюча, браты забралі і прывезлі яго на радзіму, у Грушаўку. Тут ён пражыў 5 апошніх гадоў свайго жыцця, ён хварэў і загінуў (па некаторых звестках) ад няшчаснага выпадка. Памёр Тадэвуш Рэйтан 8 жніўня 1780 года. Спачатку яго пахавалі ў Ляхавіцкім касцёле, а калі касцёл стаў царковой – родзічы перапахавалі яго на ляхавіцкіх могілках. Зараз дакладная магіла героя невядома. У сярэдзіне 19 века ў Грушаўцы хацелі паставіць помнік Тадэвушу Рэйтану, помнік быў ужо адліты, але пасля паўстання 1863 года ўлады не дазволілі ставіць помнік і ён быў усталяваны ў Кракаве. У 1990-я гады недалёка ад капліцы-пахавальні роду Рэйтанаў быў пастаўлены мемарыяльны валун у гонар Тадэвуша Рэйтана.
У час Тадэвуша Рэйтана у Грушаўцы ўжо стаяў палац з флігелямі. У правым мураваным флігелі пры Рэйтанах быў архів, а таксама менавіта ў гэтым будынку правёў свае апошнія гады Тадэвуш Рэйтан. За польскім часам будынак старанна захоўваўся як “мураванка Тадэвуша Рэйтана”, а вось за савецкім часам у ім зрабілі лазню, а потым будынак прышоў у заняпад. Дзякуючы гісторыку Дзмітрыю Юркевічу зараз гэты будынак,як и весь сядзибны комплекс, пачынаюць аднаўляць.
У Тадэвуша Рэйтана дзяцей не было і Грушаўка перайшла ягоным родным братам Антону і Станіславу, а потым ягонаму пляменніку – Дамініку Рэйтану. У 1812 годзе Дамінік Рэйтан далучыйся да арміі Напалеона, каб з дапамогай яго аднавіць незалежнасць Рэчы Паспалітай. Напалеон загадаў Юзафу Панятоўскаму абраць шэсць лепшых вайскоўцаў для працы ў генеральным штабе арміі, у гэты лік трапіў і Дамінік Рэйтан. Пасля вайны з Напалеонам ён быў амніставаны, служыў у расійскай арміі, а ў 1833 годзе быў нават узнагароджаны двума крыжамі. Пасля Дамініка ў Грушаўцы ўладарыў ягоны сын Сцяпан Рэйтан.
У 1864-76 гадах у Грушаўцы неаднаразова бываў Напалеон Орды і зрабіў малюнак мясцовага палаца. Аднапавярховы будынак палаца ў класічным стылі з вальмавым дахам меў чатырохкалонны порцік з франтонам:
Грушаўка доўгія гады была галоўнай рэзідэнцыяй роду Рэйтанаў. Апошнім уладаром Грушаўкі з роду Рэйтанаў быў унук Дамініка Юзаф Рэйтан. На мяжы 19 і 20 стагоддзяў ён разабраў стары драўляны палац і на тых жа падмурках пабудаваў новы драўляны палац. Палац у стылі “драўлянай віллы” захаваўся да нашых дзён. Раней у палацы была карцінная галерэя, бібліятэка с рэдкімі рукапісамі і кнігамі і пакой, прысвечаны Тадэвушу Рэйтану з ягонымі асабістымі рэчамі. У міжваенны час, 1920-х гадах Рэйтаны перадалі гэтыя рэчы кракаўскаму музею Чартарыйскіх. У доме быў вадаправод, каналізацыя, электрычнае асвятленне. Вядома, што Юзаф Рэйтан меў аўтамабіль, на якім ў 1909 годзе Юліза Ажэшка разам з гаспадаром прыехала ў госці да Тадэвуша Бохвіца ў Паўлінава.
У Грушаўцы ў Рэйтанаў была добрая гаспадарка. З тых часоў захавалася нямала розных гаспадарчых пабудоў.
У заходнім баку ад палаца захаваліся рэшткі аранжарэі. Недалёка ад яе магчыма пабачыць і рэшткі лядоўні, пабудаванай з вялікіх камянёў.
Ва усходнім напрамку ад палаца стаяў бровар. Ён быў узарваны ў 1970-х гадах і зараз магчыма пабачыць толькі рэшткі будынка бровара.
Недалёка ад яго стаіць невялікі будынак, які выкарыстоўваўся як прыёмник спірту.
У паўднёвым баку ад палаца магчыма пабычыць прыгожыя будынкі стайняў. Яны былі пабудаваны ў 1909 годзе нямецкімі інжынерамі.
На усход ад іх знаходзіцца сажалка, за якой стаіць драўляны будынак гумна 19 стагоддзя. Раней такіх будынкаў тут было тры. Драўляны будынак гумна такога ўзроста ў нечым унікальны, бо іншых аналагаў у Беларусі не захавалася.
Палац і іншыя пабудовы сядзібы абкружае невялікі парк. У ім захаваліся рэдкія віды дрэў, напрыклад самы высокі ў Беларусі кіпарыс гарохаплодны, а таксама экзэмпляры туі заходняй, белай акацыі. Праз парк да палаца вядзе вялікая алея, абсаджаная клёнамі і конскімі каштанамі.
Юзаф Рэйтан быў у шлюбе з Алінай Гарцінг. Дзяцей у іх не было, але яны бралі на выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак, давалі ім адукацыю, дзяўчынак выдавалі замуж з добрым пасагам. Юзаф Рэйтан памёр у 1910 годзе, ён хварэў на сухоты. Ён быў апошнім з роду па мужчынскай лініі, над ягонай труной па традыцыі зламалі меч. Грушаўка перайшла да ягонага пляменніка Генрыха Грабоўскага – сына Марыі Рэйтан і Аляксандра Грабоўскага.
Генрых на ўскраўку Грушаўкі ва ўрочышчы Дубы пабудаваў капліцу-пахавальню, куды перанеслі труну з целам Юзафа Рэйтана. Пазней тут былі пахаваны іншыя прадстаўнікі роду, на мармуровых плітах былі звесткі пра кожнага з іх, была таксама сімвалічная пліта і ў гонар Тадэвуша Рэйтана. За савецкім часам пліты былі зламаны і вывезены, а капліца была разрабавана. Капліца лічыца адным з найбольш прыгожых і гарманічных неагатычных будынкаў у нашай краіне.
Фота: Kisterny Kiryl, Savochka Oleg