На Беларусі шмат населеных пунктаў з назовай Гарадзішча – гэта значыць, што раней у такіх месцах былі ўмацаваныя паселішчы. Мясцовае гарадзішча знаходзіцца крыху на захад ад мястэчка, ва ўрочышчы Гарадок. Яна знаходзіцца на беразе ракі Сэрвач, раней таксама было абкружана ірвом. Гарадзішча адносяць да культуры штрыхаванай керамікі. У 1950-70-х гг. раскопкі тут праводзілі розныя археолагі, у тым ліку і спецыялісты з Масквы. Большасць знаходкі было вывезена ў Мінск.
Ёсць меркаванне, што першая сталіца Вялікага княства літоўскага знаходзілася не ў Наваградку, а ў легендарным горадзе Варута. Аляксандр Ельскі меў меркаванне, што Варута знаходзілася менавіта тут, на гэтай гары каранаваўся Міндоўг.
Упершыню ў летапісах Гарадзішча ўзгадваецца ў 1413 годзе як велікакняжацкі маёнтак. У другой палове 15 стагоддзя вялікі князь Казімір перадаў Гарадзішча за паслугі Сямёну Бельскаму.
Па мясцовых легендах яшчэ з 15 стагоддзя на ўскрайку Гарадзішча з боку шляха на Наваградак стаяла невялікая каталіцкая капліца. За польскім часам, у 1920-я гады яна была адноўлена і стаіць на гэтым месцы і па сённяшні дзень.
У 1501 годзе вялікі князь Аляксандра падарыў Гарадзішча сваёй жонцы Алене. Потым тут уладарылі Неміровічы. Дарэчы ў 1506 годзе каля Гарадзішча Юрый і Андрэй Неміровічы разбілі татар і ўзялі ў палон шэсць татарынаў. З тых даўніх часоў у Гарадзішчы жывуць і татары. Адна з вуліц спрадвеку мела назову Татарскай, гэтая вуліца вядзе да старажытных татарскіх могілак.
У 1551 годзе Ян Неміровіч атрымаў дазвол на пабудову тут замка і заснаванне мястэчка з гандлёвай плошчай. С сярэдзіны 16 стагоддзя Гарадзішча пераходзіць да роду Хадкевічаў. У 1567 гозе тут уладарыла Соф’я Хадкевіч, якая са сваіх уладанняў ставіла 70 коннікаў у войска Вялікага княства Літоўскага. Пазней тут уладарылі таксама Карыцкія, Гастомскія, Зяновічы, Керлы.
У 1612 годзе ў Гарадзішчы была пабудавана вялікая сінагога. Будынак стаяў да савецкіх часоў, калі ў ім зрабілі клуб, але неўзабаве быў прызнаны аварыйным і разабраны. Захавалася ягонае фота пачатку 20 ст.
Па чутках сінагогу вырашылі разабраць з канкрэтнай мэтай. Адной з мясцовых жыхарак прыйшло пісьмо, дзе была інформацыя, што ў сцяне сінагогі схавана золата яўрэйскай абшчыны. Падчас Айчыннай вайны яўрэі сапраўды маглі схаваць золата ад немцаў, якія занялі мястэчка і зрабілі тут гета. Знайшлі ці не знайшлі гэтае золата –дакладна невядома, але будынак бый разабраны да падмуркаў.
У 1640 годзе ваяводай Янам Камінскім была пабудавана уніяцкая царква. Ён заснаваў тут уніяцкі манастыр і запрасіў манахаў-базылян з Монтэ-Касіна. Гэтыя будынкі згарэлі пад канец 18 стагоддзя. А ў 1740 годзе Антаніна Замойская запрасіла сюды іезуітаў і перадала ім 10000 злотых на заснаванне тут іезуіцкай місіі.
Напрыканцы 18 стагоддзя на месцы старога уніяцкага храма быў пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі барока. Ён быў асвечаны у гонар Маці Божай Ружанцовай.
Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў перададзены праваслаўным. У 1864 годзе ён быў перабудаваны, наверсе былі пастаўлены купалы. У 20-х гадах храм зноў стаў каталіцкім. За савецкім касцёл быў зачынены і пераўтвораны ў склад, тут захоўвалі хімікаты. З пачатку 1990-х храм вярнулі вернікам, многія мясцовыя жыхары прынеслі ў храм абразы, якія яны ўратавалі па хатах з часу закрыцця касцёла. У касцёле праходзіла рэстаўрацыя, падчас яе быў знойдзены склеп з пахаваннямі манахаў ці фундатараў касцёла.
А вось у 1764 годзе на старых праваслаўных могілках ў Гарадзішчы з’явілася Крыжаўздзвіжанская царква. За польскім часам, у 1922 годзе будынак быў адноўлены і перабудаваны ў стылі народнага дойлідства, з тых часоў царква ніколі не зачынялася. Каля царквы стаіць невялікая драўляная званіца, якая датуецца сярэдзінай 19 стагоддзя.
У канцы 18 стагоддзя мястэчка атрымала дазвол на правядзенне двух кірмашоў на год. Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай Гарадзішча ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі. З 1795 года мястэчка стала цэнтрам воласці Наваградскага павета.
У гэты час Гарадзішча належала роду Пацаў. Людзвіг Пац прымаў удзел у вайне 1812 года на баку Напалеона, камандваў эскадронам лёгкай конніцы. У Гарадзішчы на левым беразе ракі Сэрвач Людзвіг Пац пабудаваў сядзібны дом з гаспадарчымі пабудовамі, заклаў парк. Усе гэтыя будынкі да нашага часу не дайшлі.
Людзвіг Пац прымаў удзел і ў паўстанні 1831 года, пасля паразы паўстання ён быў вымушаны іміграваць, а Гарадзішча было канфіскавана ў казну.
У 1863 годзе ў Гарадзішчы было адкрыта народнае вучылішча. У 1866 годзе тут было каля 4500 жыхароў, дзейнічаў цагляны завод, бровар, на гандлёвай плошчы стаяли крамы. На той час тут жыло шмат яўрэяў, было пяць малітоўных дамоў і вялікая сінагога. Да нашых часоў захаваліся некаторыя пабудовы гандляроў і рамеснікаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.
Падчас Першай Сусветнай вайны тут быў імператар Мікалай ІІ, калі ехаў да сваёй стаўкі ў Баранавачы. Каля Гарадзішча па раке Сэрвач праходзіла лінія фронту, ішлі моцныя баі. Мястэчка моцна пацярпела падчас іх, многія будынкі былі разбураны. На ўскрайку мястэчка каля вёскі Кісялі з тых часоў захаваліся нямецкія могілкі.
За польскім часам Гарадзішча было цэнтрам гміны Наваградскага павета. Тут быў маторны млын, электрастанцыя, калбасны цэх і буйнейшае прадпрыемства – фанерны завод. У 1937 годзе на мясцовым фанерным заводзе абдылася вялікая забастоўка рабочых.
Падчас Айчыннай вайны недалёка ад Гарадзішчы немцы зрабілі гета. З кастрычніка 1941 года тут былі забіты каля 4000 мясцовых жыхароў, у асноўным яўрэі. Гета было першым на Беларусі, дзе адбыліся масавыя забойствы. Таксама на поўдзень ад Гарадзішча немцамі быў створан Калдычайскі лагер смерці, дзе загінулі больш за 22000 мірных жыхароў. У 1964 годзе на гэтым месцы быў усталяваны мемарыяльны знак, а ў 2007 годзе на месцы пахавання ахвяр з’явілася мемарыяльная арка.
З 1940 года Гарадзішча было гарадскім пасёлкам, цэнтрам раёна. Гэты статус яно страціла ў 1962 годзе, калі ўвайшло ў склад Баранавіцкага раёна. З тых часоў захаваўся будынак райвыканкама ў стылі сталінскага ампіра.
Фота: Kisterny Kiryl