Існуе версія, што назова гэтага паселішча походзіць ад прозвішча Гайцюн.

Упершыню ў летапісах Гайцюнішкі ўзгадваюцца ў 1512 годзе і належалі яны тады земскаму маршалку Мікалаю Янавічу Кіжгайлу.

Потым тут уладарыў трокскі ваявода Ян Янавіч Забярэзінскі, а ў 1551 годзе Гайцюнішкі сталі ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай і вялікага княза Літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста.

У сярэдзіне 16 стагоддзя Жыгімонт ІІ Аўгуст падараваў Гайцюнішкі Лукашу Ленскаму. Той пабудаваў тут карчму, а таксама з дазволу караля паставіў мост на раке Жыжма.

Пад канец 16 стагоддзя ў Вільню прыехалі фламандскія архітэктары браты Станіслаў і Пятро Нонхарты. У 1590 годзе за паслугі перад краінай у ваенны час яны атрымалі падцверджанне сваёй шляхетнасці ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Пятро Нонхарт вырашыў застацца ў Рэчы Паспалітай і парадніўся з родам Падбярэзінскіх. У 1611 годзе яго назначылі загадчыкам усіх каралеўскіх збудаванняў у Вільні і Жыгімонт ІІІ Ваза перадаў яму ва ўласнасць Гайцюнішкі.

На той час у Гайцюнішках ужо быў драўляны палац і некалькі драўляных гаспадарчых пабудоў, але Пятро Нонхарт вырашыў будаваць тут новы мураваны дом. З 1611 па 1613 гады Пятро Нонхарт разам са сваім сябрам галандцам Ван Дадэнам пабудаваў мураваны “дом-крэпасць” ці “замэчак”.

Дом быў здольны доўга трымаць абарону ад ворагаў. Таўшчыня сцен складала каля 1,5 метраў, у падвале быў калодзеж для забеспячэння вадой. На першым паверсе былі каморы і казарма для гарнізона, а шляхецкія пакоі месціліся на другім і трэцім паверсе. З кожнага пакоя былі праходы да адной з чатырх вежаў з байніцамі.

“Замэчак” быў абнесены земляным валам і ровам з вадой, увакол была таксама цэлая сістэма сажалак, якая перашкаджала весці гарматны абстрэл будынка. Дарэчы падчас Паўночнай вайны за сценамі замка трымалі абарону шведы ад саксонскага войска і паспяхова яе вытрымалі.

У Пятро Нонхарта была адзіная дачка Зюзанна. Калі ў 1633 годзе Пятро памёр, то дачка недалёка ад дома пабудавала кальвінскі збор, у ягонай крыпце і быў пахаваны Пятро Нонхарт. Пазней у скляпеннях збора хавалі і іншых прадстаўнікоў роду Нонхартаў. Збор праіснаваў да 1949 года, калі сюды прывезлі салдат з загадам разбіраць храм на цэглу. Але неўзабавае адзін з салдат упаў у скляпенні і разбіўся, а працы вырашылі спыніць. Так да нашых дзён дайшлі рэшткі сцен кальвінскага збора.

Пасля смерці Нонхарта ўвесь сямейны скарб роду перайшоў да ягонай дачкі Зюзаны, якая пабралася шлюбам з наваградскім ваяводай Юрыем Храптовічам. Сын Зюзаны і Юрыя – Адам быў наступным уладаром Гайцюнішак. Потым Гайцюнішкі трапілі да шляхцічаў інфлянцкага паходжання – роду Шрэтэраў. Пэўны час у Гайцюнішках жыў Іаган Шрэтэр – знакаміты тагачасны мастак.

Пасля Шрэтэраў тут уладарылі Путкамеры. У госці да Марыі Верашчакі – жонкі графа Путкамера ў Гайцюнішкі заязджаў Адам Міцкевіч. Па чуткам менавіта мясцовы “замэчак” стаў праводбразам месцаў Гарэшкава і Сапліцова ў паэме “Пан Тадэвуш”.

Пасля Путкамераў у Гайцюнішках уладарылі шляхцічы Фундэр Остэн Сакеры, а потым шляхцічы Рымшы. Яны паставілі тут шмат гаспадарчых пабудоў: бровар, млыны, стайні. Да нашых дзён з тых часоў захаваўся будынак стайні, які быў пабудаваны ў 1912 годзе.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: